Яны хочуць замазаць усіх. Чарга дайшла да арміі

Аляксандр
Фядута
паліткансультант

Да справы аб забойстве Генадзя Шутава мне здавалася, што войска застаецца ў баку ад унутрыпалітычнага канфлікту. Але высветлілася, што на здушэнне берасцейцаў з агнястрэльнай зброяй накіравалі вайскоўцаў мар’інагорскага спецназу.

Гэта выглядала цалкам лагічным: урэшце, армія прызначаная для абароны радзімы ад вонкавага ворага. Здавалася, што і большасць вайсковых генералаў не спяшаецца падстаўляцца пад абвінавачванні ў ператварэнні даручаных ім падраздзяленняў у карныя аддзелы. Таму і я, і многія мае аднадумцы з палёгкай уздыхнулі, даведаўшыся, што вайсковыя часткі ўдала вывелі ў Гарадзенскую вобласць – ад граху падалей.

Ды і пасля 25 лютага, калі прысуд у справе аб забойстве берасцейца Шутава быў агучаны, заставалася слабая надзея на тое, што ўдзел армейскіх капітана і прапаршчыка – усяго толькі адзінкавы выпадак. Пагатоў міністр абароны Віктар Хрэнін гаварыў: мы ўзялі пад ахову нашую галоўную святыню – музей Вялікай Айчыннай вайны. Вось калі туды пойдуць ламіцца… А туды ніхто і не збіраўся ламіцца, так што салдаты як ахоўвалі святыню, так і працягвалі спакойна яе ахоўваць.

«ByPol»: МУС і Міністэрства абароны супольна выступяць супраць грамадзянаў 25 сакавіка

У такой ілюзіі перабываў я да ўчорашняга дня, калі ByPol апублікаваў копію дакументу, у якім міністр унутраных справаў просіць міністра абароны вылучыць войскі для здушэння запланаваных («здутых» – у тэрміналогіі дзяржаўнай прапаганды) акцыяў пратэсту. Пры гэтым генерал Кубракоў спасылаецца на стары ўказ прэзідэнта, 2012 года, дзе гаворка ідзе пра магчымае супрацьдзеянне актам тэрарызму і незаконным узброеным фармаванням. Але і актаў тэрарызму мы ўсё яшчэ, на шчасце, не назіраем, калі не лічыць абвінавачванняў, выстаўленых нашым суграмадзянам нястрыманым ўяўленнем асобных генералаў КДБ. І незаконных узброеных фармаванняў, калі не лічыць асобаў у цывільным, якія выкрадаюць удзельнікаў пратэстаў, не паказаўшы дакументаў, таксама неяк не знаходзіцца. А для масавых беспарадкаў, якія скончыліся, армія не выкарыстоўваецца. Для гэтага ёсць спецыяльна навучаныя людзі, якія якраз і лічацца ў ведамстве генерала Кубракова.

У чым жа справа? Кадры з МУС разбегліся? Генералы кажуць, што мы не дачакаемся. Пратэсты не здзмуліся? Але Церцель запэўнівае, што здзмуліся, ды і сам Лукашэнка пра гэта ж казаў падчас сустрэчы з Пуціным. У чым жа рэч?

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Армія – апошні сілавое ведамства, якое, па вялікім рахунку, уцягнутае ва ўнутрыпалітычны канфлікт не было. З танкаў і агнястрэльнай зброі (калі, зноў-такі, разглядаць гібель Генадзя Шутава як трагічны, але адзінкавы інцыдэнт) па маніфестантах не стралялі. І гэта таксама зразумела. Каму гэтая стральба ў войску патрэбная была? Шарагоўцам і сяржантам тэрміновай службы? А ім ільготных кватэраў аніхто не дасць. Генералам? А што вайсковыя генералы мелі такога зайздроснага ад гэтай улады? Яны ж не з ГБ або ВД. Іх не працаўладкоўвалі начальнікамі службаў бяспекі буйных банкаў, не прызначалі намеснікамі гендырэктараў прамысловых гігантаў – пасля сыходу на пенсію. Найвышэйшы генералітэт час ад часу адпраўлялі ў дэпутаты – але колькі тых дэпутацкіх вакансіяў? Трохі. І яны сыходзілі на пенсію з чыстым сумленнем, кватэрай і лецішчам. Ну, аўтамабіль. Усе.

Цяпер Кубракову спатрэбіліся людзі ў вайсковай форме, якія выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў. Ён нават гарады пералічыў: ад сталіцы – да Глыбокага і пасёлку Бараўляны. Паказаў лічбы – куды і колькі.

Фота: ТК / Белсат

Сто салдатаў у форме наўрад ці зробяць на маю родную 400-тысячную Горадню такое моцнае ўражанне, каб прадухіліць пратэсты. Але тут важна, каб кроў – калі ўжо Кубракоў, Церцель і той, на чый цяперашні загад міністр унутраных справаў не спасылаецца (гэты загад могуць і не выканаць, а вось указ 2012 года – так, цалкам легітымны яшчэ), вырашаць яе праліць – легла і на салдацікаў, і на вайсковых афіцэраў ды генералаў. Усім замазацца. Не дадуць ім застацца нават адносна чыстымі.

І я ўспомніў старую савецкую кінапрапаганду. І «Шчыт і меч», і «Сямнаццаць імгненняў вясны» былі класнымі фільмамі. Іх рабілі прафесіяналы і гралі ў іх прафесіяналы. І там відаць, як афіцэры і генералы вермахту (арміі) ставяцца да карнікаў. Да гестапа, да СС. З пагардай ставяцца, амаль не хаваюцца. Верагодна, так яно і было насамрэч.

А вось адказваць за дзяржаўныя злачынствы прыйшлося ўсім. У роўнай ступені. У Нюрнбэргу Кайтэль (Wilhelm Keitel) і Ёдль (Alfred Jodl) сядзелі на адной лаве падсудных з апантаным прапагандыстам Штрайхэрам (Julius Streicher) і намеснікам Гімлера Кальтэнбрунэрам (Ernst Kaltenbrunner). Мелі гонар. І з часу Нюрнбэргу ні адзін генерал і ні адзін салдат не асмельваюцца спаслацца на загад, калі разумеюць яго злачыннасць. Такая сусветная практыка.

У мяне няма сумненняў у тым, што і нашае войска «запэцкаюць». На гэта будуць кінутыя ўсе сілы. Менавіта таму, што «рэжым» як такі больш няма каму абараняць. Рэсурс вычарпаны. Паглядзіце на сумную асобу новага кіраўніка Следчага камітэту, каб зразумець: ён зусім не рады гэтаму прызначэнню.

Ці будуць усцешаныя салдаты, калі іх вымусяць наставіць рулі на жанчын і сваіх аднагодкаў? І як яны будуць пасля гэтага ставіцца да сваіх афіцэраў? Пытанне рытарычнае.

«Хочуць апраўдаць смяротны стрэл у Генадзя Шутава». Берасцейца будуць судзіць за замах на забойства падчас пратэстаў

Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў