Таццяна Шчытцова пра новы Кодэкс аб адукацыі: Фактычна, гэта схаваная форма сацыяльнага рабства


Дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі Таццяна Шчытцова абмеркавала з намі новы Кодэкс аб адукацыі і падзялілася сваімі думкамі, з чаго варта пачынаць змены ў працэсе навучання, каб ён быў зручны, зразумелы, сучасны і адпаведны цяперашняму развіццю грамадства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Спадарыня Шчытцова адзначыла, што пытанняў да новага Кодэксу вельмі шмат, таму мы закранулі толькі асноўныя болевыя пункты.

Абавязковая сярэдняя адукацыя

Першае, на што Таццяна Шчытцова звярнула ўвагу, – абавязковая сярэдняя адукацыя. Гэтак, цяпер на заканадаўчым узроўні будзе зацверджана: 11 гадоў чалавек мусіць правесці ў школе. Раней абавязковай была базавая адукацыя, 9 класаў.

Такая захада пазбаўляе сістэму адукацыі гнуткасці, а гэта прынцыповы стратэгічны і палітычны прыярытэт, які ў Беларусі не прасочваецца гадамі.

«Ва ўсіх пытаннях мае закладацца гнуткі падыход, які адкрывае розныя магчымасці чалавеку ў залежнасці канкрэтна ад ягонай сітуацыі. То бок старшакласнік да 10 класа, бывае, ужо асвойвае нейкія навыкі, звязаныя, напрыклад, з ІТ, ці нешта іншае ў крэатыўных сферах, і ён ці яна гатовыя рэалізоўваць сябе прафесіянальна, а не заставацца ў школе ці ісці ў нейкую прафесію ў рамках каледжу, што яго/яе не цікавіць», – кажа экспертка.

Адпрацоўванне пасля атрымання адукацыі

Мэтавае размеркаванне, калі студэнт ведае, куды пойдзе працаваць пасля ВНУ, было і раней. То бок пасля вучобы ён ці яна едзе ў арганізацыю, ад якой было атрыманае накіраванне. Новы кодэкс пашырыў пералік узроўняў адукацыі, пасля якіх варта мець адпрацоўванне, дадаўся і магістарскі ўзровень.

Чалавек, які скончыў бакалаўрыят ці магістратуру, мусіць адпрацаваць 5 гадоў у месцы размеркавання. Адсотак мэтавых месцаў у розных установах будзе значна павялічаны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Такі прынцып размеркавання ў выглядзе мэтавага паступлення – вельмі падступны. Фактычна, гэта схаваная форма сацыяльнага рабства. У абавязковым парадку адпрацоўваць 5 гадоў недзе ў перыферыі ў розных галінах, а часцяком ідзе гаворка пра месцы, што застаюцца ў сацыяльным і эканамічным заняпадзе і без перспектываў развіцця. Тут трэба падкрэсліць, што сама дзяржава давяла рэгіёны і малыя населеныя пункты да вартага жалю стану.

Людзі з такіх мясцінаў з’яджаюць, бо там няма асяродку для развіцця. І туды ў прымусовым парадку будуць адпраўляць моладзь, якая на ўздыме сваіх магчымасцяў!» – абураецца Таццяна Шчытцова.

На ейную думку, моладзь робіцца закладніцай неэфектыўнай сістэмы дзяржаўнага кіравання:

«Спачатку давялі эканоміку і сацыяльныя інстытуты да стадыі крызісу, а потым, каб забяспечыць наяўнасць кваліфікаваных кадраў на месцах, яны, замест фундаментальных рэформаў, робяць моладзь закладнікамі такой сітуацыі».

Ільготнае паступленне ў ВНУ

У новым Кодэксе б адукацыі апісаная група людзей, якія будуць мець ільготы пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Спіс ільготнікаў, акрамя пераможцаў алімпіядаў, уключае яшчэ выпускнікоў вайскова-патрыятычных класаў, дзяцей вайскоўцаў і міліцыянтаў, якія загінулі ці атрымалі інваліднасць пры выкананні службовых абавязкаў. Таццяна Шчытцова звяртае ўвагу на некалькі спрэчных момантаў:

«Вы бачыце, якая тут логіка? Вылучаюць паспяховых дзяцей-алімпіяднікаў, а разам з імі – вельмі спецыфічная падборка, якая падпадае пад ідэалагічную рамку дзяржаўных органаў.

А давайце запытаем, чаму ў спісе няма, напрыклад, дзяцей медыкаў, якія загінулі падчас працы ў клініках, ратуючы жыцці людзей ад ковіду?

Калі ісці ўслед за логікай складальнікаў гэтага Кодэксу і вылучаць групы працаўнікоў, якія маюць пэўныя рызыкі на працы, і мы з пашаны да іх хочам падтрымаць іхных дзяцей адмысловым чынам, то чаму няма дзяцей медыкаў?»

Непакоіць экспертку тое, што ў ільготную групу вылучылі выпускнікоў вайскова-патрыятычных класаў:

«Чаму яны вылучаныя ў ільготную групу? Бо гэта праваднікі дзяржаўнай таталітарнай ідэалогіі. Відавочна, што гэта стаўка на тых, хто будзе палітрукамі ў нашым грамадстве. На гэта варта звяртаць увагу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Аднак сама гаворка пра льготнае паступленне ўздымае праблему роўнага доступу да адукацыі. У Беларусі гэтая праблема вельмі глыбокая і датычыць перадусім школьнага навучання ў вясковых школах і невялікіх гарадах.

«Паводле вынікаў даследавання ў рамках праграмы PISA стала вядома, што ў нас ёсць істотны разрыў паміж узроўнем адукацыі вучняў гарадскіх і сельскіх школаў. То бок людзі, якія наведваюць маленькую аддаленую ад гораду школу, маюць менш шанцаў атрымаць якасную адукацыю. Вось пра што варта задумацца.

Варта задумацца, як зрабіць адукацыю роўна дасяжнай найперш у школе. Калі мы забяспечым такую магчымасць па ўсёй краіне, то і магчымасць паступлення ў ВНУ таксама будзе для ўсіх збольшага роўная.

Варта думаць пра распрацоўванне палітыкі, што забяспечыць дасяг да якаснай адукацыі на ўсіх узроўнях. А пачынаць варта са школаў», – упэўненая наша суразмоўца.

Дыстанцыйная адукацыя

Праз каронавірус Беларусь разам з іншымі краінамі свету сутыкнулася з неабходнасцю дыстанцыйнай адукацыі з прычыны антыпандэмійных абмежаванняў. Гэтая сітуацыя захоўваецца трэці год, але ў Кодэксе яна амаль не прапрацаваная.

«У Кодэксе ўведзены панятак «дыстанцыйнае навучанне», але паводле гэтага дакументу такая форма адукацыі не прадугледжаная на ўзроўні сярэдняй школы. А эпідэмія якраз і паказала нам, наколькі запатрабаванае дыстанцыйнае навучанне менавіта ў школах. Паводле Кодэксу, дыстанцыйнае навучанне прадугледжанае для сярэднеспецыяльнай адукацыі і вышэйшай адукацыі. Пра звычайную сярэднюю школу нічога не гаворыцца», – звярнула ўвагу Шчытцова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЛП / Белсат

Яна бачыць гэтую сітуацыю сімптаматычнай:

«Якая вострая праблема з адукацыяй выявілася падчас надыходу пандэміі каронавіруса! Адзін з галоўных запытаў, пасля медычнай дапамогі, быў акурат на дыстанцыйнае навучанне для дзяцей ва ўмовах каранціну. І Міністэрства адукацыі Беларусі не змагло гэтага забяспечыць. Аказалася, што сістэма адукацыі не гатовая ні тэхнічна, ні арганізацыйна.

І вось яны выпускаюць новы Кодэкс, дзе нічога ў гэтай галіне прынцыпова не прапісанае.

Нібыта складальнікі Кодэксу не вынеслі ніякіх урокаў, нібыта не зрабілі ніякіх высноваў за такі доўгі час. Яны мусілі прапісаць неабходнасць распрацоўвання і ўкаранення магчымасцяў дыстанцыйнага навучання менавіта ў школе. Гэта відавочная патрэба».

Неабходнасць рэфармавання

Таццяна Шчытцова перакананая, што рэфармаваць сферу адукацыі на ўсіх узроўнях трэба грунтоўна і даўно, але зусім не так, як гэта адбываецца цяпер:

«Рэфармаваць сістэму адукацыі ў школе і ВНУ трэба ва ўзаемадзеянні розных сацыяльных групаў. Перад тым, як прымаць нейкія пастановы і выдаваць кодэксы, мае прайсці грунтоўнае абмеркаванне ў грамадстве.

І не проста на розных узроўнях улады, а паміж рознымі суб’ектамі: прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў, незалежнымі экспертамі, прадстаўнікамі бізнесу, супольнасцямі выкладчыкаў і настаўнікаў, бацькоўскай супольнасцю.

Глабалізацыя і новыя інфармацыйныя тэхналогіі моцна памянялі сітуацыю ў адукацыі. З’явіліся новыя спецыяльнасці, развіваецца онлайнавая адукацыя, камунікацыйныя тэхналогіі, змяняецца рынак працы. Гэта патрабуе пільнага дагляду, абмеркавання і прыняцця пастановаў, якія будуць адпавядаць сучаснасці. Нічога гэтага не было праведзена. Не было адкрытага абмеркавання з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. Абмяркоўвалі толькі тыя, каму дазволілі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЛП / Белсат

Дарадца ў пытаннях адукацыі адзначыла, што нават праблема размеркавання і адпрацоўвання можа развязацца не прыгонным заканадаўствам, а праз узаемадзеянне з бізнесам і інвеставанне ў пэўныя сферы.

«Гэтага не адбываецца. Бо захоўваецца аўтарытарнае кіраванне. Дзяржаўны апарат функцыянуе паводле старых звычаяў, толькі зверху ўніз, і ўсё, што яны могуць, – гэта ўказам прэзідэнта ўвесці ў дзеянне нейкі быццам бы новы Кодэкс, які не мае ніякіх прынцыпова новых развязкаў», – падагуліла Таццяна Шчытцова.

«І не трэба забываць, што Кодэкс падпісаны чалавекам, які не мае ніякага права што-кольвек вызначаць для нашай краіны».

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў