Перспектывы аўтарынку: рост цэнаў і пераарыентацыя на ўжываныя аўты з Кітаю і Карэі


Беларускі аўтарынак з пачатку года значна змяніўся. Расейскае ўварванне ва Украіну і санкцыі з боку краінаў Захаду прывялі да рэзкага скарачэння ў продажы новых машынаў і росту цэнаў на ўжываныя аўтамабілі. Аўтаэксперты ў размове з «Белсатам» кажуць, што пакуль немагчыма прадказаць, як будзе выглядаць сітуацыя на гэтым рынку ў найбліжэйшай перспектыве.

Аўтамабілі «Škoda» на паркоўцы дылера. Менск, Беларусь, 24 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Пасля расейскага ўварвання ва Украіну аўтарынак апынуўся ў іншай рэчаіснасці. Аўтаэксперты мусілі прызнаць, што ранейшыя прагнозы, якія дазвалялі казаць пра развіццё гэтага рынку, страцілі актуальнасць. Заходнія буйныя вытворцы аўтамабіляў адмовіліся не толькі працаваць, але і нават пастаўляць сваю прадукцыю на расейскі рынак. Пры гэтым беларускі аўтарынак на 90 % залежыць ад расейскага.

Адна з самых адчувальных зменаў ужо цяпер – імклівы рост цэнаў. Аўтаэксперты кажуць, што цэны выраслі адразу ж на 30–50 %.

«Цэны на аўтарынку істотна павялічыліся. Тыя аўтамабілі, што раней каштавалі каля тысячы долараў, цяпер прадаюць нават за 1,5 тысячы долараў ЗША. Гэта калі казаць пра ўжываныя аўтамабілі. Людзі, якія набылі машыну ў 2020 годзе ці летась, сёння могуць прадаць яе нават даражэй, чым набылі. Гэта даволі добрая сітуацыя для іх. Кошты на ўжываныя машыны выраслі, бо даражэйшымі сталі і новыя аўты. Калі раней «Volkswagen liftback» можна было набыць у добрай камплектацыі за 13 тысяч долараў ЗША, то цяпер гэты аўтамабіль каштуе каля 20 тысяч», – распавёў «Белсату» на ўмовах ананімнасці эксперт у галіне аўтарынку.

Імклівы рост цэнаў на аўтамабільным рынку абумоўлены тым, што цяпер востра не стае аўтамабіляў.

«У некаторых дылераў сёння машынаў наагул няма. Тая ж «Toyota» зусім без прапановаў. У некаторых толькі адзінкавыя аўты ў продажы. Таму некаторым дылерам сёння лепей падняць маржынальнасць, то бок спрабаваць зарабіць як мага больш з адной машыны, а не прадаць як мага болей, бо ў наяўнасці аўтамабіляў няма. Адсюль і рост цэнаў у салонах, бо дылерам таксама трэба плаціць падаткі, заробкі», – кажа аўтаэксперт.

Hавiны
Мэр Масквы хоча рабіць электрамабілі «Масквіч»
2022.05.16 10:50

А ў сітуацыі, калі новыя машыны падаражэлі, вынікам стаў рост цэнаў на ўжываную тэхніку.

«Любы ўласнік трохгадовага аўта глядзіць на цану новай машыны і адштурхоўваецца ад гэтага. У выніку чалавек, які тры гады таму набываў новы аўтамабіль за 13 тысяч долараў, цяпер прадае яго нават за 15 тысячаў. Паколькі новы цяпер, як вялося вышэй, каштуе каля 20 тысяч. Аналагічна мяркуе і ўласнік аўта, якому 7 гадоў. Ён яго прадае цяпер за 10 тысяч. І гэтак далей. У выніку цэны паднялі ўсе».

Пры гэтым, паводле аўтаэксперта, танныя машыны цяпер у Беларусі набываюцца і прадаюцца даволі кепска. І зусім адваротная сітуацыя з новым аўтамабілямі, што выстаўляюцца на продаж. Праўда, набываюць іх не беларусы.

«Расейцы цяпер выграбаюць у нас усё, што ёсць. Тым больш што курс долара і еўра ў Расеі добры. Яны нейкім чынам прыдумалі, як набываць валюту, і выграбаюць усё. Можна сказаць, што сёння аўтарынак толькі і жыве за кошт гэтага. Свежыя аўты едуць у Расею, а ўжываныя сталі даражэйшымі», – кажа аўтаэксперт.

Новый мост на Немиге в Минске
Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Белсат

Што чакае аўтарынак у Беларусі?

Суразмоўцы «Белсату» на пытанне пра будучыню беларускага аўтарынку толькі разводзяць рукамі. Эксперты звяртаюць увагу, што цяпер вельмі шмат навінаў і розных захадаў у справе наладжвання паставак аўтамабіляў у нашую краіну. Цяпер, кажа аўтаэксперт, некаторыя спрабуюць наладжваць пастаўкі ўжываных аўтамабіляў з Карэі, бо гэтая краіна не надта актыўна далучылася да санкцыяў. Вядома, што ўжо цяпер карэйская прадукцыя, даволі неблагая паводле якасці, замяшчае некаторыя тавары, што пастаўляліся ў Беларусь з краінаў Захаду. Ідзецца галоўным чынам пра касметыку.

Магчыма, праз некаторы час у беларусаў зʼявіцца магчымасць набываць і кітайскія ўжываныя аўтамабілі.

«Паступова ў нас пачнецца эпоха кітайскіх ужываных аўтамабіляў, бо з Кітаем прасцей разлічвацца. Кожны шукае нейкую камбінацыю. Існуе інфармацыя, што тыя ж «Toyota» будуць завозіць да нас праз шэры імпарт за кошт таго ж самага Кітаю. Я маю на ўвазе не толькі беларускі рынак, але і расейскі. Таму нехта нешта шукае, робяцца нейкія высілкі, але які будзе вынік – прадказаць проста немагчыма. Думаю, што мы ўсё ж будзем з машынамі, але якія гэта будуць аўты і за якія цэны – пакуль ніхто не ведае», – кажа аўтаэксперт.

Аналітыка
Усе чакалі праблемаў, але не такіх. Як працуе і што прапаноўвае беларуская транспартавая галіна
2022.04.14 09:00

Беларускі аўтапарк не найгоршы ў Еўропе

Паводле аўтамабільных экспертаў, пасля магчымай стабілізацыі на аўтарынку адбудзецца і перафарматаванне нашага аўтапарку. Сёння ж, калі аналізаваць аўтапарк Беларусі ў цэлым, нашая краіна падобная да Іспаніі, Партугаліі.

«Людзі ў гэтых краінах ездзяць на такіх жа машынах, што і беларусы. Там новых аўтамабіляў можа нават і меней, чым у нас. Пытанне тут хіба толькі стану, бо там патрабаванні тэхагляду даволі жорсткія. Адпаведна, машыны там аўтаўладальнікі трымаюць у належным стане. А ў нас сапраўды вельмі шмат «карчоў» на дарогах, а гэта сапраўды праблема. Але ў цэлым сітуацыя не вельмі і кепская ў параўнанні з той жа Албаніяй, Сербіяй. Мы яшчэ пакуль не ў самым заняпадзе. Але часам на дарогах можна сустрэць аўтамабілі ў жахлівым стане. Гэта вынік патрабаванняў з боку дзяржавы, бо аўтаўладальнікі могуць толькі заплаціць штраф і ездзіць далей», – кажа аўтаэксперт.

Агулам сёння беларусам стала не толькі даражэй набыць аўтамабіль, але нават яго абслугоўванне стала таксама патрабаваць нашмат большых сродкаў. Праз санкцыі і адсутнасць лагістыкі цэны на аўтазапчасткі выраслі ў некалькі разоў. Гэты момант таксама ў перспектыве адаб’ецца на стане ўжываных аўтамабіляў, бо трымаць машыну ў належным тэхнічным стане будзе не кожнаму па кішэні.

Hавiны
«Renault» спыняе вытворчасць аўтамабіляў у Расеі
2022.03.24 15:21

Мікалай Каткоў, belsat.eu

Стужка навінаў