«Менск і Масква могуць стварыць новыя сумесныя фірмы, каб абыходзіць санкцыі Захаду». Эксперт пра беларуска-расейскія перамовы

Прэмʼер міністр РФ Міхаіл Мішусцін у Менску, 16 красавіка 2021 г. Фота: Sergei Sheleg / TASS / Forum

Чаму Лукашэнка актывізаваўся на міжнароднай арэне і плануе чарговы візіт у Расею, каментуе ў жывым эфіры «Белсату» палітолаг Валер Карбалевіч.

16 красавіка ў Менск з візітам прыбыў прэмʼер міністр Расеі Міхаіл Мішусцін. Галоўная мэта візіту, абмеркаванне інтэграцыі мытнай і падатковай сістэмаў Беларусі і Расеі, піша БелТА.

Паводле палітолага Валера Карбалевіча, Масква карыстаецца слабым становішчам Лукашэнкі, каб вярнуцца да так званага інтэграцыйнага ўльтыматуму Дзмітрыя Мядзведзева.

«Фактычна Расея вяртаецца да той стратэгіі, якая была агучаная яшчэ ў снежні 2018 года, падчас знакамітага візіту тагачаснага прэмʼера Расеі Дзмітрыя Мядзведзева ў Берасце, дзе ён фактычна вылучыў ультыматум. Сэнс гэтага ўльтыматуму ў тым, што Расея будзе надалей эканамічна падтрымліваць Беларусь толькі пры ўмове, што Беларусь пагодзіцца на больш шчыльную інтэграцыю. У медыях гэта тады назвалі «прымусам да інтэграцыі». Увесь 2019 год абмяркоўвалі дарожныя мапы, але ў рэшце з гэтага нічога не атрымала. Бо зразумела, што новы крок на шляху інтэграцыі азначае новы крок у абмежаванні беларускага суверэнітэту», – кажа Валер Карбалевіч.

Пасля выбараў 2020 года сітуацыя істотна змянілася, перадусім праз адсутнасць легітымнасці ў Лукашэнкі як унутры краіны, так і сярод вонкавых партнёраў, кажа эксперт.

«У Сочы падчас перамоваў 22 лютага бакі заявілі, што вяртаюцца да інтэграцыйнай стратэгіі і візіт Мішусціна ў Менск гэта важны складнік рэалізацыі гэтай стратэгіі», – кажа суразмоўца «Белсату».

Магілёўхімвалакно. Магілёў, Беларусь. 14 красавіка 2021 года. Фота: ТК / Белсат

Эканамічная сітуацыя цяпер таксама не на карысць афіцыйнага Менску, звяртае ўвагу эксперт. Кола патэнцыйных крэдытораў для Менску значна звузілася праз палітычны крызіс, які доўжыцца з мінулага жніўня.

«Калі ў 2019 годзе была магчымасць атрымаць крэдыты ад міжнародных фінансавых арганізацыяў, то цяпер гэта тэма закрытая. Акрамя Расеі няма каму даваць грошы. Апроч таго, з дапамогай Расеі могуць быць створаныя новыя фірмы, магчыма сумесныя, праз якія можна будзе прадаваць нафтапрадукты ў ЕЗ і не падпадаць пад санкцыі. Магчыма пра гэта ішла гаворка сёння ў Менску падчас візіту Мішусціна і будзе ісці падчас візіту Лукашэнкі ў Маскву», – кажа Валер Карбалевіч.

Адзначым, што на 22 красавіка ў Маскве запланаваная сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. А 26 красавіка плануецца аднаўленне санкцыяў ЗША супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў.

Чаканне з пахам нафты

Пытанне Беларусі не знята з парадку дня і інтэграцыйная вайна будзе працягвацца

АА belsat.eu

Hавiны