Каго з зорак злавілі з наркотыкамі, і што ім за гэта было


Сёння беларускую рэп-зорку Ціму Беларускіх за 0,4 грама гашышу і 0,0375 грама амфетаміну пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі». Для краіны, дзе за пыл нейкага рэчыва людзі адпраўляюцца за краты на доўгія гады, гэта ледзь не прыемнае выключэнне. Глядзім, каго яшчэ з беларускіх, расейскіх і заходніх славутасцяў лавілі з забароненымі рэчывамі і што ім за гэта было.

Арцём Бародзіч, актор Купалаўскага тэатру, адседзеў 3 гады і 10 месяцаў калоніі

Актор Арцём Бародзіч.
Фота: Артем Бородич / vk.com

У кастрычніку 2015 года ў кватэры актора аднаго з найбуйнейшых тэатраў Беларусі Арцёма Бародзіча міліцыя знайшла 26 грамаў марыхуаны. Гэта быў ужо другі раз, калі ён атрымаў тэрмін за захоўванне нелегальных рэчываў. Першы раз, яшчэ ў 2010 годзе, ён атрымаў умоўны тэрмін.

У сакавіку 2016 года Бародзіч усё-ткі адправіўся ў калонію на 5 гадоў, але адседзеў толькі 3 гады і 10 месяцаў. Пазней у інтэрвʼю журналістам ён казаў, што турма моцна змяніла ягонае адчуванне свету. Але сцвярджаў, што гэта быў неабходны ўдар. Пасля тэрміну Бародзіч вярнуўся ў прафесію і пачаў здымацца ў кіно.

Клім Малажавы, вакаліст «Botanic Project», правёў 5 гадоў у калоніі

Вакаліст гурта «Botanic Project» Клім Малажавы.
Фота: Климентий Моложавый / vk.com

У 2016 годзе суд прызнаў вакаліста рэгі-гурта «Botanic Project» Кліма Малажавага вінаватым у распаўсюдзе наркотыкаў і адправіў у калонію на 9 гадоў. Тады маладзечанская міліцыя знайшла ў яго 40 грамаў гашышу і 17 грамаў марыхуаны. На шчасце, дзякуючы амністыям і зменам у заканадаўстве музыка адседзеў толькі 5 гадоў і выйшаў на волю ў лютым 2021-га.

Падчас допытаў ён спрабаваў давесці да следства, што не лічыць марыхуану наркотыкам. Але словы музыкі не пераканалі следчага і суд. У калоніі Клім займаўся сабою, чытаў і працягваў пісаць музыку. Цяпер ён выступае з «Botanic Project».

Акторка Наталля Бачкарова і штраф за какаін

Акторка Наталля Бачкарова.
Фота: natalia_bochkareva_official / instagram

У Расеі Фэміда больш лаяльна ставіцца да зорак, у якіх знаходзяць наркотыкі. Напрыклад, у студзені 2020 года ў акторкі Наталлі Бачкаровай (найбольш вядомай з сіткому «Шчаслівыя разам») знайшлі 0,69 грама какаіну. У выніку акторцы далі штраф 30 тысячаў расейскіх рублёў (сённяшнім курсам – $ 388). Пасля аплаты штрафу ў Бачкаровай нават не было судзімасці. Гэта адзін з найбольш мяккіх варыянтаў развіцця падзеяў. Паводле расейскага заканадаўства, яна нават магла адправіцца ў турму на 3 гады.

Чаму так атрымалася? Наталля Бачкарова прызнала сваю віну, ейныя дзеянні нікому не прынеслі шкоды, а таксама яна перавяла даволі вялікую суму ў дабрачынны фонд.

Лёва з гурту «Бі-2» атрымаў адміністратыўную адказнасць за захоўванне марыхуаны

Лёва, вакаліст гурта «Бі-2».
Фота: levab2 / instagram

Удзельніка папулярнага гурта «Бі-2», які, дарэчы, паходзіць з Бабруйску, у 2017 годзе арыштавалі на футбольным матчы з рэчывам, якое нагадвала марыхуану. Для Лёвы справа вельмі лёгка скончылася: ён толькі сплаціў штраф 3 тысячы расейскіх рублёў (цяпер гэта $ 40) за палову грама марыхуаны.

Нагадаем, што ў Цімы Беларускіх знайшла яшчэ меней – 0,4 грама гашышу.

Рэпер Паша Тэхнік і 5 гадоў калоніі строгага рэжыму

Рэпер Паша Тэхнік.
Фота: techniquepasha / instagram

Аднак не ўсім расейскім зоркам пашанцавала, як Лёве або Наталлі Бачкаровай. Напрыклад, вядомы ў вузкіх колах рэпер Паша Тэхнік у 2009-м адправіўся на 5 гадоў у калонію строгага рэжыму. Тады яго абвінавацілі ў захоўванні і распаўсюдзе рэчываў.

Тэрмін рэпер адбываў у калоніі ў Карэліі. Заключэнне ён апісваў як «страчаны час». Напэўна, меў рацыю. Цяпер, дарэчы, музыка ізноў за кратамі: яго асудзілі на 11 месяцаў за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Дарэчы, менавіта праз той вырак за наркотыкі гэтым разам ён атрымаў рэальны тэрмін.

А што ў Галівудзе?

Шмат хто з галівудскіх зорак цягам доўгіх гадоў змагаўся з залежнасцю. Некаторыя нават адседзелі ў турме. Напрыклад, Робэрт Даўні – малодшы актыўна змагаўся з залежнасцю ад рэчываў з 1996 да 2001 года. У выніку ён правёў паўтара года за кратамі, а таксама меў некалькі гадоў грамадскіх працаў.

Акторку Лінзі Лоўан некалькі дзясяткаў разоў арыштоўвалі за захоўванне наркотыкаў і за кіраванне аўтамабілем у пʼяным выглядзе. Але за кратамі яна праводзіла максімум некалькі тыдняў.

Мэт’ю МакКонагэй у далёкім 1999 годзе арыштавалі за захоўванне марыхуаны. Ён правёў у пастарунку ажно 9 гадзінаў, пакуль яго не вызвалілі пад заклад $ 1000.

  • У Беларусі ўвялі крымінальную адказнасць за захоўванне, распаўсюд і транспартаванне наркатычных рэчываў. Прычым заканадаўства справядліва лічыцца найбольш жорсткім у Еўропе – паводле арт. 328 можна атрымаць да 25 гадоў зняволення.
  • Праз жорсткае заканадаўства ў краіне ўзнікла адразу некалькі ініцыятыў, якія змагаюцца за лібералізацыю наркапалітыкі. Найбольш вядомыя – Матчын рух 328 і «Legalize Belarus». Актывісткам удалося дамагчыся зніжэння ніжэйшага парогу ў некаторых частках артыкулу 328.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў