Радыяцыйная небяспека: куды бегчы, як хавацца і што рабіць з ёдам


Падчас нападу на Украіну расейскія войскі, абстраляўшы абаронцаў, здолелі захапіць Чарнобыльскую і Запарожскую АЭС. Гэта выклікала занепакоенасць у сувязі з магчымымі выбухамі на атамных станцыях і выкідам радыяцыі. Спрабуем разабрацца, што варта рабіць, калі такое здарыцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спецыялісты падчас вучэнняў па грамадзянскай абароне ў выпадку ядравай катастрофы на мяжы Літвы і Беларусі. 2 кастрычніка 2019 года.
Фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

«У небяспецы будзе практычна ўвесь свет»

Ва Украіне дзеюць чатыры атамныя станцыі з 15 энергаблокамі: Запарожская, Ровенская, Хмяльніцкая і Паўднёва-Украінская. Таксама тут застаецца Чарнобыльская АЭС, якая, хоць і была выведзеная з эксплуатацыі яшчэ ў 2000 годзе, працягвае працаваць дзеля астуджэння адпрацаванага ядравага паліва.

«Яны [паліўныя зборкі. – Рэд. belsat.eu] маюць патрэбу ў пастаянным астуджэнні, якое магчымае толькі пры наяўнасці электразабеспячэння. Калі яго не будзе, помпы не будуць працаваць на астуджэнне. У выніку вырасце тэмпература ў басейнах вытрымкі, будзе награванне і выкід радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Ветрам радыеактыўнае воблака можа быць перанесенае ў іншыя рэгіёны Украіны, Беларусі, Расеі, Еўропы», – гаворыцца ў паведамленні ўкраінскай кампаніі «Енергоатом».

24 лютага расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС, а 4 сакавіка – Запарожскую. Фактычна, персанал абедзвюх станцыяў стаўся закладнікамі. А самі станцыі і тэрыторыі вакол іх падвяргаюцца абстрэлам.

Hавiны
Расейцы «абудзілі» Чарнобыль: хто цяпер адказны за бяспеку ЧАЭС
2022.02.26 15:05

Запарожская АЭС – найбуйнейшая і самая магутная станцыя ва ўсёй Еўропе – размешчаная на Кахоўскім вадасховішчы ля левага берагу ракі Дняпро. Дняпро ўпадае ў Чорнае мора, якое, у сваю чаргу, нясе воды ў Міжземнае мора.

«У выпадку выцеку радыяцыі ў небяспецы будзе практычна ўвесь свет», – пішуць «Новости ООН».

Таксама паведамляецца пра спробы войскаў РФ 16 сакавіка захапіць Паўднёва-Украінскую АЭС, але няўдалыя.

І хоць на гэты момант, паводле ўкраінскага «Енергоатому», усе ўкраінскія АЭС працуюць, а «радыяцыйны, пажаранебяспечны і экалагічны стан на прамысловых пляцоўках АЭС і прылеглых тэрыторыях не змяніўся і застаецца ў межах дзейных стандартаў», карэспандэнты «Белсату» сабралі правілы паводзінаў у надзвычайных радыяцыйных сітуацыях.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спецыялісты падчас вучэнняў па грамадзянскай абароне ў выпадку ядравай катастрофы на мяжы Літвы і Беларусі. 2 кастрычніка 2019 года.
Фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

Тым больш што і Расея не цураецца ядравага шантажу. Гэтак, 27 лютага Уладзімір Пуцін аддаў загад прывесці расейскія сілы стрымлівання (куды ўваходзіць і ядравая зброя) у асаблівы рэжым баявога дзяжурства праз «агрэсіўныя выказванні на Захадзе» і ўведзеныя санкцыі.

Чаму і як прымаць ёд

Першыя медычныя дзеянні ў выпадку рэзкага павышэння радыяцыйнага фону апісаў у сваім відэа вядомы ўкраінскі доктар Яўген Камароўскі.

«Першае, што адбываецца пры радыеактыўным заражэнні, – гэта выкід радыеактыўнага ёду, які забівае шчытападобную залозу. Таму ёсць найважнейшае правіла абароны. Калі ёсць пагроза радыеактыўнага заражэння, трэба прыняць унутр звычайны ёд. Тады шчытападобная залоза будзе занятая гэтым ёдам, і мы зможам яе абараніць ад паражэння», – адзначыў ён.

Разбурэнне радыеактыўным ёдам шчытападобнай залозы пазней прыводзіць да раку.

Прыняць ёд трэба ў выпадку рэальнай пагрозы недзе за 30 хвілінаў да пагрозы ці ў першыя хвіліны або гадзіны, калі абвешчаная трывога.

Калі так зрабіць у першыя дзве гадзіны, то абарона перавышае 90 %, калі за 30 хвілінаў да выбуху – то амаль 100-адсоткавая абарона, падкрэсліў доктар Камароўскі.

Звычайна ў гэтых сітуацыях раяць ужываць таблеткі калію ёдыду (1 т = 250 мг). Як гэта рабіць:

  • дарослыя і дзеці ад 2 гадоў – 125 мг = ½ таблеткі;
  • дзеці да 2 гадоў – 40 мг = 1/6 таблеткі.

«Калі вам не ўдасца купіць таблеткі калію ёдыду, а я вельмі сумняюся, што вам яго ўдасца набыць, то вы павінны ведаць, што ў якасці альтэрнатывы можна выкарыстоўваць звычайны раствор 5-адсоткавага ёду. Ён не дэфіцыт, ёсць у любой аптэцы і, больш за тое, ёсць у кожнай аўтамабільнай аптэчцы. Яго нават бегчы купляць не трэба», – адзначыў доктар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kiril Čachovski / DELFI

Раствор ёду 5 % прымаюць разам з цёплым малаком ці вадой наступным чынам:

  • дарослыя і дзеці, старэйшыя за 14 гадоў,– 40 кропляў унутр;
  • дзеці ад 5 да 14 гадоў – 20 кропляў унутр;
  • дзеці ад 2 да 5 гадоў – 20 кропляў на скуру ў выглядзе сеткі;
  • дзеці да 2 гадоў – 10 кропляў на скуру ў выглядзе сеткі.

Украінская платформа «Взаємодія», створаная для хуткага і лёгкага пошуку інфармацыі падчас вайны, раіць ужываць калій ёдыд 1 раз на дзень цягам тыдня, раствор ёду – тройчы на дзень цягам тыдня, наносіць ёдавую сетку дзецям – 1 раз на дзень цягам тыдня.

Калі не трэба прымаць ёд

Між тым, пра нюансы ўжывання ёду распавяла ў інтэрв’ю «Deutsche Welle» нямецкая аптэкарка Біргіт Катарына Кох. Яна падкрэсліла, што таблеткі ёду «прымаць у выпадку надзвычайнага здарэння павінны толькі людзі ва ўзросце да 45 гадоў, якія пражываюць у зоне да 100 кіламетраў ад асяродку радыеактыўнага выцеку».

«А за межамі небяспечнай зоны таблеткі ёду павінны прымаць у першую чаргу цяжарныя жанчыны, маці, якія кормяць немаўлят, і дзеці да 14 гадоў», – заявіла аптэкарка.

Людзям, старэйшым за 45 гадоў, не рэкамендуецца прымаць таблеткі ёду для блакады шчытападобнай залозы, бо, паводле нямецкіх экспертаў, рызыка пабочных эфектаў для гэтай групы занадта высокая. Залішні прыём высокіх дозаў ёду можа быць нават небяспечны, бо шмат хто ўжо мае павышаную функцыю шчытападобнай залозы. Эксперты не раяць прымаць ёд, калі няма вострай неабходнасці ці пагрозы.

Што яшчэ рабіць?

Апроч ужывання ёду згаданая вышэй платформа «Взаємодія» раіць падчас радыяцыйнай небяспекі тэрмінова схавацца ў будынку, найлепш – у падвале з пакрыццём з цэглы і бетону. Пры гэтым варта закрыць усе вокны і дзверы, каб зменшыць пранікненне радыяцыі.

У гэты час трэба ўважліва слухаць паведамленні органаў дзяржаўнай улады, удакладніць месца эвакуацыі і сабраць у герметычную валізку неабходныя рэчы (дакументы, лекі, харчы, запас вады і г. д.). Не забывайце пра тых, каму можа спатрэбіцца вашая дапамога, – людзей сталага веку, дзяцей, інвалідаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спецыялісты падчас вучэнняў па грамадзянскай абароне ў выпадку ядравай катастрофы на мяжы Літвы і Беларусі. 2 кастрычніка 2019 года.
Фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

Пры выхадзе з будынку дзеля эвакуацыі неабходна выключыць падачу газу, вады, электрычнасці, надзець супрацьгаз, рэспіратар ці баваўняна-марлевую павязку, верхнюю вопратку і гумавыя боты. Пасля прыбыцця на новае месца перабывання трэба правесці санітарнае апрацоўванне вопраткі, скуры і абутку.

А калі будзе ядравы выбух?

У выпадку ядравага выбуху варта разумець, што ўсе, хто трапяць у яго эпіцэнтр, загінуць. Але ў іншых усё ж застаюцца шанцы выжыць.

З моманту з’яўлення сігналу сірэны ў чалавека ёсць каля 10 хвілінаў, каб схавацца. У гарадах з метро найлепш хавацца менавіта там. У доме найлепшым месцам схавацца будзе ванны пакой. У падвалах лепш хавацца надалей ад цэнтру, бо інакш будынак можа заваліцца на тых, хто ў ім хаваецца. Пры магчымасці вазьміце з сабой ваду і ежу.

Калі вы апынуліся на вуліцы, то варта саскочыць у кювет з далейшага ад выбуху боку дарогі або хаця б проста кінуцца на зямлю тварам уніз, нагамі ў бок выбуху, накрыўшы вопраткаю галаву і адкрытыя часткі цела і адкрыўшы рот. Можна схавацца ў любым доме ці за каменнай сцяной.

Ані ў якім разе нельга глядзець, бо можна аслепнуць ад выбліску.

У бамбасховішчы ці доме, які ацалеў ад выбуху, варта заставацца яшчэ некалькі дзён. Ужо праз 3–4 дні асабліва небяспечныя радыеактыўныя рэчывы знізяць сваё смяротнае дзеянне. Праз 14 дзён пасля ядравага выбуху нават у былой чырвонай зоне будзе адносна бяспечна. А сцены перашкаджаюць пранікненню радыяцыі.

З лекаў пры сабе варта мець, апроч калію ёдыду і ёду, латран і ферацын, якія дапамагаюць вывесці з арганізму радыяцыю. Таксама не забывайце пра сродкі абароны дыхальных шляхоў, хаця б марлю, шалік ці анучу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні па грамадзянскай абароне ў выпадку ядравай катастрофы на мяжы Літвы і Беларусі. 2 кастрычніка 2019 года.
Фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

Калі ёсць час дабрацца да сховішча, то бяжыце туды, гэта дапаможа даўжэй не выходзіць на заражаную паверхню.

Але, як казаў доктар Камароўскі, няхай нам гэта ўсё не спатрэбіцца.

Аналітыка
Дзе ў Беларусі ратавацца ад ракетаў і бомбаў? Інфармацыя пра сховішчы закрытая
2022.03.03 18:41

ПС belsat.eu

Стужка навінаў