Ва Украіне забаранілі выраб і распаўсюд расейскай прапаганды

Уладзімір Зяленскі падпісаў Закон аб забароне на выраб і распаўсюд расейскай прапаганды. Цяпер прэса, тэлебачанне і радыё не могуць апраўдваць, прызнаваць правамернай, аспрэчваць узброеную агрэсію Расейскай Федэрацыі супраць Украіны.

Вярхоўная Рада Украіны. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Shutterstock

Закон аб забароне на выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, скіраванай на прапаганду дзеянняў Расейскай Федэрацыі, Вярхоўная Рада Украіны прыняла яшчэ 3 сакавіка. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў яго 14 сакавіка.

Закон забараняе сродкам масавай інфармацыі апраўдваць ці аспрэчваць расейскую агрэсію супраць Украіны ў 2014 годзе. У прыватнасці, забараняецца называць дзеянні РФ такімі выразамі, як «унутраны канфлікт», «грамадзянскі канфлікт», «грамадзянская вайна», адмаўляць акупацыю часткі тэрыторыі Украіны.

Слоўнік Пуціна. Якімі словамі Крэмль тлумачыць вайну з Украінай і што за гэтым стаіць

Забараняецца таксама праслаўленне асобаў, якія ўчынілі ўзброеную агрэсію супраць Украіны ў 2014 годзе, шляхам ужывання адносна іх словаў «паўстанцы», «апалчэнцы», «сумленныя вайсковыя людзі».

Закон таксама прадугледжвае магчымасць прыпынення ва Украіне дзейнасці партыяў, рэлігійных і грамадскіх арганізацыяў, дзейнасць якіх скіраваная на ліквідацыю незалежнасці Украіны, змену канстытуцыйнага ладу, парушэнне суверэнітэту ці тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, прапаганду вайны ці апраўданне дзеянняў Расеі як краіны-агрэсара.

ГГ, belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны