Як узышла зорка Цімы Беларускіх, і як хлопец апынуўся на лаве падсудных


У судзе Маскоўскага раёну Менску 16 красавіка распачынаецца працэс над спеваком Цімам Беларускіх, якога вінавацяць у незаконным абароце наркотыкаў без мэты збыту. Belsat.eu распавядае, як ён стаў папулярны і чаму трапіў пад крымінальны пераслед.

Сапраўднае імя Цімы Беларускіх – Цімафей Марозаў. Ён нарадзіўся ў 1998 годзе ў Менску ў музычнай сям’і (бацька – былы саліст опернага тэатру, маці – настаўніца музыкі).

Цімафей у дзяцінстве вучыўся ў музычнай школе, граў на віяланчэлі. Паступіў у Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Потым пайшоў вучыцца ў лінгвістычны каледж, пасля – у каледж мастацтваў. Але нідзе не правучыўся нават семестр.

Пракуратура Маскоўскага раёну Менску накіравала ў суд крымінальную справу супраць спевака Цімы Беларускіх і ягонага 25-гадовага знаёмага. Ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 328 КК («Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў без мэты збыту»). Ціма Беларускіх. Крыніца: timabelorusskih / Instagram

Як зрабіўся папулярным

Ціма Беларускіх стаў знакамітым пасля песні «Мокрыя кросы», якую выклаў у YouTube у сярэдзіне жніўня 2018 года. Песня ўвайшла ў топ папулярных песняў у сацыяльнай сетцы «УКантакце», у музычным сервісе «Apple Music» і «Яндекс. Музыка». Наступная песня («Незабудка») таксама сталася хітом – у YouTube яе паслухалі больш за 72 мільёны разоў.

20 кастрычніка 2018 года даў у Менску свой першы сольны канцэрт. У студзені 2019-га ў Цімы выйшаў альбом – «Твой першы дыск – мая касета». Літаральна за некалькі месяцаў Ціма Беларускіх пераўтварыўся ў аднаго з самых папулярных і паспяховых выканаўцаў на постсавецкай прасторы. Паводле «Forbes», праз 8 месяцаў пасля выхаду песні «Мокрыя кросы» Ціма Беларускіх толькі на канцэртах у Расеі зарабіў 15 млн расейскіх рублёў (амаль 200 тысяч долараў).

На момант выхаду песні «Мокрыя кросы» Цімафей працаваў афіцыянтам, але пры гэтым ён ужо меў кантракт са студыяй беларускага лэйблу «Kaufman». Дырэктар лэйблу Аляксандр Разнічэнка заўважыў Цімафея на адным з кастынгаў у менскім клубе «Re:Public» Разнічэнка разам з Цімафеем і прыдумалі сцэнічны псеўданім – Ціма Беларускіх. Спачатку кіраўнік лэйблу спрабаваў прасоўваць Цімафея ў асноўным праз сацыяльныя сеткі, але да стварэння песні «Мокрыя кросы» папулярным ён не быў і не меў магчымасці зарабляць музыкаю.

Пра што спявае

Ціма Беларускіх.
Фота: timabelorusskih / Instagram

Сцэнічны вобраз Цімы Беларускіх – бесканфліктны добры хлопчык, які не ўжывае алкаголю і наркотыкаў, не курыць. Ягоная творчасць арыентаваная пераважна на падлеткавую аўдыторыю. Тэксты песняў Цімы вельмі простыя – пра каханне і пачуцці. Не выкарыстоўвае ў песнях мату, не закранае тэмы сексу або наркотыкаў. Ціма Беларускіх неаднаразова падкрэсліваў, што такі творчы стыль быў выпрацаваны не штучна: ён адлюстроўвае ягоны характар і вобраз жыцця. «Усё павінна быць арганічна», – тлумачыў ён.

Прадзюсар Аляксандр Разнічэнка лічыць, што цяперашні скандал з затрыманнем за наркотыкі фактычна знішчыў творчы вобраз хлопцы:

«Ціма Беларускіх – гэта праект, вакол якога мы будавалі ўсё, што мае дачыненне да музыкі і стылю. У ходзе апошніх навінаў і музыкі, якую ён цяпер робіць, праект не адпавядае таму, што мы прапагандавалі раней. Тысячы дзяцей [ягоных фанатаў] не разумеюць, што адбываецца», – адзначыў ён у інтэрвю «Медузе».

Сам Цімафей разарваў стасункі з лэйблам «Kaufman» напрыканцы 2020 года.

Што казаў аб пратэстах

Імкнучыся захаваць бесканфліктны характар свайго сцэнічнага вобразу, Ціма Беларускіх заўсёды пазіцыянаваў сябе як чалавека апалітычнага. У інтэрв’ю «Медузе» ў 2019 годзе ён казаў, што «не піша і не хоча пісаць пра палітыку», бо палітыкі няма ў ягоным жыцці.

Але ў 2020-м, пасля мітынгу ля стэлы 16 жніўня, на які выйшлі не менш за 200 тысяч асобаў, Ціма Беларускіх выказаў падтрыманне пратэстаў.

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за свабоду. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

«Са слязамі на вачах я пішу гэты пост з трыма гучнымі: ганаруся, ганаруся, ганаруся! Самы міралюбівы, самы шчыры, самы сумленны народ – беларусы», – напісаў ён у Instagram.

Ужо пасля завядзення супраць яго крымінальнай справы, у сакавіку 2021 года, Ціма Беларускіх раптам выдаліў усе пасты з афіцыйнага акаўнту ў Instagram (у тым ліку і пра мітынг ля стэлы) і зрабіў сваю старонку прыватнаю. Гэта пры тым, што падпісантаў у спевака было больш за мільён. У тым жа месяцы на адным з выступаў у Менску Ціма Беларускіх з’явіўся ў байцы чырвона-зялёных колераў.

Скрыншот старонкі: timabelorusskih / Instagram

Расейскі тэлеграм-канал «Mash» паведамляў, што адмова ад падтрымання пратэстаў у Беларусі нібыта была часткаю дамоўленасцяў спевака са следствам: нібыта за гэта сілавікі не сталі браць яго пад варту, а таксама істотна знізілі памеры сканфіскаваных наркотыкаў. Праўда, пацверджання такой інфармацыі з іншых крыніцаў няма, а канал «Mash» мае сумнеўную рэпутацыю.

Як трапіў пад крымінальны пераслед

Пра затрыманне Цімы Беларускіх стала вядома 29 студзеня. Спачатку расейскія тэлеграм-каналы паведамлялі, што ў ягонай кватэры нібыта знайшлі 2 кілаграмы гашышу і цяпер хлопец пад хатнім арыштам. Спявак амаль адразу зняпраўдзіў гэтую інфармацыю: заявіў, што інфармацыя пра ягоны арышт, – гэта хлусня.

«Усё як заўсёды. Наркотыкі – гэта дрэнна», – дадаў ён.

Але літаральна цягам гадзіны тэлеграм-канал БТ распаўсюдзіў фота Цімы Беларускіх у адным з менскіх РУУС.

Ціма Беларускіх у РУУС.
Фота: ATN_BTRC

«Паводле звестак следства, уначы 6 студзеня ў памяшканні аднаго з гульнявых клубаў у Менску міліцыянты затрымалі 22-гадовага маладзёна, пры асабістым вобшуку ў якога знайшлі небяспечны наркатычны сродак – гашыш, масаю 0,4 грама», – паведамілі ў МУС.

Пазней Следчы камітэт і Генеральная пракуратура ўдакладнілі, што ў спявака падчас асабістага вобшуку знайшлі не толькі гашыш, але і 0,0375 грама амфетаміну. У прэс-рэлізе паведамлялі, што ў снежні 2020 і студзені 2021 года Ціма разам з сябрам набылі 1,96 грама гашышу. Частку ўжылі ў клубе, а частку ў іх знайшлі міліцыянты.

Цімафею і ягонаму 25-гадоваму сябру выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэксу «Незаконны абарот наркотыкаў без мэты збыту». Абодва, паводле пракуратуры, сваю віну цалкам прызналі. Але меру стрымання ім абралі розную: Ціму Беларускіх пакінулі на свабодзе пад заклад, а ягонага сябра трымалі ў СІЗА.

Максімальнае пакаранне паводле арт. 328 КК – 5 гадоў пазбаўлення волі.

Hавiны
«Ад сажы ў носе растуць ракавінкі». Асуджаныя па артыкуле 328 – аб працы на зоне
2019.12.04 12:08

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў