Першы дзень працы кнігарні «Кнігаўка». Крытыка Азаронка і ператрус пасля абеду


Сёння з незвычайным поспехам і ўвагай адбылося адкрыццё сталічнай кнігарні «Кнігаўка». Спачатку на адкрыццё прыйшлі прапагандысты Азаронак і Гладкая, а пасля абеду ў памяшканні адбыўся ператрус, паведамляюць крыніцы выдання «Наша Ніва».

Кнігарня «Кнігаўка».
Фота: januskevic.books / Instagram

Кнігарня «Кнігаўка» была адкрыта сталічным выдавецтвам «Янушкевіч». Стала вядома, што раніцою на адкрыццё прыходзілі прапагандысты Гладкая і Азаронак. Абодва ў абуральнай форме выказваліся аб змесце прадстаўленых кніг. Асаблівым чынам яны непакоіліся наяўнасцю кніг на беларускай мове. Абодва ва ўласных тэлеграм-каналах выказалі неразуменне, як уладальнікі кнігарні наважыліся мець выданні на беларускай мове і з беларускім зместам.

Пасля абеду ў кнігарню прыйшлі з ператрусам. Крыніцы «Нашай нівы» мяркуюць, што напад прапагандыстаў быў заказаны сілавікамі. Падрабязнасці аб прычынах ператрусу і затрыманых пакуль адсутнічаюць.

Нагадаем, што кнігарня адкрылася 16 траўня па адрасе вул. Змітрука Бядулі, 6 у Менску. Установу адчыніла выдавецтва «Янушкевіч» для распаўсюду беларускамоўнай літаратуры.

З пачатку мінулага году дзяржаўныя органы пачалі пераслед беларускіх выдавецтваў.

  • У студзені 2021 году Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва.
  • У чэрвені выдавецтва атрымала паведамленне пра магчымасць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.
  • 22 сакавіка стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч» папрасілі тэрмінова вызваліць офіс у Менску.
  • Нядаўна была прыпынена дзейнасць незалежных выдавецтваў «Лімарыус», «Кнігазбор», «Галіяфы», «Мэдысонт».

Фармальнай падставай стала парушэнне «тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з паведамленнем аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў».

ЗХ belsat.eu

 

Стужка навінаў