Чаму ў крамах няма беларускай мукі? Не паспяваюць вырабляць праз ажыятажны попыт


З паліцаў беларускіх крамаў знікае мука беларускай вытворчасці. Чытачы з розных гарадоў паведамляюць «Белсату», што свабодна цяпер можна купіць муку расейскага вырабу альбо муку з дадаткамі.

Паліцы з мукой у гарадзенскай краме.
Фота: Белсат

«У «Белмаркеце» і «Дабраноме» сапраўды былі праблемы з мукой. У «Белмаркеце» была «Менская», «Бабруйская» і жытняя расейская, плюс сумесь для выпякання бліноў. У «Дабраноме» яшчэ горш. У «Алмі» і «Капеечцы» мукі было – заваліся. У «Алмі» прадавачкі паміж сабой размаўлялі, што людзі шмат мукі бяруць. Якраз дакладалі на паліцы «Менскую» муку да «Лідскай». Людзі ў цялежках цягнулі некалькі пакункаў мукі і цукру», – распавёў нам чытач з Горадні пра вынікі паходу ў крамы 15 сакавіка.

«Лідахлебапрадукт», адзін з асноўных вытворцаў мукі ў Беларусі, тлумачыць сітуацыю павышаным попытам, піша «Наша Ніва» са спасылкай на «Спутник Беларусь».

«На сёння ідзе павышаны попыт на муку. Нашае прадпрыемства працуе ў планавых аб’ёмах вытворчасці, якія ёсць. Але заяўкі, што паступаюць ад гандлёвых абʼектаў, павялічыліся ў тры-чатыры разы. На сёння выкананне такіх замоваў не ўяўляецца магчымым», – каментуе намеснік генеральнага дырэктара ў сферы продажаў і маркетынгу заводу Сяргей Кіжук.

Паводле ягоных словаў, абʼёмы сыравіны для вытворчасці мукі ў прадпрыемства дастатковыя.

«Мы проста не паспяваем вырабляць столькі мукі, колькі просяць гандлёвыя абʼекты. Фізічна няма магчымасці выканаць усе заяўкі. Нашую прадукцыю мы адгружаем ва ўсе рэгіёны Беларусі ў межах звычайных сярэднямесячных абʼёмаў. Але ўлічваючы павышаны попыт, яна хутка разыходзіцца».

15 сакавіка ўрад Беларусі забараніў вывозіць з краіны грэчку і муку. Абмежаванне ўвялі на тры месяцы. Пастанова Савету Міністраў, якую апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, прадугледжвае забарону на вываз з Беларусі мукі пшаніцы, крупаў грэчкі, яе зерня і гатовых прадуктаў з грэчкі. Прычым абмежаванне закранае не толькі прадукцыю беларускай вытворчасці, але і замежную. Вывозіць нельга як у межах ЕАЭС, гэтак і ў іншыя краіны, за выняткам аказання гуманітарнай дапамогі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў