Зяленскі сустрэўся ў Кіеве з кіраўнікамі ўрадаў Польшчы, Чэхіі і Славеніі


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з кіраўніком польскага ўраду Матэўшам Маравецкім, віцэ-прэм’ер-міністрам Польшчы Ярославам Качыньскім, прэмʼер-міністрам Чэхіі Пэтрам Фіялам і прэмʼер-міністрам Славеніі Янэзам Яншам, якія прыбылі ў Кіеў.

Фота: president.gov.ua

Уладзімір Зяленскі падзякаваў кіраўнікам урадаў Польшчы, Чэхіі і Славеніі за падтрымку, якую іх краіны надаюць Украіне, а таксама за асабісты візіт у Кіеў.

«У такі час, калі шмат амбасадараў пакінула Украіну ў сувязі з поўнамаштабным уварваннем Расейскай Федэрацыі, гэтыя паважаныя людзі, лідары сваіх цудоўных незалежных еўрапейскіх дзяржаваў, нічога не баяцца, больш баяцца за наш лёс, і яны тут, каб нас падтрымаць. Гэта вялікі, мужны, правільны і сяброўскі крок. І я ўпэўнены, што з такімі сябрамі, такімі краінамі, з такімі суседзямі і партнёрамі мы сапраўды зможам перамагчы», – сказаў Уладзімір Зяленскі журналістам па выніках сустрэчы.

Фота: president.gov.ua
Фота: president.gov.ua

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што падчас перагавораў абмяркоўваліся пытанні гарантый бяспекі для Украіны, узмацненне санкцыйнай палітыкі ў адносінах дзяржавы-агрэсара, а таксама перспектывы сяброўства Украіны ў Еўрапейскім Звязе.

Таксама падчас сустрэчы закранулі планы аднаўлення Украіны пасля завяршэння ваенных дзеянняў, адзначыўшы, што тут важная міжнародная дапамога ў напаўненні адпаведных фондаў, якія ўжо стварыў украінскі ўрад.

«Мы ведаем на сто асдоткаў, што ўсё, што мы абмяркоўваем, дойдзе да той пазітыўнай мэты для нашай краіны, нашай бяспекі і нашай будучыні», – падкрэсліў Зяленскі.

Фота: president.gov.ua

Пасля сустрэчы Маравецкі напісаў у Facebook: «Мы павінны як мага хутчэй спыніць гэтую трагедыю, якая разгортваецца на ўсходзе». Таксама ён дадаў, што Украіна карыстаецца «безумоўнай падтрымкай» ЕЗ.

Візіт заходніх палітыкаў у Кіеў арганізаваны па ўзгадненні з кіраўніком Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем і старшынёй Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен. «Мэта візіту – пацвердзіць недвухсэнсоўную падтрымку суверэнітэту і незалежнасці Украіны з боку ўсяго Еўрапейскага Звязу і прапанаваць шырокі пакет дапамогі для ўкраінскай дзяржавы і ўкраінскага грамадства», – адзначылі ў Варшаве.

Пасля сустрэчы кіраўнікі ўрадаў Польшчы, Чэхіі і Славеніі пакінулі Украіну.

Hавiны
Міжнародны суд ААН пастанавіў, што Расея павінна спыніць вайну ва Украіне
2022.03.16 19:34

АД belsat.eu

Стужка навінаў