У Маскве на акцыі ў падтрымку асветніцтва затрымалі не менш за 20 чалавек


Акцыя ў падтрымку асветніцтва, якая праходзіла каля галоўнага будынку Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту, скончылася затрыманнямі.

Як піша «Медуза», праз абмежаванні на правядзенне масавых мерапрыемстваў акцыю арганізавалі ў фармаце сустрэчы з дэпутатам Дзярждумы ад КПРФ Валерыем Рашкіным. На акцыі прамаўлялі навукоўцы і асветнікі, якія выступаюць супраць закона аб дзяржаўным кантролі над асветніцкай дзейнасцю. Паводле розных ацэнак, у акцыі прынялі ўдзел ад 150 да некалькі сотняў чалавек.

Прыкладна праз паўгадзіны пасля пачатку акцыі пачаліся затрыманні. Паводле «Новай газеты», усяго былі затрыманыя мінімум 20 чалавек.

Як піша «Вот Так», Закон аб асветніцкай дзейнасці набудзе моц 1 ліпеня 2021 года. Яшчэ падчас яго падрыхтоўкі многія навукоўцы, выкладчыкі і культурныя дзеячы выступалі катэгарычна супраць яго прыняцця. Згодна з дакументам, асветніцкую дзейнасць, уключаючы чытанне навукова-папулярных лекцыяў, будзе кантраляваць урад. Урад таксама будзе выдаваць ліцэнзіі на занятак асветай. Законапраект абавязвае ВНУ атрымліваць заключэння Мінадукнавукі або Мінасветніцтва для пагадненняў аб міжнароднай супрацы.

Адклікаць законапраект заклікае прэзідыум Расейскай акадэміі навук. Ён ускладніць і затармозіць папулярызацыю навукі, скароціць міжнародныя навуковыя сувязі, сказаў прэзідэнт РАН Аляксандр Сяргееў. Расейскія навукоўцы ў адкрытым звароце назвалі ініцыятыву «абразлівай».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў