Надзея на вайну. Ці будзе эскалацыя агрэсіі Расеі супраць Украіны на руку беларускаму рэжыму


Найбуйнейшае з пачатку вайны на Данбасе групаванне расейскіх войскаў на памежжы з Украінаю. Кіеў рыхтуецца да найгоршага. Украінская мяжа з Беларуссю – на павышаным кантролі. Новы віток расейскай агрэсіі: ці можа ён быць выгадны таму, хто не мае чаго губляць, – Аляксандру Лукашэнку? Каментуюць Вольга Харламава, Алег Саакян і Міхайла Самусь.

Больш за месяц Расея нарошчвае войскі на мяжы з Украінаю. Войскі, што бралі ўдзел у вучэннях, разгорнутых у пачатку сакавіка, не вярнуліся дадому. Наадварот, цяпер Масква кажа аб правядзенні марскіх манеўраў у акваторыі Азоўскага мора. Вайсковы кантынгент у Крыме павялічаны да 42 тысячаў чалавек. Кіеў мяркуе, што гэта можа быць толькі пачатак.

Андрэй Таран, міністр абароны Украіны:

«Інфраструктура Крыму рыхтуецца да размяшчэння ядравай зброі. Гэта пытанне прынцыпу: самая прысутнасць ядравай зброі на паўвостраве распаліць цэлы комплекс палітычных і маральных праблемаў».

Злучаныя Штаты афіцыйна пакуль абмяжоўваюцца пратакольнымі заявамі.

Джэн Cакі, прэс-сакратар Белага дому:

«У тэлефоннай размове прэзідэнт Байдэн таксама падкрэсліў нязменную прыхільнасць суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Прэзідэнт выказаў занепакоенасць у сувязі з раптоўным нарошчваннем вайсковых сілаў і ўзмацненнем агрэсіі на мяжы Украіны ды заклікаў Расею дээскалаваць напружанасць».

Аб’ектыў
Украіна рыхтуецца абараняцца
2021.04.13 23:21

У той жа тэлефоннай размове Байдэн запрапанаваў Пуціну, якога месяц таму адкрыта назваў забойцам, сустрэцца на тэрыторыі трэцяй краіны. Але, каб не быць зусім галаслоўнымі, Вашынгтон выслаў ракетны эсмінец «Доналд Кук» у Чорнае мора. У Расеі кажуць – беспрэцэдэнтная пагроза.

Сяргей Шайгу, міністр абароны РФ:

«Цяпер амерыканскія войскі перакідваюць з кантынентальных частак Паўночнай Амерыкі праз Атлантыку ў Еўропу. Ідзе перамяшчэнне войскаў у Еўропе да расейскіх межаў. Асноўныя сілы канцэнтруюцца ў прычарнаморскім і балтыйскім рэгіёнах».

Калі Пуцін хацеў звярнуць на сябе ўвагу і з’явіцца ў міжнароднай павестцы, то яму ўдалося. Галоўнае пытанне – канчатковая мэта такога буйнога нарошчвання сілаў.

Вольга Харламава, палітычная аглядальніца, Менск:

«Выпрабаванне на рэакцыю. Калі рэакцыя будзе патрэбная, то можа адбывацца эскалацыя сітуацыі далей. Прычым гэта можа быць ужо не інфармацыйная і не псіхалагічная аперацыя. То бок выпрабоўваюць на трываласць, і калі гэтая моц недастатковая, то сітуацыя можа развівацца далей у вельмі непрыемным кірунку для Украіны».

Самы непрыемны сцэнар – ваенная агрэсія. Найбольш верагодны не ў кірунку непрызнаных прарасейскіх рэспублік: пра іх незалежнасць не кажа нават Расея. А дзеля забеспячэння воднай і электрычнай бяспекі Крыму, які ўжо даўно не можа спадзявацца на пастаўкі з Украіны.

Меркаванні
Ці ўцягнуць Беларусь у канфлікт Кіева і Масквы?
2021.04.07 20:16

Андрэй Іларыёнаў, экс-дарадца Уладзіміра Пуціна:

«Не Марыупаль, не распаўсюд ДНР і ЛНР на ўсю тэрыторыю Луганскай і Данецкай вобласцяў, не высадка паміж Мікалаевым і Адэсай. А перадусім усталяванне кантролю над рэчышчам Паўночна-Крымскага каналу».

У эфіры тэлеканалу «Україна 24» былы дарадца Уладзіміра Пуціна адзначае, што магчымы ўдар калі і будзе нанесены, то перадусім па Херсоне. Відавочна таму ў Кіеве не хаваюць, што чакаюць большага як ад ЗША, гэтак і ад краінаў – сябраў NATO. А канкрэтна – плану дзеянняў у справе сяброўства ў NATO.

Міхаіл Самусь, Цэнтр даследавання войска, канверсіі ды раззбраення, Украіна:

«На найбліжэйшым саміце NATO будзе разглядацца стратэгія на найбліжэйшыя 10 гадоў. Думаю, што альянс павінен зразумець: новая стратэгія NATO павінна прадугледжваць не толькі клопат пра ўласных сябраў, але і лідарства, а таксама адказнасць за тое, што адбываецца побач з альянсам».

А побач з альянсам – нашая краіна. Менск у пачатку тыдня абвінаваціў Польшчу ў парушэнні паветранай прасторы, і паводзіны ўладаў Беларусі прымушаюць суседзяў рэагаваць. Украіна ўзмацняе кантроль на мяжы. Нязначна: перадусім будуць спраўджваць таварныя цягнікі і забараняюцца палёты ў памежнай зоне.

Алег Саакян, палітолаг, Кіеў:

«Доўгі час украінцы бачылі ў Лукашэнку нейтральнага субʼекта ў расейска-ўкраінскіх дачыненнях і нават гаранта бяспекі ўкраінскай паўночнай мяжы. Аднак сітуацыя з шырокамаштабнымі рэпрэсіямі і ўсё большым уплывам Расейскай Федэрацыі на беларускую палітыку ды бяспеку, натуральна, не дазваляе нам расцэньваць Лукашэнку як нейтральнага».

Акурат амаль 7 гадоў таму выканальнік абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў сустрэўся з Лукашэнкам і атрымаў ад яго гарантыі неўмяшання ў вайну з Расеяй. Праўда, потым украінскі палітык распавядаў, як ягоны суразмоўца прызнаў, што не можа ў крытычнай сітуацыі адмовіць Пуціну, і абяцаў «папярэдзіць за содні». Сёння такая сустрэча проста немагчымая. Па-першае, кажа ўкраінскі адмысловец, Кіеў не прызнае Лукашэнкі прэзідэнтам. Але гэта толькі фармальная, хоць і моцная прычына.

Міхаіл Самусь, Цэнтр даследавання войска, канверсіі ды раззбраення, Украіна:

«Я не думаю, што Лукашэнка цяпер кантралюе сітуацыю з гледзішча выкарыстання тэрыторыі Беларусі. Насамрэч з 1997 года Лукашэнка не кантралюе магчымасці выкарыстання ўласных збройных сілаў і тэрыторыі ў межах супольнай групоўкі войскаў Расеі і Беларусі».

Больш за тое, пэўнага ўзроўню эскалацыя была б толькі на руку Лукашэнку.

Меркаванні
Канфлікт ва Украіне як звышкрызіс. Беларускі кантэкст
2021.04.06 15:46

Вольга Харламава, палітычная аглядальніца, Менск:

«Гэта адцягне ўвагу ад яго, ад сітуацыі ў Беларусі. Перадусім Еўропа пераключыцца зноў на сітуацыю ва Украіне. А на такую дробязь, як сітуацыя ў Беларусі, будуць звяртаць увагі яшчэ менш, чым цяпер».

У гэтай небяспечнай гульні Лукашэнка робіць рызыкоўную стаўку. Бо калі гэтак патрэбны яму з інфармацыйнага гледзішча канфлікт разгарыцца, зусім не абавязкова, што полымя, як 6 гадоў таму, не дойдзе і да нашае радзімы.

Усевалад Шлыкаў для праграмы «ПраСвет» ад 15.04.2021

ПраСвет
Беларусь стане новым фронтам у вайне Пуціна супраць Украіны? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык
2021.04.16 12:45
Стужка навінаў