Былому міліцыянту далі 1,5 года «хіміі» за каментар у групе «Таракан вусаты»


Васіль Глушакоў у судзе.
Фота: Белсат

На 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі («хіміі») асудзілі ў Віцебску 58-гадовага інжынера Васіля Глушакова. Суд Чыгуначнага раёну прызнаў яго вінаватым у абразе прадстаўнікоў улады – двух міліцыянтаў Дубровенскага РАУС (арт. 369 КК). Рашэнне аб пакаранні прыняла суддзя Алена Грабянчук.

Паводле абвінавачання, 7 лютага 2021 года Глушакоў напісаў нібыта зняважлівы каментар у групе «Таракан вусаты» ў сацсетцы «Одноклассники» – пад здымкам міліцыянтаў, якія «рызыкуючы жыццём і здароўем», канфіскоўвалі ў Дуброўне паветраныя балонікі. Сваю віну мужчына прызнаў і раскаяўся.

У маладосці Васіль Глушакоў сам служыў у міліцыі. У 1986 годзе, як супрацоўніка Кастрычніцкага РАУС, яго камандзіравалі ў Чарнобыль. Мужчына перанёс аперацыю на шчытападобнай залозе. Цяпер ён працуе інжынерам капітальнага будаўніцтва на адным з віцебскіх прадпрыемстваў. Ад адваката на працэсе адмовіўся.

ЗК/МГ belsat.eu

Стужка навінаў