Шматдзетнай сям'і адмовілі ва ўдзеле ў конкурсе талентаў праз затрыманне бацькі


Сям’я Валковічаў. Фота з уласнага архіву

Алена і Ігар Валковічы гадуюць шасцёх дзяцей. Ігара затрымалі перад Новым годам, тады яму зламалі плячо, хаця мужчына не супраціўляўся, асудзілі на 12 содняў. А вызваліўшыся з турмы, трапіў на бальнічны.

24 сакавіка сямʼі патэлефанавалі з тэрытарыяльнага цэнтру абароны насельніцтва і запрасілі ўзяць удзел у конкурсе семʼяў. «Мы штогод бяром удзел у розных конкурсах, міжнародных фестывалях сямʼі, а таксама ў конкурсах семʼяў ад раёнаў. Летась мы прымалі ўдзел у конкурсах ад Фрунзенскага раёну, займалі першыя месцы», – распавядае Алена.

Жанчына перапытала, ці адабʼецца на ўдзеле тое, што ейнага мужа затрымлівала міліцыя: «На гэта мне адказалі, што ўсё нармальна, кааб рыхтаваліся. Мы афіцыйна запоўнілі заяўку, выслалі арганізатарам. Нам ператэлефанавалі і сказалі, што заяўка прынятая і каб мы рыхтаваліся».

Беларус беларусу
«Муж выйшаў у пад’езд і знік, калі прасавала пялюшкі ў радзільню на 40-м тыдні цяжарнасці!»
2021.01.07 19:21

А рыхтаваліся Валковічы грунтоўна: «Прыдумалі характарыстыку кожнага з нас на беларускай мове, якая плаўна пераплятаецца з песнямі. Таксама пастанавілі ўпрыгожыць сцэну: мне падрыхтавалі фігуру з балонікаў і мядзведзікам, кветкі больш за метр. Учора нам давезлі плакаты, якія мы замаўлялі. Я зрабіла макет – дрэва нашай сямʼі. Усё ўжо было гатовае».

Плакат, які Валковічы рыхтавалі да выступу на конкурсе. Фота з уласнага архіву

Рыхтаваліся і малыя ўдзельнікі конкурсу. Адзін з сыноў меў чытаць верш Ніла Гілевіча. «Дзеці вывучылі вершыкі на беларускай мове ідэальна. Мікітка – малайчына, так стараўся: «Я – беларус, і хоць сягоння яшчэ малы, але скажу: я родам з племя непакорных і прад бядой не задрыжу». І пальчыкам так паказваў. Мы гэты верш знайшлі ў інтэрнэце, і ён так пасуе да цяперашняй сітуацыі, але ў тэксце нічога кепскага няма. Хаця мяркую, што і не ў ім рэч», – адзначае Алена.

Учора, 15 красавіка, жанчыне патэлефанавала дырэктарка тэрытарыяльнага цэнтру і сказала, што сямʼі не дазваляюць браць удзел у конкурсе. «Я пачала пытаць нагоду, на што мне адказалі, што нас не падтрымала адміністрацыя раёну. Я пісала сацыяльнаму педагогу ў школу, яна мяне ігнаравала, скідвала мае званкі. У адміністрацыі сказалі, што яны ўвогуле не маюць дачынення да конкурсу акрамя рассылкі запрашэнняў. Я тэлефанавала і ў цэнтр, але мне ніхто нічога не тлумачыць. Я бʼюся ў зачыненыя дзверы», – распавяла нашая суразмоўца.

Конкурс меў пачацца 16 красавіка а 15:00, але дамагчыся ўдзелу ў ім Валковічам так і не ўдалося: «Нельга дзяцей пазбаўляць удзелу. 90 % выступу – гэта словы дзяцей, яны рыхтаваліся. Мы кожны дзень па некалькі гадзінаў і вершы паўтараем, і песні. Мы два тыдні рыхтаваліся да гэтай імпрэзы. Дзеці імкнуцца да гэтых конкурсаў, я нават перадаць не магу, як гэта балюча. Я з раніцы плачу без перапынку. Мне патэлефанавалі знаёмыя педагогі і сказалі, што ў нас – чорны білет, нас ужо нідзе не прымуць».

Алена мяркуе, што прычына такой сітуацыі – у затрыманні мужа і ейных словах «мы пераможам»: «Я думала, ужо не будуць так семʼі грызці. А аказваецца, што ўсё толькі пачынаецца. Так нельга. Так, бацькі недзе там сваё слова сказалі, але дзеці не павінны пакутаваць. А конкурс накіраваны, каб паказаць таленты дзяцей, і тут не пра палітыку зусім».

 

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў