«Яны застаюцца ў пекле». Што трэба ведаць пра абарону «Азоўсталі»


Гурт «Kalush Orchestra» ў фінале «Еўрабачання» са сцэны звярнуўся да міжнароднай супольнасці з просьбай дапамагчы абаронцам «Азоўсталі». Пасля гэтага ў інтэрнэце пошукавыя запыты са словамі «Азоўсталь» і «Марыупаль» узляцелі да нябёсаў – многія пачулі пра гэтую праблему ўпершыню. Belsat.eu сабраў галоўныя факты пра абарону «Азоўсталі», якая трывае ўжо больш за два месяцы і стала адной з самых страшных і адначасова гераічных старонак расейска-ўкраінскай вайны.

Як «Азоўсталь» стаў апошнім асяродкам супраціву ў Марыупалі

Марыупаль трапіў у аблогу 3 сакавіка. Горад няспынна бамбілі і абстрэльвалі расейскія войскі. За час баявых дзеянняў, паводле ацэнак мясцовых уладаў і абаронцаў гораду, у Марыупалі загінулі 20–25 тысяч цывільных. Толькі ў выніку расейскага авіяўдару па драматычным тэатры ў Марыупалі 16 сакавіка маглі загінуць каля 600 асобаў (у будынку хаваліся каля 1000 цывільных).

У сакавіку яшчэ захоўвалася магчымасць падтрымліваць абаронцаў Марыупалю пры дапамозе авіяцыі – верталёты ноччу перавазілі боепрыпасы і харчаванне, а таксама забіралі параненых. Але ў красавіку расейцы шчыльней самкнулі кола вакол гораду. 5 красавіка над Марыупалем былі збіты 2 украінскія верталёты Мі-8. Забяспечваць абаронцаў гораду ў новых умовах стала немагчыма. Байцы 36-й брыгады марской пяхоты пайшлі на прарыў, але ён быў няўдалы – частка з іх здалася ў палон, а частка далучылася да байцоў палка «Азоў» на тэрыторыі камбінату «Азоўсталь».

Пажар на заводзе «Азоўсталь» пасля бамбавання. Марыупаль, Украіна.
Фота: Polk_Azov / Twitter

21 красавіка міністр абароны РФ Сяргей Шайгу паведаміў прэзідэнту Уладзіміру Пуціну аб узяцці Марыупалю расейскай арміяй. Але «Азоўсталь» захапіць расейцы так і не змаглі. Пуцін загадаў Шайгу не ісці на штурм камбінату, а заблакаваць прамысловую зону, «каб муха не праляцела».

Пры гэтым «Азоўсталь» аказаўся не толькі месцам крывавых баёў, але і прытулкам для мірных жыхароў. Рэч у тым, што пасля студзеня 2015 года, калі Марыупаль упершыню абстралялі расейскія войскі, камбінат мэтанакіравана рыхтавалі для таго, каб ратаваць мірных жыхароў і абараняць сам завод ад захопу. Сістэмы камунікацыяў і бамбасховішчы былі прыведзеныя ў гатоўнасць, падрыхтаваныя адпаведныя інструкцыі. На выпадак вайны кіраўніцтва «Азоўсталі» стварыла пастаянна абнаўляны запас прадуктаў і вады. Сваякі працаўнікоў камбінату і проста мясцовыя жыхары ведалі пра гэта, таму, калі пачалася абстрэлы і аблога Марыупалю, сталі хавацца ў бамбасховішчах «Азоўсталі».

Станам на сярэдзіну красавіка там было каля тысячы мірных жыхароў. Дзякуючы намаганням украінскіх уладаў, ААН і Чырвонага Крыжа ўсе яны былі вывезеныя з камбінату, пра завяршэнне гуманітарнай аперацыі было абвешчана 7 траўня.

Гісторыі
За 2000 гадоў да Марыупалю: ТОП-3 найбольш гераічных абаронаў гарадоў у гісторыі
2022.04.19 17:24

Чаму «Азоўсталь» пераўтварыўся ў крэпасць

Камбінат «Азоўсталь» гістарычна быў самым магутным металургічным прадпрыемствам Украіны. Праз свае маштабы яго называлі «горад у горадзе»: на 24 лютага 2022 года там працавалі больш за 10 тысяч асобаў.

«Азоўсталь» ствараўся яшчэ ў савецкія часы, а тады пры ўсіх металургічных камбінатах будавалі таксама бамбасховішчы. На «Азоўсталі» іх першапачаткова было 36. 34 бамбасховішчы працягвалі існаваць на пачатку расейскага ўварвання – агулам яны былі разлічаныя на 12 тысяч асобаў, сцвярджае кіраўніцтва прадпрыемства.

Жыхары Марыупалю, якія хаваюцца на заводзе «Азоўсталь». Крыніца: focus.ua

Акрамя таго, на «Азоўсталі» ў савецкія часы былі пабудаваныя бетонныя тунэлі – у асноўным 2-3 метры ў шырыню і вышыню. Прычым танелі гэтыя месцяцца на рознай вышыні.

«Гэта як шматпавярховік пад цэхам зарыты. І ўсё гэта ў бетоне», – тлумачыў у інтэрв’ю «Настоящему времени» кіраўнік камбінату «Азоўсталь» Энвэр Цкітышвілі. Сумарная даўжыня падземных тунэляў – больш за 5 км.

Акрамя таго, «Азоўсталь» з трох бакоў аточаны вадою: з двух бакоў – морам, з аднаго – ракой. Гэта таксама аблягчае абарону тэрыторыі камбінату.

Атакаваць такія пазіцыі апрыёры вельмі складана – гэта непазбежна мусіць прывесці да вялізарных стратаў з боку атакоўцаў.

А з увагі на гераічны супраціў украінскіх вайскоўцаў, «Азоўсталь» фактычна пераўтварылася ў непрыступную крэпасць. Вораг нават быў гатовы выкарыстаць супраць абаронцаў камбінату хімічную зброю – пра гэта 11 красавіка публічна заявіў прадстаўнік народнай міліцыі «ДНР» Эдуард Басурын. Але на гэтае ваеннае злачынства расейцы ўсё ж не пайшлі.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра хімічную зброю і пагрозу яе выкарыстання ва Украіне
2022.04.12 18:32

«Час канчаецца»

«Азоўсталь» стаў апошнім асяродкам украінскага ўзброенага супраціву ў Марыупалі, сапраўдным сімвалам мужнасці і гераізму.

Завод цяпер абараняюць байцы палка «Азоў» Нацыянальнай гвардыі Украіны. Таксама там ваююць іншыя нацгвардзейцы, паліцэйскія, марскія пяхотнікі і памежнікі. Сярод абаронцаў камбінату на пачатку траўня было мінімум 5 беларусаў.

Расея рэгулярна наносіць па «Азоўсталі» масіраваныя авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары, у тым ліку з выкарыстаннем карабельнай артылерыі. Ёсць звесткі, што расейцы таксама ўжывалі боепрыпасы з белым фосфарам, хаця яны забароненыя дадатковым пратаколам да Жэнеўскай канвенцыі 1949 года.

Нягледзячы на заяву Пуціна 21 красавіка, расейскія падраздзяленні неаднаразова арганізоўвалі атакі на тэрыторыю заводу, у тым ліку пры дапамозе танкаў. Але ўзяць штурмам камбінат расейскія вайскоўцы так і не змаглі.

Сілы абаронцаў імкліва слабеюць: яны нясуць вялікія страты, а папаўненняў атрымаць не могуць. Украінскія ўлады канстатуюць, што на сённяшні дзень дэблакаваць «Азоўсталь» немагчыма – для гэта ў ЗСУ не стае сілаў і сродкаў.

Паводле ацэнкі віцэ-прэм’еркі Украіны Ірыны Вэрэшчук, на «Азоўсталі» цяпер застаюцца каля 1000 вайскоўцаў. Іх становішча пагаршаецца з кожным днём. Абаронцы «Азоўсталі» засталіся практычна без вады, ежы, лекаў і належнай медычнай дапамогі. На тэрыторыі заводу шмат параненых – паводле некаторых звестак, да 600.

«Час канчаецца. Кожная хвіліна, кожная гадзіна – гэта жыцці хлопцаў… Вельмі шмат цяжкапараненых, якім там немагчыма аказаць належную дапамогу. Хлопцы гніюць жыўцом», – распавяла ў эфіры «Белсату» жонка аднаго з байцоў «Азову» Вольга.

8 траўня байцы «Азову» заявілі, што ў іх фактычна скончыліся рэсурсы для эфектыўнай абароны. 10 траўня тэлеграм-канал падраздзялення апублікаваў здымкі параненых абаронцаў «Азоўсталі» (некаторыя з іх былі з ампутаванымі канечнасцямі) і заклікалі ўвесь цывілізаваны свет дапамагчы з эвакуацыяй.

Пытанне эвакуацыі

Абаронцы «Азоўсталі» не разглядаюць магчымасці здачы ў палон, бо ўпэўнены, што расейцы не будуць выконваць міжнародных абавязкаў абыходжання з ваеннапалонным. Варта разумець, што расейская прапаганда сістэматычна дэгуманізуе байцоў палка «Азоў». Расейскія СМІ называюць іх «нацысцкім батальёнам» і прыпісваюць міфічныя ваенныя злачынствы. Супраць байцоў «Азову» ў Расеі распачатая крымінальная справа.

Прадстаўнікі «Азову», у прыватнасці, спасылаюцца на выпадак, калі адзін з украінскіх вайскоўцаў трапіў у палон у Марыупалі: спачатку ён з’явіўся ў прапагандысцкім роліку расейцаў, а потым ягоная маці атрымала паведамленне аб ягонай смерці.

«Яны не здадуцца ў палон, бо расейцы іх заб’юць», – кажа жонка аднаго з байцоў «Азову» Юлія Фэдасюк журналістам.

Такім чынам, абаронцы «Азоўсталі» гатовыя пагадзіцца толькі на эвакуацыю. Прапаноўваецца, напрыклад, такі варыянт: украінскія байцы будуць перамешчаныя ў нейтральную краіну, дзе застануцца да канца вайны. Такім чынам Расея атрымае гарантыю, што азоўцы не будуць супраць іх ваяваць, а самі байцы застануцца жывыя.

Параненыя абаронцы «Азоўсталі» ў Марыупалі, Украіна.
Фота: kztsky / Instagram

У прыватнасці, такой нейтральнай краінай магла б стаць Турцыя. Паводле лідара крымскататарскага народу Мустафы Джэмілева, прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган двойчы прапаноўваў Пуціну вывезці абаронцаў Марыупалю морам у Стамбул, дзе б яны і засталіся да канца вайны. Але Крэмль настойвае, што вайскоўцы мусяць здацца ў палон.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што для выратавання ўкраінскіх вайскоўцаў на «Азоўсталі» прыцягнутыя ўплывовыя пасярэднікі і дзяржавы. Але пакуль расейскі бок не пагаджаецца ні на адзін з прапанаваных варыянтаў эвакуацыі, канстатаваў 10 траўня Зяленскі.

Жонкі байцоў «Азову», у сваю чаргу, вядуць актыўную інфармацыйную кампанію дзеля падтрымання сваіх мужоў, робяць усё, каб прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці да іхнага лёсу. 11 траўня жонкі нацгвардзейцаў Кацярына Пракапенка і Юлія Фэдасюк сустрэліся з Папам Рымскім. Пазней сваякі азоўцаў таксама звярнуліся да лідараў Кітаю і Турцыі з просьбай паспрыяць выратаванню абаронцаў «Азоўсталі». «Яны застаюцца ў пекле», – заявіла жонка байца «Азову» Наталля Зарыцкая 16 траўня на прэс-канферэнцыі ў Стамбуле.

Вечарам 16 траўня «Reuters» апублікавала фатаграфіі аўтобусаў з украінскімі вайскоўцамі, якія пакідаюць «Азоўсталь». Агенцтва «Reuters» паведаміла са спасылкай на сваю крыніцу, што 10 аўтобусаў выехалі з заводу «Азоўсталь», аднак невядома, ці эвакявалі на іх параненых украінскіх вайскоўцаў і куды. Украінскае вайсковае кіраўніцтва таксама афіцыйна нічога не агучвала.

Пазней стала вядома, што з «Азоўсталі» гуманітарным калідорам вывезлі ў больніцу Новаазоўску ў так званай «ДНР» 53 украінскіх цяжкапараненых вайскоўцаў. Яшчэ 211 эвакуявалі праз гуманітарны калідор у акупаваную Аленаўку. Іх плануюць вярнуць на падкантрольную Украіне тэрыторыю паводле працэдуры абмену. Зяленскі ў вечаровым звароце: «Українські герої потрібні Україні живими».

РР belsat.eu

Стужка навінаў