Шэрая схема Лукашэнкі для абыходу санкцыяў. Ці прадасць ён Азербайджану частку Мазырскага НПЗ?


Аляксандр Лукашэнка дазволіў сабе вылецець на 2 дні за мяжу. За апошнія 8 месяцаў пасля выбараў ён лятаў толькі да Пуціна. У Баку было ўсё, як дыктатар любіць: прыём на дзяржаўным узроўні і шмат увагі. Разам з Ільхамам Аліевым ён падпісаў цэлы стос дакументаў пра супрацу ў сельскай гаспадарцы. Аднак ці толькі па гэта лятаў у Баку беларускі дыктатар? Пра якую шэрую схему магла весціся гаворка? Наколькі магчыма праз Баку абысці санкцыі супраць Беларусі? Ці можа Лукашэнка прадаць азербайджанскай кампаніі SOCAR частку Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу? Каментуюць былы выканальнік абавязкаў прэзідэнта Азербайджану Іса Гэмбэр, палітолаг Валер Карбалевіч і аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Першы замежны візіт дыктатара пасля выбараў, калі не лічыць чалабітных перад Пуціным, – у Баку. У першы ж вечар – нефармальная сустрэча з Аліевым, якая працягнулася ажно пяць гадзінаў. Ці не зашмат для мілага прывітання? Цалкам верагодна, што менавіта падчас гэтага спаткання і вырашаліся асноўныя пытанні.

Валер Карбалевіч, палітолаг, Менск:

«Для Лукашэнкі гэты візіт важны псіхалагічна. Бо шмат еўрапейскіх краінаў не прызнаюць яго ў якасці прэзідэнта, кіраўніка дзяржавы. Таму для яго важна даказаць беларускаму грамадству, беларускай наменклатуры, магчыма, замежным нейкім суб’ектам, што яго ўвогуле прызнаюць у свеце. Што ён нармальны паўнавартасны прэзідэнт і ў прынцыпе ён узяў сітуацыю ў Беларусі пад кантроль настолькі, што можа бязбоязна, не баючыся, што тут нешта здарыцца, з’ехаць на некалькі дзён з афіцыйным візітам».

Парадак дня на перамовах напрошваецца сам сабою: беларуская зброя ў абмен на азербайджанскую нафту. Не сакрэт, што ў тым ліку і дзякуючы прадукцыі беларускага вайскова-прамысловага комплексу Азербайджан змог нанесці паразу Арменіі ў Другой карабахскай вайне ў канцы мінулага года. Таму цяпер Баку ў першую чаргу цікавяць сродкі супрацьпаветранай абароны і радыёлакацыйнай барацьбы беларускай вытворчасці. А таксама ракетныя тэхналогіі – мадэрнізацыя тых жа «Паланэзаў» да аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу з дальнасцю да 500 кіламетраў.

ВІДЭА
Беларускія пілоты хаваюць палёты ў Азербайджан. Як Лукашэнка ўзбройваў рэжым Аліева?
2020.10.11 09:36

Каментуе былы в. а. прэзідэнта Азербайджану Іса Гэмбэр, кіраўнік Нацыянальнага цэнтру стратэгічнага мыслення:

«Тут ёсць і супольныя, і асабістыя інтарэсы. Натуральна, аўтарытарным лідарам лягчэй знайсці агульную мову паміж сабой, чым дэмакратычна выбранаму прэзідэнту з аўтарытарным лідарам. Гэта адзін бок пытання. З другога боку, ёсць інтарэсы. Напрыклад, Беларусь патрабуе нафтапрадуктаў і закупляе іх у Азербайджане. І, відаць, Азербайджан – добры партнёр для Беларусі ў гэтай сферы».

Гэта падкрэсліў і сам нелегітымны кіраўнік Беларусі:

«Я вельмі вам удзячны за падтрымку ў пастаўках вуглевадароднай сыравіны для Беларусі. Нам, можа быць, трэба разгледзець пытанне паглыблення нашых стасункаў менавіта ў гэтай сферы».

Паводле раней дасягнутых дамоўленасцяў, азербайджанская дзяржаўная кампанія SOCAR сёлета паставіць Беларусі 1 мільён тонаў нафты. Аднак нашто абмяркоўваць тое, што ўжо даўно вырашана? Таму, хутчэй за ўсё, ішлося пра магчымасці выкарыстаць азербайджанскую кампанію для абыходу магчымых санкцыяў супраць беларускіх дзяржаўных кампаніяў з боку ЗША і Еўразвязу.

Hавiны
Лукашэнка: Беларусь не пастаўляла зброі Азербайджану ці Арменні
2020.10.05 09:10

Ігар Тышкевіч, эксперт Украінскага інстытуту будучыні, Кіеў:

«Натуральна, калі ідзе гаворка пра экспарт нафтапрадуктаў, то гэта ж яўна не пра продаж SOCAR беларускіх прадуктаў на беларускай тэрыторыі. Гэта праца на трэція рынкі. І тут мы згадваем палітычнае пагаршэнне адносінаў з Еўрапейскім Саюзам, патэнцыйнае жаданне Лукашэнкі папалохаць такой пугай нафтапрадуктаў, прагу Расеі перацягнуць частку транзіту ў свае парты, што часткова атрымалася. Але калі ў гульню ўваходзіць SOCAR, то ён можа прадаваць частку беларускіх нафтапрадуктаў праз сваю сетку пад сваім імем».

А сетка гэтая далёка не малая і прысутнічае як ва Украіне, гэтак, напрыклад, і ў Аўстрыі ды Швейцарыі. Вось і гатовы метад абхітрыць аўтараў санкцый. Што праўда, будзе не вельмі добра выглядаць, калі такую схему раптам выкрыюць.

Іса Гэмбэр, кіраўнік Нацыянальнага цэнтру стратэгічнага мыслення, Азербайджан:

«Азербайджанскім уладам, калі будуць рэальныя санкцыі супраць Беларусі, будзе даволі цяжка. Але ці ўдасца азербайджанскім уладам пераадолець гэтыя санкцыйныя перашкоды, будзе залежаць не ад Менску ці Баку, а ад Бруселю, Вашынгтону ды іншых цэнтраў».

Але і тут ёсць варыянты. Эксперты не выключаюць, што ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі Лукашэнка задумаў прадаць Азербайджану частку ў Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

Ігар Тышкевіч, эксперт Украінскага інстытуту будучыні, Кіеў:

«Мазыр, дзе ўжо ёсць частка расейскага акцыянернага капіталу: у якасці супрацьвагі прадаць такую ж альбо большую частку Азербайджану, пакінуўшы невялікую долю сабе, – гэта дастаткова цікава. Таму што, я нагадаю, пад што запускалі і расейскі капітал у Мазыр – з разлікам, што калі расейцы самі будуць частковымі ўласнікамі, то будуць забяспечваць сталыя пастаўкі сыравіны».

Выходзіць, можна забіць двух зайцоў адначасова: і санкцыяў пазбегнуць, і расейскі ўплыў у пастаўках нафты збалансаваць натуральным чынам.

Не абышлося і без скандальных у перспектыве заяваў. Гэтак, Лукашэнка павіншаваў Азербайджан і Арменію з заканчэннем Другой карабахскай вайны. Цікава, што падумалі ў Ерэване, але ў нелегітымнага кіраўніка Беларусі тут абсалютна канкрэтны інтарэс.

ВІДЭА
Былы кіраўнік Азербайджана «Белсату»: Канфлікт у Карабаху гэта «падатак на незалежнасць»
2020.10.03 10:35

Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Вы як сапраўдны сябар беларускага народу разумееце, што наперадзе яшчэ ой як шмат працы. Цяжкай працы, мірнай працы. Для ўзнаўлення жыцця на вернутых тэрыторыях. І вы павінны ведаць, што ў Беларусі – вашыя надзейныя сябры».

Іса Гэмбэр, кіраўнік Нацыянальнага цэнтру стратэгічнага мыслення:

«Справы на вызваленых тэрыторыях, безумоўна, вельмі важныя для Азербайджану, але аб’ём працаў для Азербайджану там вялікі. Аднак гэта не значыць, што ёсць вельмі вялікая патрэба ў замежнай дапамозе. Пагатоў гэтую дапамогу абяцаюць і еўрапейскія краіны, і Турцыя, і шмат якія іншыя краіны. У гэтым сэнсе Азербайджан мае магчымасць выбіраць. Гэта разглядаецца не толькі як бізнес, а як саступка Азербайджану розным краінам – даць долю для ўдзелу ва ўзнаўленчых працах».

А Лукашэнку тут якраз адкрываецца вельмі добрая перспектыва. І рэч не толькі ў магчымасці экспарту прадукцыі беларускага машынабудаўніцтва ды іншай буйной прамысловасці. Гаворка можа весціся пра будаўнічыя ды іншыя працы кампаніямі з Беларусі, якія і падаткі будуць плаціць у бюджэт краіны.

Ігар Тышкевіч, эксперт Украінскага інстытуту будучыні:

«Гэта дазваляе, з аднаго боку, захаваць тыя ж прадпрыемствы, людзей. А з другога боку, напоўніць іх працаю, даць ім працу. Наступнае: калі працуе беларускае прадпрыемства – яно збольшага працуе на беларускай тэхніцы і з максімальнаю колькасцю беларускіх матэрыялаў».

Такім чынам, план нелегітымнага кіраўніка Беларусі ў супрацы з афіцыйным Баку выглядае даволі перспектыўна. Што, у прынцыпе, і не дзіва: як той казаў, чорт чорта пазнаў і на піва пазваў.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет» ад 15.04.2021

ПраСвет
Беларусь стане новым фронтам у вайне Пуціна супраць Украіны? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык
2021.04.16 12:45

Калаж з фота: Metzel Mikhail / TASS / Forum; Alexei Nikolsky / TASS / Forum

Стужка навінаў