Генпракурор заявіў аб «экспарце» нацызму ў Беларусь з суседніх краінаў


У інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1» Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед пракаментаваў нядаўна прыняты закон супраць «гераізацыі нацызму».

Андрэй Швед.
Фота: Vladimir Nikolsky / Reuters / Forum

«Падзеі мінулага года з усёй відавочнасцю нам прадэманстравалі, што з-за мяжы, у першую чаргу з сумежных дзяржаваў, у нашае грамадства робяцца актыўныя спробы ўкараніць гэтую карычневую чуму, гэтую заразу, якая называецца нацызм, у наша грамадства», – заявіў Андрэй Швед.

Нацызм, заявіў ён, гэта «спрыяльная глеба, каб радыкалізаваць любыя дзеянні, накіраваныя на зрынанне законнай улады», і «тэхналогія, якая выкарыстоўваецца ў каляровых рэвалюцыях». Швед таксама заявіў, што «аўтары плану спробы зрынання канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь якраз выкарыстоўвалі вось гэтыя элементы, якія ўласцівыя і характарызуюць нацызм як вось гэтую радыкальную праяву экстрэмізму». Ідэі, «якія складаюць аснову нацызму», паводле яго, актыўна сталі распаўсюджвацца праз «тэлекамунікацыныя сістэмы, Telegram-каналы, сацыяльныя сеткі».

Аб’ектыў
Беларускі фашызм на 9-га траўня
2021.05.08 22:41

Пры тым Швед не назваў ніякіх дэталяў «змовы аб распаўсюдзе нацызму»: ні з якіх краінаў «экспартуюць нацызм», ні ў якіх каналах распаўсюджваюць ідэі, ні тое, што за план перавароту быў і хто яго аўтары. Але дадаў, што «ідэі паходзяць з тых дзяржаваў, дзе нацызм стаў часткай дзяржаўнай ідэалогіі», дзе трываюць «маршы SS-аўцаў, ушчамленне правоў насельніцтва паводле прыкметы мовы, імёнамі паліцаяў, якія палілі Хатынь, называюцца вуліцы».

З гэтага апісання незразумела, што гэта за краіны: спаленнем Хатыні кіраваў колішні чырвонаармеец Грыгорый Васюра, у склад батальёну, які паліў Хатынь, уваходзілі пераважна палонныя байцы Чырвонай арміі з Украіны, Расеі і Беларусі. Вуліцаў у гонар чальцоў батальёну не называлі ні ў якіх краінах. Аднак расейская і беларуская прапаганда часам звязвае ўдзельнікаў спалення Хатыні з дывізіяй SS «Галічына», а марш у гонар гэтай дывізіі праходзілі ў Кіеве і шырока асвятляліся расейскімі праўладнымі СМІ.

Тым часам беларуская дзяржаўная прапаганда намагаецца як-небудзь звязаць з нацызмам беларускую нацыянальную сімволіку, а справу аб «рэабілітацыі нацызму» нядаўна завялі супраць кіраўніцтва «Саюзу палякаў Беларусі» і мастака Алеся Пушкіна за партрэт антысавецкага паўстанца Яўгена Жыхара, які вёў антысавецкую дзейнасць з 1946 году.

Аб’ектыў
Прапаганда нянавісці на дзяржаўным тэлебачанні
2021.02.23 22:06

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў