«Стабільна 10 смерцяў». Што з каронавіруснай статыстыкай у Беларусі і краінах з тым жа насельніцтвам


З канца сакавіка афіцыйная статыстыка Міністэрства аховы здароўя Беларусі «стабілізавалася» на 9–10 штодзённых смерцяў інфікаваных каронавірусам. Агулам у сувязі з COVID-19 у Беларусі прызналі 2701 смерць. Аднак ёсць розныя падставы сумнявацца ў гэтай статыстыцы.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: ТК / Белсат

У еўрапейскіх краінах сітуацыя з каронавіруснай статыстыкай зусім не падобная да Беларусі. Для прыкладу можна ўзяць Чэхію, Грэцыю, Партугалію і Швецыю (дзе жыве 10–11 млн чалавек), Вугоршчыну (дзе насельніцтва большае за Беларусь на 200 тысяч чалавек), Аўстрыю, Швейцарыю і Сербію (там жывуць каля 9 млн чалавек).

З гэтай групы краінаў Беларусь мае найменш зарэгістраваных выпадкаў каронавірусу, аднак колькасць выпадкаў прыблізна роўная ў Грэцыі. У Швецыі зафіксавалі ў 2,8 раза больш выпадкаў, у Чэхіі – у 4,4 раза больш, у астатніх – у 1,7-2,2 раза больш выпадкаў COVID-19 за Беларусь ці Грэцыю.

Аднак у Грэцыі зафіксавалі 11,3 тысячы смерцяў інфікаваных, калі ў Беларусі – толькі 2,7 тысячы. У Сербіі смерцяў ад каронавірусу прызналі ў 2,5 раза больш, у Чэхіі і Вугоршчыне – у 10 разоў больш.

Абноўлена
Да беларускіх ветэранаў у час пандэміі вадзілі школьнікаў без масак
2021.05.06 13:03

Колькасць выяўленых выпадкаў на дзень у Беларусі таксама параўнальна невысокая, але даволі пастаянная. На піку ў Беларусі не выяўлялі больш за 2000 выпадкаў COVID-19, тады як у Грэцыі былі пікі за 4000, у Сербіі – пад 8 тысяч, у астатніх згаданых краінах – яшчэ больш.

Асабліва незвычайна выглядае колькасць прызнаных смерцяў на дзень – «стабільнасць» беларускай статыстыкі ўнікальная, у іншых краінах колькасць прызнаных смерцяў вагаецца значна больш.

Статыстыка смерцяў у сувязі з COVID-19 у Беларусі і краінах з блізкай колькасцю насельніцтва. Скрыншоты: www.worldometers.info. Калаж: «Белсат»

Гэта наўрад ці можна спісаць на колькасць тэстаў: у Беларусі правялі 6 млн тэстаў, у Грэцыі – 5,6 млн і ў Сербіі – усяго 4 млн, а ў Аўстрыі 36 млн (гэта аж 4 тэсты на жыхара), у Чэхіі – 21 млн, у астатніх краінах групы – ад 6 да 11 млн.

Прадстаўнікі Мінздароўя не тлумачылі такіх анамаліяў, хоць «незвычайнасць» беларускай статыстыкі адзначалі з самага пачатку пандэміі, «рэбусы Мінздароўя» былі мемам год таму.

Hавiны
Незалежныя эксперты абвінавачваюць Караніка, які спрабуе весці дыскусію, у маніпуляцыях
2021.04.18 18:40

Спраўдзіць колькасць «лішніх» смерцяў, выкліканых пандэміяй, можна было б праз агульную статыстыку смяротнасці ў параўнанні з мінулымі гадамі. Нацыянальны статыстычны камітэт мусіў апублікаваць такую за 2020 год сёння, 17 траўня.

Аднак публікацыю перанеслі, цяпер абяцаюць апублікаваць «па меры гатоўнасці». Летась такую статыстыку не публікавалі па месяцах, аднак выслалі ў ААН – а з публікацыі ААН стала вядома, што за красавік, травень і чэрвень 2020 году ў Беларусі было на 5605 больш, чым за год да таго.

Аналітыка
Год пандэміі: як каронавірус змяніў Беларусь і беларусаў
2021.02.27 16:55

АА belsat.eu

Стужка навінаў