Расейцы выкрадалі пародзістых жывёлаў з Украіны. Мэйн-куна Макса знайшлі ў Беларусі, а дзе аўчарка Мітчэл?


На акупаваных тэрыторыях Украіны расейскія акупанты кралі не толькі грошы, каштоўнасці ды разнастайную тэхніку. Некаторыя падчас марадзёрства кладуць вока і на пародзістых жывёлінаў.

Гісторыя са шчаслівым канцом

Днямі стала вядома, як беларускія валанцёры дапамаглі вярнуць украінскім гаспадарам мэйн-куна з мянушкай Макс. Кот разам з гаспадарамі жыў у сумнавядомай Бучы, якая стала адным з сімвалаў генацыду расейцаў супраць украінцаў. Калі пачалася вайна, гаспадары разам з паўтарагадовым сынам выехалі ў Жытомір, спадзеючыся неўзабаве вярнуцца ў Бучу па Макса ды рэчы. Але іхны дом захапілі, і вяртацца не было куды. Акупанты паставілі ў двары БТР, вырылі ўздоўж плоту акоп.

Мэйн-кун Макс.
Фота: dumskaya.net

Калі пасля вызвалення гаспадары здолелі вярнуцца ў Бучу, дом быў разбураны і разрабаваны. Мэблю сапсавалі, распісалі брыдкаслоўем, павыкідалі пад дзверы асабістыя рэчы з шафаў. А вось ката Макса на месцы не было. Пошукі плёну не давалі.

Аднойчы Алене, гаспадыні ката, патэлефанавалі праз «Viber» з беларускага нумара. Як выявілася, Макса знайшлі ў Гомлі, куды ён, відаць, трапіў разам з расейскімі войскамі. Дапамагло тое, што на шыі ката быў кулон з тэлефонам гаспадароў.

Беларускія валанцёры дапамаглі зрабіць Максу новы ветэрынарны пашпарт і чып, каб яго можна было вывезці за мяжу. Пасля гэтага мэйн-куна перадалі польскім валанцёрам. Разам з прабачэннямі за ўчынкі Лукашэнкі. Цяпер схуднелы і пастрыжаны кот уз’яднаўся з сямʼёй у Чэхіі.

«Ён дагэтуль у шокавым стане, бо за два месяцы яго ўмовы жыцця кардынальна змяніліся. Цяпер ён знаходзіцца на лячэнні, у яго панічныя атакі і гіпертрывожнасць», – распавяла «Белсату» гаспадыня ката Алена.

Аднаго сабаку застрэлілі, другі знік

Але не ўсім выкрадзеным жывёлінам так пашчасціла. Некаторых гаспадары працягваюць шукаць. Пасля навінаў пра шчаслівае выратаванне Макса ў рэдакцыю «Белсату» звярнулася Ірына з сяла Бліставіца Бучанскага раёну.

Яна разам з сям’ёй прабыла ў акупацыі 14 дзён. За гэты час адну іх машыну разбілі артылерыяй, другую, пагражаючы зброяй, проста забралі вайскоўцы РФ. Заставалася адна машына. На ёй 9 сакавіка ўся сямʼя (9 чалавек, 2 каты і 2 маленькія сабачкі) паспяхова выехалі з занятай расейцамі тэрыторыі. А вось два дарослыя сабакі не змясціліся ў машыну, таму ім пакінулі шмат корму і вады.

Нямецкі аўчарка Мітчэл. Фота даслала гераіня матэрыялу

Вярнуўшыся ў пачатку красавіка, гаспадары знайшлі ў двары труп аднаго сабакі. Магчыма, яго застрэлілі: на ганку была лужына засохлай крыві і дзірка. А вось нямецкая аўчарка Мітчэл знікла.

«Сабаку, які ім не спатрэбіўся, яны проста забілі. Ён быў беспародным, але таксама любімым», – распавяла «Белсату» Ірына.

Мітчэла ж, на думку гаспадароў, скралі. Разам з ім знікла і ягоная амуніцыя, цацкі, міскі да ашыйнікі.

«Відавочна, што вайскоўцы РФ кралі пародзістых жывёлінаў», – мяркуе гаспадыня.

На ейную думку, Мітчэл, як раней і мэйн-кун Макс, мог таксама апынуцца ў Беларусі. Яму пяць гадоў. На грудзях маленькая белая плямка. На правай пярэдняй назе – невялікая плямка-залысінка. Калі хтосьці бачыў падобнага сабаку, просім звярнуцца да «Белсату» праз нашую старонку ў тэлеграме.

Рэпартаж
«Каты і кава». Паглядзелі, як жывёлы дапамагаюць аднаўляцца харкаўчанам
2022.05.05 19:53

ПС belsat.eu

Стужка навінаў