Муж Таццяны Гацуры-Яворскай распавёў падрабязнасці пра ператрус і дэпартацыю


Праваабаронца Уладзімір Яворскі, муж Таццяны Гуцуры-Яворскай, распавёў падрабязнасці пра другі ператрус у кватэры сям’і і тое, як яго пастанавілі дэпартаваць з краіны без афіцыйных пастановаў.

«12 красавіка ў нашай кватэры ў Менску прайшоў другі, паўторны ператрус. Пасля 3 гадзінаў, калі ўвесь пакой перабралі па частках, мне сказалі, што я павінен праехаць з імі. Сканфіскавалі старыя дакументы, тэлефоны, якія адпрацавалі сваё, і да таго падобнае. Яны шукалі тое, чаго насамрэч у нас не было, таму знайсці гэта было немагчыма», – напісаў Уладзімір на сваёй старонцы ў Facebook.

Пасля быў допыт на некалькі гадзінаў. Уладзімір падпісаў дакумент пра неразгалашэнне таямніцы следства, бо праходзіць сведкам у крымінальнай справе і не можа пакуль распавядаць дэталяў.

Уладзімір Яворскі.
Фота: naviny.by

«Допыт быў, мякка кажучы, непрыемным і суправаджаўся псіхалагічным і фізічным гвалтам. Пыталі пра маю дзейнасць, а таксама дзейнасці маёй жонкі – Таццяны Гацуры-Яварскай, якую прызналі падазраванай і затрымалі тыдзень раней, пасля першага ператрусу. Вядома, аб праве не даваць сведчанняў пра сябе або сваякоў ніхто не ўспамінаў і слухаць не хацеў, і пра адваката ніхто не ўспамінаў», – кажа мужчына.

У канцы допыту Уладзіміра апавясцілі, што ў яго ёсць 48 гадзінаў, каб пакінуць краіну з дзецьмі дзеля іхнай жа бяспекі. Пры гэтым пагражалі затрымаць паводле крымінальнай справы, а дзяцей адправіць у адмысловыя ўстановы. Мужчыну папярэдзілі, што яму забаронены ўезд у краіну цягам 10 гадоў.

«Ніякіх дакументаў пра гэта, натуральна, не паказалі, але гучала цалкам пераканаўча. Пазаўчора, у сераду, я вылецеў з Менску ў Львоў разам са сваім сынам. Трое іншых, больш дарослых дзяцей засталіся ў Менску з розных прычынаў. Да гэтага часу за мной увесь час сачылі», – распавёў Уладзімір.

Нагадаем, што ўчора ўвечары Таццяну Гацуру-Яворскую адпусцілі з СІЗА без выстаўлення абвінавачання, але яна па-ранейшаму застаецца ў статусе падазраванай.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў