Генерал Бэранз: «Правал пад Харкавам – гэта параза Расеі»


Афіцыйны Кіеў заявіў, што ЗСУ перайшлі ў контрнаступ у Харкаўскім кірунку і нават часткова выйшлі да дзяржаўнай мяжы з Расейскай Федэрацыяй. Былы камандуючы Узброенымі сіламі Вялікай Брытаніі сэр Рычард Бэранз адзначыў, што правал расейскіх войскаў пад Харкавам ёсць прадвеснікам паразы Расеі ў вайне, паведамляе ВВС.

Корпус расейскай ракеты, пастаўлены ў якасці помніку каля будынку Харкаўскай адміністрацыі. Харкаў, Украіна. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Харкаў – адзін з найбольшых гарадоў Украіны, да вайны там жылі 1,4 млн жыхароў. Пасля пачатку вайны горад быў у аблозе і частка жыхароў мусіла выехаць ці хавацца ў метро. Расейскія вайскоўцы анансавалі захоп гораду праз тыдзень пасля пачатку вайны. Цяпер сілы ЗСУ перайшлі ў контрнаступ на гэтым кірунку.

Генерал Бэранз адзначыў, што няздольнасць Расеі захапіць Харкаў варта расцаніць як прадвеснік паразы для краіны.

«Гэта была занадта вялікая задача для расейскіх вайскоўцаў. Іх войскі не мелі дастатковай колькасці жаўнераў, не мелі дастаткова волі і навыкаў, каб захапіць Харкаў», – заявіў Бэранз.

Вайсковец адзначыў, што праз тое, што расейцы затрымаліся на ўскраінах гораду, яны сталі лягчэйшай мішэнню для актыўнай і паспяховай украінскай контратакі. Расейцам прыйшлося змяніць фокус наступу і пераарыентавацца на Данбас.

Hавiны
Брытанская выведка: Расея выводзіць свае падраздзяленні з Харкаўскай вобласці
2022.05.12 10:39

Аднак Бэранз сказаў, што няўдача Расеі каля Харкава не азначае, што расейскае ўварванне раптам скончыцца найбліжэйшым часам. На думку генерала, войскі РФ будуць засяроджвацца цяпер на Данбасе і каля Луганскай вобласці.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў