Фінляндыя і Швецыя рыхтуюцца ўступіць у NATO. Што гэта дасць і хто будзе супраць


Швецыя і Фінляндыя, якія яшчэ нядаўна прытрымліваліся поўнага нейтралітэту, ужо на наступным тыдні могуць падаць афіцыйныя заяўкі на ўступленне ў Арганізацыю Паўночнаатлантычнай дамовы – NATO. «Белсат» разбіраўся з экспертамі, якія гэта можа мець наступствы.

Фінскі салдат кіруе браняваным транспарцёрам «Patria Pasi» падчас вучэнняў, 5 траўня 2022 года. Нійнісала, Фінляндыя.
Фота: Spc. Elizabeth Macpherson/U.S Ar / Zuma Press / Forum

Улады Фінляндыі завяршылі працу над дакладам аб уступленні ў NATO.

«Гэта гістарычны дзень. Адкрываецца новая эра. Шмат чаго адбылося з таго лютаўскага дня, калі Расея ўварвалася ва Украіну», – сказаў на прэс-канферэнцыі 15 траўня прэзідэнт Саўлі Нійністэ.

Раней міністр замежных справаў Фінляндыі Пэка Хаавіста 12 траўня заявіў, што Фінляндыя, хутчэй за ўсё, падасць заяўку аб уступленні ў NATO у сярэдзіне наступнага тыдня. Суседняя Швецыя плануе зрабіць аналагічныя крокі і прыкладна паводле таго ж графіку.

Фінскі знішчальнік F18 дэманструе перахоп транспартнага самалёта бельгійскіх ВПС, калі яны пралятаюць над Фінляндыяй, 14 студзеня 2020 года ў межаэ вучэнняў NATO для стрымлівання расейскіх самалётаў ад уваходу ў паветраную прастору хаўруснікаў. 14 лютага 2020 г.
Фота: JOHANNA GURUN / Reuters / Forum

«Мы спадзяемся, што сітуацыя на мяжы застанецца спакойнаю. Мы нічога не чакаем, але мы гатовыя да ўсяго», – сказаў Хаавіста.

Паводле звестак медыяў, урад Швецыі прыме афіцыйнае рашэнне падаць заяўку ўжо ў панядзелак, 16 траўня.

Раней прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ і прэм’ер-міністр Санна Марын заявілі, што сяброўства ў NATO ўмацуе бяспеку Фінляндыі.

Большасць фінаў упершыню выказаліся за ўступленне ў NATO менавіта пасля пачатку вайны ва Украіне. Паводле апытанняў, падтрыманне сяброўства ў Альянсе вырасла да 76 %. Акрамя таго, цяпер 84 % фінаў бачаць у Расеі значную вайсковую пагрозу. Да вайны толькі 20–25 % фінаў выступалі за далучэнне да NATO. У Швецыі аналагічныя захады падтрымліваюць 57 %, і гэта таксама значна больш, чымся было да агрэсіі Крамля супраць Украіны.

«Расея доўга казала, што неўступленне Фінляндыі і Швецыі ў ваенныя саюзы стабілізуе сітуацыю на Балтыцы. Але ў канцы мінулага года яна заявіла, што Фінляндыя і Швецыя не могуць уступіць у NATO. Мы са Швецыяй заставаліся пазаблокавымі на ўласнае жаданне, але Расея сваймі словамі дала зразумець, што ў нас не можа быць уласнай волі. Гэта было сур’ёзнаю зменаю, гэта прымусіла задумацца. І тое, што адбылося 24 лютага і дасюль працягваецца, жудасная вайна ва Украіне, цалкам змяніла карціну. Яны гатовыя напасці на суседнюю краіну. І калі пытаюць, як Расея паставіцца да ўступлення Фінляндыі ў NATO… Калі гэта здарыцца, то я б сказаў, што вы самі да гэтага прывялі. Паглядзіце ў люстэрка», – сказаў прэзідэнт Фінляндыі.

Расея пагражае наступствамі

Але ў Расеі глядзець у люстэрка не захацелі. Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што сяброўства Фінляндыі ў NATO станецца пагрозаю для Расеі. РФ правядзе «спецыяльны аналіз» пасля таго, як Фінляндыя далучыцца да Альянсу. Ён таксама дапусціў захады, каб «збалансаваць сітуацыю».

У сваю чаргу МЗС Расеі адзначыў, што «далучэнне Фінляндыі да NATO сурʼёзна нашкодзіць двухбаковым расейска-фінскім дачыненням, падтрыманню стабільнасці і бяспекі ў паўночнаеўрапейскім рэгіёне».

Расейскі бок палічыў намер Фінляндыі далучыцца да альянсу «радыкальнаю зменаю вонкавапалітычнага курсу краіны» ды паабяцаў распачаць крокі ў адказ «як вайскова-тэхнічнага, так і іншага характару».

Шведскія салдаты бяруць удзел у вайсковых вучэннях «Халодны адказ 2022». Эвэнэс, Нарвегія, 22 сакавіка 2022 года.
Фота: YVES HERMAN / Reuters / Forum

У тэлефоннай размове 14 траўня Уладзімір Пуцін папярэдзіў свайго фінскага калегу, што змена замежнапалітычнага курсу Хельсінкі можа негатыўна адбіцца на расейска-фінскіх стасунках. Аднак, са словаў фінскага прэзідэнта, рэакцыя Пуціна «цяпер была больш мяккая за ўсе папярэднія». Нійністэ мяркуе, прычына гэтага заключаецца, напрыклад, у тым, што заяўка Фінляндыі на сяброўства ў NATO ўжо настолькі прасунулася, што любое затрыманне не зменіць хады падзеяў.

У прыватнасці, ужо стала вядома пра спыненне паставак электраэнергіі з Расеі. Аднак фінскі аператар электралініяў «Fingrid» заявіў, што пагрозы дастатковасці электраэнергіі ў Фінляндыі няма. Паводле прадстаўніка кампаніі, «імпарт, якога не стае, можа быць скампенсаваны на рынку электраэнергіі за кошт імпарту большай колькасці электраэнергіі са Швецыі, а таксама часткова за кошт унутранай вытворчасці».

Таксама ў партыі «сапраўдных фінаў» папярэдзілі пра выкарыстанне мігрантаў на ўсходняй мяжы ў якасці зброі гібрыднага ўплыву. Мабыць, гаворка пра аналогіі з тым, як рэжым у Беларусі выкарыстаў мігрантаў супраць Польшчы ды краінаў Балтыі.

У NATO няма адзінства

Між тым сярод краінаў NATO адзінства адносна будучага сяброўства Швецыі і Фінляндыі няма. З аднаго боку, кіраўніка МЗС Латвіі, Літвы і Эстоніі лічаць, што ператварэння Балтыйскага мора ў тэрыторыю NATO умацуе бяспеку ў акваторыі, дый ува ўсёй Паўночнай Еўропе і Балтыі.

З другога – не бачыць у гэтым «пазітыву» прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. Паводле яго, скандынаўскія краіны – «гасцявы дом для тэрарыстычных арганізацыяў». Так ён называе чальцоў забароненай Анкарою Працоўнай партыі Курдыстану.

«Мы не можам глядзець на гэта станоўча», – сказаў Эрдаган.

Наколькі моцныя Швецыя і Фінляндыя?

Паводле Global Firepower Index 2022, Швецыя займае 25-ы радок сусветнага рэйтынгу арміяў, а Фінляндыя – 53-і. Дарэчы, Расея ў ім была на 2-й пазіцыі, Украіна – на 22-й, Польшча – 24-й, а Беларусь – 52-й. Паводле вынікаў гэтага года, рэйтынг, мабыць, варта перагледзець.

Пры складанні ўлічваліся такія паказнікі: колькасць войска, лагістычныя магчымасці, паліўныя рэсурсы, фінансавыя магчымасці, выдаткі на абарону і геаграфічнае становішча.

Агульнае насельніцтва дзвюх краінаў – амаль 16 мільёнаў чалавек. Гэта больш за трэць насельніцтва Украіны. Швецыя не мяжуе з Расеяй, а вось працягласць расейска-фінскай мяжы складае амаль 1272 кіламетры. Амаль як з Беларуссю.

Пры гэтым краіны NATO ўшчыльную наблізяцца да паўночнай сталіцы РФ: адлегласць ад Санкт-Пецярбургу да мяжы з Фінляндыяй наўпрост складае прыкладна 150 кіламетраў. Раней расейскія ўлады называлі скарачэнне часу падлёту да Масквы адною з пагрозаў уступлення ў NATO Украіны.

Усе ўспрымаюць Расею як беспасярэднюю пагрозу

Грыгорый Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных дачыненняў у эфіры «Студыі «Белсат» заявіў: праз тое, што ўсе ўспрымаюць Расею як беспасярэднюю пагрозу, нават праціўнікі яе ўступлення ў NATO не хочуць наўпрост казаць пра тое, што гэта памылка.

Ніжнікаў адзначыў: у адрозненне ад краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Фінляндыя і Швецыя цалкам гатовыя далучыцца да альянсу, і ім не трэба рэфармаваць сваіх арміяў ды цывільнай і ваеннай адміністрацыі да натаўскіх стандартаў. Галоўнае пытанне, паводле яго, – гэта ратыфікацыя ўступлення краінамі – сябрамі NATO, у тым ліку Турцыяй.

У сваю чаргу польскі вайсковы эксперт Павэл Флейшар лічыць, што далучэнне Фінляндыі і Швецыі да NATO азначала б узмацненне структуры Паўночнаатлантычнага альянсу. У каментары «Белсату» ён адзначыў, што гэтыя краіны ўжо даўно супрацоўнічаюць з NATO, іх прадстаўнікі прысутнічаюць пры штаб-кватэры ды аперацыйным камандаванні.

Флейшар нагадаў, што фіны маюць развітыя рэзервы асабістага складу ў складзе сваёй тэрытарыяльнай абароны: вялікая колькасць маладзёнаў, гатовых абараняць сваю краіну.

«З гэтай перспектывы фіны, як і шведы, надаюць дабаўленую вартасць Паўночнаатлантычнаму альянсу», – адзначыў эксперт.

Ці ёсць у Расеі рэсурс?

Далучэнне Фінляндыі і Швецыі абавяжа альянс да большага ўдзелу ў абароне гэтых краінаў. Напрыклад, у выпадку агрэсіі з боку Расеі. Іх далучэнне таксама можа прывесці да павелічэння ціску на Паўночнае вымярэнне абароны NATO, заявіў Павэл Флейшар.

Аднак, мяркуе Грыгорый Ніжнікаў, пытанне ціску Расеі ставіцца, хутчэй, у сярэднетэрміновай перспектыве:

«Ёсць сумневы наконт таго, ці ёсць у Расеі рэсурс, каб цяпер штось зрабіць падчас уступлення ў NATO. А тое, што, вядома, будуць размешчаныя нейкія расейскія войскі, будзе перанакіраванне расейскіх груповак на Фінляндыю, гэта ўсё разумеюць як свайго роду факт, які адбыўся. Гэта будзе адбывацца, да гэтага трэба рыхтавацца, рэагаваць».

Павэл Флейшар падкрэсліў, што правакацыі з боку РФ адбываюцца часта. Гэтак, ужо ў сёлета расейскія караблі падыходзілі да ўзбярэжжа Швецыі, што прывяло да «даволі энергічнай рэакцыі Стакгольму».

«Я не чакаю большага напружання з боку Расеі, чымся тое, што мы ўжо назіраем», – адзначыў польскі эксперт.

Танкі шведскай арміі ўдзельнічаюць у ваенных вучэннях пад назвай «Халодны адказ 2022». Сэтэрмуэнэ, Нарвегія, 25 сакавіка 2022 года.
Фота: YVES HERMAN / Reuters / Forum

А што Украіна?

Павэл Флейшар заявіў, што цяпер не назіраецца руху Узброеных сілаў РФ на паўночным кірунку. Яны па-ранейшаму сканцэнтраваныя ва Украіне і каля яе. Што датычыць супрацы магчымых новых чальцоў Альянсу з Украінаю, то яна ідзе ўжо цяпер. Найперш у пытаннях паставак узбраення і гуманітарнай дапамогі. Гэтак, ва Украіну ўжо былі пастаўленыя шведскія ручныя супрацьтанкавыя гранатамёты «Carl Gustaf».

На думку польскага эксперта, гэтая найбольш важная супраца будзе працягвацца. А вось чакаць чагосьці новага наўрад ці варта.

«Папярэдняй архітэктуры бяспекі ў Еўропе ўжо не існуе, бо Расея як яе элемент, які лічыўся гарантам і свайго роду стабілізатарам, у тым ліку ў Паўночнай Еўропе, яго ўжо няма. І знайсці яму замену будзе вельмі складана, пакуль не будзе развязанае пытанне са сканчэннем гэтай вайны і перагляду ролі Расеі ў рэгіёне», – падкрэсліў Грыгорый Ніжнікаў.

Пры гэтым эксперт не выключыў таго, што ў парадку паслаблення Расеі будзе ўзрастаць пагроза з боку Кітаю, які будзе вывучаць досвед Расеі і знаходзіць новыя слабыя месцы заходніх краінаў.

«Нас чакае вельмі доўгае супрацьстаянне. І як яно скончыцца, вельмі цяжка прадбачыць. Мы павінны быць да яго гатовыя. Для Захаду ўварванне Расеі сталася вельмі моцным званочкам пра тое, што трэба займацца гэтымі справамі ўшчыльную», – заявіў фінскі эксперт.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў