«Яны спрабуюць націснуць максімальна балюча». Як у жанчыны з Жодзіна хацелі забраць дзіця


Іна Чыжонак была ў той самай вядомай жодзінскай лазні 25 красавіка, калі туды ўварваліся сілавікі. Як «пакаранне» жанчыне далі 200 базавых велічынь штрафу. А самае страшнае – пагражалі забраць 12-гадовага прыёмнага сына.

Іна Чыжонак разам з сынам.
Фота: архіў гераіні

«Не трэба было хадзіць там, дзе не прасілі»

Усё пачалося 4 траўня, калі на працу да мужа Іны прыйшла прадстаўніца аддзелу кадраў. Яна заявіла, што ён мусіць падпісаць загад аб скасаванні дамовы. Мужчына працуе ў мясцовым аддзеле кадраў як бацька-выхавацель прыёмнай сям’і.

Справа ў тым, што сямʼя Чыжонкаў выхоўвала траіх дзяцей сірот. Старэйшыя ужо выраслі і вучацца, а малодшаму – 12 гадоў.

«Для мужа гэта быў вялікі шок! Ён пытае: у чым прычына? А яму адказваюць: а не трэба было шляцца там, дзе не прасілі», – прыгадвае Іна.

Прыёмных дзяцей Чыжонкі выхоўвалі з 2004 года, а малодшы сын пад іхнай апекай знаходзіцца з 3 гадоў. Раней да сямʼі не было аніякіх нараканняў. Наадварот – граматы і падзякі.

Hавiны
Дзевяцёх жодзінцаў асудзілі «за лазню» на 15–25 дзён арышту
2021.04.28 10:30

«Муж быў у стрэсе, спрабаваў высветліць, чаму з намі дамову разрываюць. Кажуць, што паступіла інфармацыя, маўляў, мы дрэнная сямʼі і кепска ставімся да дзіцяці. І ўжо на наступны дзень мусіць быць нарада, дзе і вырашаць, ці застанецца ў нас сын», – з болем у голасе прыгадвае Іна.

Народны рэзананс

Даведаўшыся пра сітуацыю, Іна вырашыла «падняць бучу». Яна напісала пра сваю сітуацыю ў жодзінскія Telegram-каналы, і апублікавала пост на сваёй старонцы ў Facebook.

«Пайшоў грамадскі рэзананс, я адчувала моцную падтрымку ад людзей. Знаёмыя і незнаёмыя людзі сталі пісаць лісты і званіць у аддзелы адукацыі, я запусціла петыцыю. Асаблівы ціск пачаўся на тых людзей, хто аддаў загад забраць майго дзіцёнка. Перадусім гэта тычылася Наталлі Сушко, галоўнай у Жодзіна па сацыяльнай сферы. Ёй пісалі SMS, званілі. Я разумела, што калі б не было гэтай падтрымкі, то дзіця ў мяне забралі б заўтра», – прызнаецца Іна.

Малодшы сын Іны.
Фота: архіў герояў

Муж напачатку быў супраць розгаласу. Але Іну пераканала сяброўка. Лік ішоў на гадзіны, і яна вырашыла, што пра ейную сітуацыю трэба крычаць. У выніку, такая стратэгія спрацавала. На наступны дзень, калі сямʼя Чыжонкаў прыйшла ў мясцовы аддзел адукацыі, ім сказалі, што аніхто дзіця забіраць нават не збіраўся. Жанчына адзначае, што пасля розгаласу некаторыя людзі, што ціснулі на ейную сямʼю нават спрабавалі адмовіцца ад сваіх словаў.

«Нам сказалі, што столькі водгукаў станоўчых на вашую смяю прыйшло! Сказалі, што калі сын так прывязаны да нас, то яны мусяць дзейнічаць толькі ў інтарэсах дзіцёнка. У выніку з намі скасавалі дамову прыёмнай сямʼі, але аформілі апеку. То-бок, атрымліваецца, што мы яму ўжо юрыдычна не бацькі. Звычайна апекунамі становяцца блізкія сваякі сірот, але зараз жа не да законаў», – тлумачыць Іна.

Яна кажа, што вельмі ўдзячная ўсім неабыякавым да лёсу ейнай сямʼі беларусам.

«Знакамітая беларуская салідарнасць уратавала нам дзіцёнка», – кажа Іна.

Вялікі стрэс для дзіцяці

Іна кажа, што з малодшым сынам у яе цудоўныя стасункі. Таму яны нічога не хавалі ад яго, распавялі, як ёсць.

«Сын плакаў першую ноч, хваляваўся, перажываў. Вельмі баяўся расстроіць мяне», – прыгадвае жанчына. – «У школе два дні аніхто да яго з якімі-небудзь пытаннямі не падыходзіў. А ўжо на трэці дзень, стала вядома што ён прыёмны. Раней гэта была таямніца. Аднак ён разумее, што я мусіла раскрыць праўду, каб ён застаўся з намі».

Іна кажа, што размаўляе з сынам пра палітычную сітуацыю ў краіне, і ён зразумеў, чаму матуля пайшла на такі крок. Але аднакласнікі адрэагавалі не вельмі з разуменнем.

Сын нашай гераіні.
Фота: архіў герояў

«Яны ўсе распытвалі, нават пры ім кавалкі з артыкулаў чыталі. Але ён упэўнены ў сабе, і нават не рэагуе на тое, што яму казалі. Хтосьці пытае: «Ты прыёмны?», ён адказвае «Так, ну і што?». Да сваёй «папулярнасці» ставіцца з іроніяй. Хоць яго нават прадавачкі пазнаюць у шапіках, шушукаюцца за спінаю», – гаворыць Іна.

Зараз нібыта нічога не было. Ён у настроі, усміхаецца, вельмі жыццярадасны. Жыццё ў сямʼі Чыжонак пакрысе наладжваецца. Яны збіраюць дакументы, каб аформіць апёку над сваім сынам і спадзяюцца, што больш іхную сямʼю аніхто не будзе турбаваць.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў