2 гады «хатняй хіміі» за гашыш і амфетамін. Суд у справе Цімы Беларускіх скончыўся за 1 дзень


Сёння ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся і завершыўся разгляд справы музыкі Цімы Беларускіх. Спевака судзілі паводле ч. 1 арт. 328 КК («Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўванне, набыццё, захоўванне, транспартаванне або перасыланне наркотыкаў»). Ціму пакаралі абмежаваннем волі на 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Паседжанне пачалося а 10:30. Хлопец прыехаў у суд з адвакатам. Заходзячы ў будынак, Ціма адмовіўся адказваць на пытанні журналістаў, але сказаў, што «ўсё супер», абаронца дадала, што настрой у іх выдатны.

У судзе Маскоўскага раёну Менску 16 красавіка распачынаецца працэс над спеваком Цімам Беларускіх, якога вінавацяць у незаконным абароце наркотыкаў без мэты збыту. Менск, Беларусь. 16 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Ціму Беларускіх прыйшлі падтрымаць сябры і знаёмыя. У судовую залу не пусцілі большую частку незалежных медыяў. Зайшлі ў асноўным толькі сваякі. Афіцыйная прычына – эпідэмічная абстаноўка.

Абараняе Ціму Беларускіх Марыя Колесава-Гудзіліна. Суддзя на працэсе – Святлана Бандарэнка, якая судзіла журналістку Кацярыну Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна ў «справе нуль праміле».

Ціма Беларускіх прызнаў віну, ягоны 25-гадовы сябар Антон Крывецкі таксама. Спевака вінавацяць толькі ў набыцці амфетаміну (падчас асабістага агляду, акрамя 0,4 грама гашышу, у яго знайшлі 0,0375 грама амфетаміну). Крывецкага – у набыцці 1,9 грама гашышу, якія ён захоўваў у гульнявым клубе.

Фота: АВ / Белсат

Ціма прызнаўся, што ўпершыню ўжыў наркотыкі ў 16 гадоў – паліў марыхуану ў кампаніі. Агулам звычайна ўжываў марыхуану ў сярэднім два разы на месяц. Раз на год мог ужыць больш цяжкія наркотыкі – гашыш, какаін. Амфетамін ён купляў праз інтэрнэт. Але не ведаў, што гэта амфетамін, бо ён замаўляў какаін. Удакладненне ад Беларускіх: гашыш ён таксама набываў, але пры дапамозе Крывецкага.

Пасля затрымання Ціму пратрымалі ў РУУС некалькі гадзінаў, але пад варту не бралі. Ён раскайваецца і кажа, што на ўтрыманні мае 5-гадовую дачку, ягоная жонка хворая, збіраецца атрымаць інваліднасць і не можа працаваць.

Зачыталі высновы экспертызы: Ціма і Крывецкі не маюць сіндрому алкагольна-наркатычнай залежнасці, у лячэнні патрэбы няма.

Без накіравання ў калонію

Дзяржабвінаваўца запрасіў для Цімы Беларускіх пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хатняй хіміі». Антону Крывецкаму – два з паловай гады без накіравання ў папраўчую ўстанову.

«Рэчыва канфіскаваць у даход дзяржавы», – сказаў дзяржабвінаваўца.

Меру стрымання для Крывецкага дзяржабвінаваўца папрасіў змяніць і вызваліць яго ў зале суду.

Ціме Беларускіх далі 2 гады «хатняй хіміі» за наркотыкі. Менск, Беларусь. 16 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Апошняе слова

Ціма Беларускіх сказаў, што кожны дзень думае пра сваю дачку і хоча «паказаць сваю бацькаву любоў ёй максімальна», піша КП.

– Прашу прабачэння і ў блізкіх, і ў прыхільнікаў, яны перажывалі і не разумелі, што адбываецца. Змянілася маё стаўленне да здароўя: я займаюся спортам, амаль не пʼю алкаголь, шмат чытаю.

16 красавіка суд пакараў Ціму Беларускіх і Антона Крывецкага 2 гадамі «хатняй хіміі».

  • Выканаўцу затрымалі з сябрам 6 студзеня на выхадзе з гульнявога клубу ў Менску. Пры асабістым аглядзе ў яго знайшлі 0,4 грама гашышу і 0,0375 грама амфетаміну.
  • Сябру Цімы – Антона Крывецкага – да суда змясцілі ў СІЗА, Беларускіх адпусцілі пад заклад, але завялі крымінальную справу паводле артыкулу пра незаконны абарот наркатычных сродкаў, яму пагражае ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі.
  • Ціма Беларускіх пачаў сольную кар’еру ў 2017 годзе. Сярод ягоных найбольш вядомых песень – «Мокрыя кросы»і «Незабудка». У 2019-м беларускіх стаў артыстам года «УКантакце». Ягоныя песні праслухалі больш за 1 млрд разоў.
Hавiны
Як узышла зорка Цімы Беларускіх, і як хлопец апынуўся на лаве падсудных
2021.04.16 09:15
Hавiны
Ларыса Жыгар аб прысудзе Ціму Беларускіх: За такую ж колькасць наркотыкаў хлопцы атрымлівалі да 15 гадоў
2021.04.16 19:08

ДР belsat.eu

Стужка навінаў