Праз інцыдэнт на «Палессеэлектрамашы» загінуў рабочы


Праз выкід расплаўленага металу на «Палессеэлектрамашы» загінуў рабочы, яшчэ адзін пацярпеў. Справу накіравалі ў суд, паведамляе пракуратура.

Будынак «Палессеэлектрамашу».
Фота: rotor.brest.by

«Згодна з матэрыяламі справы, у верасні 2021 года плавільшчыкі металу на загрузнай платформе пры адкрытым люку падкідалі шыхту ў печ з распаленым металам, што забаронена. Акрамя таго, на іх не было спецвопраткі. Пры выкананні работаў адбыўся фізічны выбух масы расплаўленага металу, у выніку чаго працоўныя праз неасцярожнасць атрымалі апёкі, ад якіх адзін з іх сканаў, а другі атрымаў траўмы», – гаворыцца ў паведамленні.

У пракуратуры лічаць, што, нягледзячы на ​​названыя вышэй парушэнні, начальнік змены дапусціў работнікаў прадпрыемства да працы, не забяспечыў асабістага кантролю за правільнасцю, парадкам і паслядоўнасцю выканання такіх працаў, выкананнем патрабаванняў аховы працы і працоўных інструкцыяў.

Абвінавачваны пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах. У Лунінцы 19 верасня мінулага года адбыўся выкід расплаўленага металу. У выніку пацярпелі двое рабочых – 40 і 50 гадоў.

 

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў