«Яна пайшла абараняць скрадзеныя галасы». Сярод 80 падсудных за масавыя беспарадкі ў Берасці – адзіная дзяўчына


У чэрвені 2020 года Віталіі Бандарэнкі споўнілася 18 год. У жніўні былі першыя яе выбары. Скончыліся для Віталіі яны нечакана. Дзяўчыну паранілі шумавою гранатай, завялі на яе крымінальную справу. Яна стала адзінай дзяўчынай у масавай справе за пратэсты 10 жніўня ў Берасці. У студзені Віталія ўцякла з Беларусі. Але ў лютым вярнулася, каб развітацца з каханым, 17-гадовым Дзянісам Хазеем, які праходзіў у той жа справе. Яе затрымалі.

16 красавіка Віталія Бандарэнка сведчыла ў судзе. Ёй пагражае да васьмі гадоў калоніі. Дзяніс Хазей у сакавіку атрымаў 3 гады выхаваўчай калоніі. Абодвух прызналі палітвязнямі.

Віталія Бандарэнка.
Фота: сямейны архіў

Як гэта было

9–10 жніўня ў Берасці быў адзін з самых масавых пратэстаў у краіне. Тысячы людзей выйшлі на цэнтральныя вуліцы гораду, каб абараніць скрадзеныя на выбарах галасы. Сілавікі масава затрымлівалі і збівалі людзей. Некаторыя спрабавалі абараніць сябе ды сваіх родных і знаёмых. Цяпер іх за гэта судзяць. Яшчэ ў жніўні распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»), цяпер у Берасці ў ёй праходзяць больш за 80 асобаў. Большасць абвінавачваных застаецца ў СІЗА, некаторыя – са жніўня. Пераважная частка фігурантаў справы – моладзь.

Hавiны
Справа аб масавых беспарадках у Берасці, у якой праходзяць больш за 80 чалавек. Што трэба ведаць?
2021.04.08 09:00

У левую руку трапіў снарад ад шумавой гранаты

Віталію Бандарэнку, адзіную дзяўчыну ў гэтай справе, вінавацяць ва ўдзеле ў масавых закалотах і кіданні ў бок міліцыянтаў камянёў і зямлі. Віталію павіны былі судзіць у першым дзясятку, але тады яна была недасяжная для беларускага «правасуддзя».

За 1,5 месяца ў берасцейскім СІЗА Віталія змяніла сваю пазіцыю: ад «цалкам не прызнаю сваю віну» да «прызнаю часткова».

16 красавіка Віталія Бандарэнка сведчыла ў судзе. Дзяўчына сказала, што 10 жніўня прыехала ў цэнтр Берасця паводле прапіскі, але не мела ключоў, і сястры, якая там жыве, таксама не было:

«Я стала назіраць за тым, што адбываецца. Выйшла на праезную частку, перад людзьмі пашыхтаваліся міліцыянты, пачаліся выбухі. Тады я ўзяла кавалак зямлі і кінула ў бок міліцыянтаў. Я была ўпэўненая, што ён не даляціць. Ён пераляцеў міліцыю, потым я яшчэ мінімум тры разы кінула камяні, але яны таксама ні ў кога не патрапілі. Міліцыі стала больш, яны сталі людзей адціскаць. Потым у мяне патрапіў снарад ад шумавой гранаты, я стала адыходзіць з месца пратэсту. Пазней вярнулася ў цэнтр, дзе мяне затрымалі ў двары».

Віталія Бандарэнка і Дзяніс Хазей. СМІ назвалі іх берасцейскімі Рамэа і Джульетай.
Фота: сямейны архіў

Следства цікавілі стасункі Віталіі з Дзянісам Хазеем: «Калі гэта ваш малады чалавек, то, можа, вы дзеялі ў групе асобаў?» – «Не, я сама ўсё рабіла», – адказала Віталія.

Нагадаем, што працэс ідзе ў судзе Ленінскага раёну Берасця, справу разглядае Андрэй Грушко.

На лаве падсудных, акрамя Віталіі, яшчэ 12 асобаў: Дзяніс Марусевіч, Уладзімір Рубашэўскі, Данііл Бандарук, Марк Салонікаў, Сімон Канцэвіч, Вячаслаў Касцючык, Максім Зіневіч, Міхаіл Калішчук, Андрэй Грышчук, Віктар Панцялееў, двое няпоўнагадовых – Аляксандр Вінярскі і Эдуард Кудынюк.

Віталія Бандарэнка.
Фота: сямейны архіў

«Спадзяюся, што нашыя дзеці не будуць сядзець»

Спадарыня Марыя, бабуля Віталіі Бандарэнкі, кажа, што ўнучка вельмі таленавітая:

«Яна расла на маіх вачах, ейныя бацькі разышліся, потым ейны тата памёр, і ўвесь гэты час яна жыла са мною. Вельмі добра малюе і спявае, любіла складаць пазлы, танцамі займалася, на каньках добра катаецца. Яна вучылася ў Высокім на кухара, летась скончыла, пасля чаго працавала ў Берасці ў кавярні, а так увесь час добра гатавала з дзяцінства. Кавярня праз пандэмію зачынілася, і так склалася, што 10 жніўня яна выйшла на пратэст, ішла адваёўваць свой голас, які скралі.

У нас у маладосці, калі мы першы раз у 18 гадоў галасавалі, кветкі ўручалі, а тут так сталася, што трэба было выходзіць абараняць свой голас. Мы ўсе разумеем, што скралі не толькі ейны голас, але і мільёнаў людзей. Яе вінавацяць у масавых беспарадках, пішуць у матэрыялах справы, што яна бутэльку і камяні кідала. Я бачыла відэа, але не бачыла каменя ў ейнай руцэ».

Пасля выбараў жанчына ніяк не можа ачуняць: «Я ў шоку была пасля выбараў, я да гэтага часу ў шоку. Як можна было так падманваць людзей? Я наагул не разумею гэтага, я ненавіджу хлусоў і злодзеяў. І вось так мяне падмануць! У нас уся сям’я не галасавала за Лукашэнку, галасавалі мы за Ціханоўскую».

Віталія Бандарэнка.
Фота: сямейны архіў

Са студзеня спадарыня Марыя бачыла ўнучку толькі на судзе: «Віталія прыехала ў канцы лютага, і мы гэтага не ведалі, мы не паспелі з ёй пагаварыць. Але яна здолела сустрэцца з Дзянісам. У студзені яна рэзка зʼехала, сказала, што не будзе сядзець. Але так атрымалася, што вярнулася і яе «прынялі». Можа, яна спадзявалася, што здолее з сабою хлопца забраць… Мне складана сказаць, мы не паспелі пагаварыць. Як яна зʼехала ў студзені, з таго часу ў нас не было сувязі. Калі Віталію затрымалі, мама хадзіла ўбачыць дачку, але тады не далі гэтага зрабіць, і толькі на працэсе мы яе ўбачылі. Адвакат доўга не мог да яе трапіць».

Спадарыня Марыя была на некалькіх судовых паседжанняў. Жанчына абураная тым, што там адбываецца:

«На судзе я пачула паказанні людзей, нібыта пацярпелых. Мы іх не бачылі, яны былі ў іншым памяшканні са змененымі галасамі. І ў кожнага з іх супярэчнасці, звесткі падчас следства і суда разыходзяцца. Пры гэтым яны не былі ні ў чым упэўненыя, і мяне гэта таксама дзівіла, як адзін і той жа чалавек можа даваць розныя паказанні. Была на яшчэ адным судовым паседжанні, і ўжо пацярпелыя кажуць, што да абвінавачваных не маюць прэтэнзіяў. Толькі адзін скардзіўся, што ў яго пагон адарваўся».

Віталія Бандарэнка – міс санаторый «Богатырь».
Фота: сямейны архіў

Бабуля Віталіі кажа, што ўся сям’я на баку дзяўчыны, і спадзяецца, што ўнучка ды іншыя падсудныя ў гэтай справе сядзець не будуць, бо не зрабілі нічога такога, каб апынуцца ў вязніцы:

«Я бачу, як судзяць фактычна дзяцей, гляджу на ўнучку – і яна ўсім выглядам паказвае: маўляў, бабуля, сыходзь. А я бачу ейныя вочы, напоўненыя слязьмі. Яна адчувае, які боль яна нам прынесла, але мы яе не асуджаем, мы – за яе. Яна пайшла абараняць справядлівасць, і я веру, што ўсё ўдасца. Я ўпэўненая, што не павінныя дзеці сядзець, гэта відавочна не крымінал, яны нікога не забівалі. Я хачу, каб быў справядлівы суд, каб суддзі не скакалі на ўказ зверху, а ацэньвалі факты. Там нават на «хімію» і хатні арышт не цягне, максімум штраф. А ім пагражаюць гады турмы».

АС, belsat.eu

Гісторыі
«Наша мама ў палоне». Пакуль палітзняволеная Таццяна Канеўская за кратамі, ад рэпрэсіяў цярпіць уся сям’я
2021.04.12 19:08
Артыкулы
«Метады НКВД нікуды не сышлі з Беларусі». Бацькі палітвязня Арцёма Саўчука – пра сына і прысуд
2021.03.11 18:56
Гісторыі
«Сын плача па вечарах наўзрыд, а я тлумачу – тата не памёр, не кінуў нас, а з турмы ён вернецца»
2021.04.11 11:52
Стужка навінаў