Абралі старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў


Старшынёю Беларускай асацыяцыі журналістаў трэці раз стаў Андрэй Бастунец.

16 красавіка ў Менску адбыўся ХІ справаздачна-выбарчы з’езд БАЖ.

У зʼездзе ўзялі ўдзел каля 60 дэлегатаў, а таксама госці. Былі заслуханыя справаздачы пра дзейнасць арганізацыі за апошнія тры гады, будуць абраныя кіраўнічыя органы БАЖ, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

Дэлегаты згадалі імёны журналістаў, якія цяпер у няволі, а таксама тых, хто пайшоў з жыцця апошнімі гадамі.

Старшыня БАЖ прэзентаваў з’езду справаздачу пра дзейнасць арганізацыі за апошнія тры гады.

Андрэй Бастунец падкрэсліў, што арганізацыя выконвала свае статутныя мэты і задачы, нягледзячы на ўсе складанасці, з якімі сутыкнулася супольнасць у цэлым і арганізацыя ў прыватнасці.

«Зразумела, калі ў 2019 годзе на першым месцы былі адукацыйныя мерапрыемствы, то ў 2020 годзе быў акцэнт на праваабарончую дзейнасць, падтрымку калег, якія сутыкнуліся з пераследам, – адзначыў Бастунец.

Андрэя Бастунца абралі старшынёй арганізацыі на наступныя тры гады аднагалосна.

Намеснікамі старшыні БАЖ сталі Ірына Слаўнікава, Барыс Гарэцкі, Алег Агееў, Аляксандр Старыкевіч.

Працаўніца «Белсату» Ірына Слаўнікава стала намесніцаю старшыні БАЖ.
Фота: Белсат

Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца наступныя журналісты і сябры БАЖ: Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Кацярына Барысевіч, Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Пётр Слуцкі, Ксенія Луцкіна, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Сяргей Гардзіевіч – хатні арышт. Таксама за кратамі знаходзяцца праваабаронца, сябра ГА «БАЖ» Леанід Судаленка, Ірына Злобіна (была арыштаваная разам з Андрэем Аляксандравым), сябры арганізацыі публіцыст Аляксандр Фядута, палітык Павел Севярынец.

AB belsat.eu

Стужка навінаў