У Марыупалі разбамбілі драматычны тэатр, у якім хаваліся дзеці і жанчыны


Удзень 16 сакавіка ў Марыупальскі драматычны тэатр трапіла авіябомба расейскіх войскаў, паведамляе Марыупальская гарадская рада.

У тэатры часова размяшчалася некалькі соцень жыхароў, якія пазбавіліся дамоў пасля абстрэлаў.

Марыупальскі драматычны тэатр пасля абстрэлу.
Фота: mariupolnow/ Telegram

У выніку трапляння бомбы знішчаная цэнтральная частка будынку, абломкі заблакіравалі ўваход у бамбасховішча. Інфармацыя аб загінулых і параненых удакладняецца.

«Там хавалася ад абстрэлаў вялізная колькасць гараджанаў, колькі пад заваламі загінулых – невядома. Цяпер ідуць жорсткія баі. Ніхто не можа дабрацца да завалаў, мы не ведаем, ці ёсць ацалелыя. І самае страшнае – не можам іх з-пад завалаў дастаць. Многія марыупальцы хаваліся ў тэатры з маленькімі дзецьмі! Бамбасховішча таксама засыпанае, там таксама людзі, дзеткі!», – напісаў былы народны дэпутат Сяргей Тарута.

Марыупальскі драматычны тэатр пасля абстрэлу.
Фота: mariupolnow/ Telegram

Так у тэатры да абстрэлу хаваліся людзі, сярод іх шмат жанчын і дзяцей:

Яшчэ адна авіябомба прыляцела ў басейн «Няптун». Будынак служыў сховішчам для цяжарных жанчын і маці з дзецьмі да 3-х гадоў. Адну цяжарную заваліла абломкамі.

Таксама 16 сакавіка каля 15:30 па дарозе ў Запарожжа пад абстрэл расейскай артылерыяй трапіла калона жыхароў Марыупалю. Яны спрабавалі эвакуявацца з гораду ў больш бяспечнае месца.

Паводле папярэдніх звестак, ёсць ахвяры і параненыя, у тым ліку дзеці.

Раненае дзіцё пасля абстрэлу калоны жыхароў, якія спрабавалі выехаць з Марыупалю.
Фота: УНІАН / Telegram

«У Драмтэатры хавалася некалькі сотняў марыупальцаў. Што з імі цяпер – невядома, бо ўваход у бамбасховішча завалены абломкамі. Расяяне ўжо зараз пачынаюць хлусіць, нібыта там быў штаб палка «Азоў». Але яны і самі выдатна ведаюць, што там былі толькі цывільныя.

Таксама выключна цывільныя былі і ў «Нептуне». Цяпер там пад заваламі ў тым ліку цяжарныя жанчыны і жанчыны з дзецьмі. Гэта чысты тэрарызм! Пакуль немагчыма высветліць колькасць ахвяр гэтых абстрэлаў. Акрамя таго, сёння ж расейская мярзота з «Градаў» абстраляла аўтамабільную калону, якая ішла з Марыупалю ў Запарожжа. Ёсць 5 параненых, у тым ліку адно дзіця», – напісаў кіраўнік Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Павел Кірыленка.

Таксама 16 сакавіка расейскія вайскоўцы абстралялі і іншыя будынкі гораду і жылыя дамы.

Шчыра кажучы
«Я назірала, як забіваюць маіх суседзяў», – украінцы пра выжыванне пад абстрэламі
2022.03.16 17:02

АД belsat.eu

Стужка навінаў