У Горадні пачаўся суд над рэдактарам сайту Hrodna.life Аляксеем Шотам. Рэдакцыі пагражае непад'ёмны штраф


16 сакавіка ў Ленінскім судзе Горадні пачалі судзіць рэдактара гарадскога інтэрнэт-парталу Hrodna.life Аляксея Шоту. Яго і ААТ «Горадня Лайф Медыя» абвінавачваюць у распаўсюдзе інфармацыі, прызнанай экстрэмісцкай – за публікацыю на партале матэрыялаў з папулярнага тэлеграм-каналу, прызнанага экстрэмісцкім.

Рэдактар гарадскога інтэрнэт-парталу Hrodna.life Аляксей Шота ў судзе.
Фота: Белсат

На суд прыйшла практычна ўся рэдакцыя парталу, а таксама некалькі дзясяткаў гарадзенцаў. Пусцілі ў залу крыху больш за 10 чалавек.

Вядзе працэс суддзя Наталля Козел. Яна ж паралельна судзіць гарадзенскага музыку Ігара Банцэра, які галадуе насуха ўжо 14-я содні. У судзе ўдзельнічае прадстаўнік РАУС Андрэй Пігульскі, а таксама сведка – міліцыянт Вадзім Налівайка.

У абвінавачанні супраць рэдакцыі пазначаны арт. 17.11 ч. 2 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Згодна з ім, рэдакцыі пагражае штраф да 500 базавых велічыняў (14 500 рублёў), а таксама канфіскацыя прадметаў здзяйснення правапарушэнняў.

Рэдактару таксама пагражае штраф да 50 базавых велічыняў (1450 рублёў).

Аднак у сакавіку гэтага года ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях былі ўнесеныя змены, і цяпер там такога артыкулу няма.

На гэта звярнуў увагу суддзі Аляксей Шота, запытаўшыся, паводле якога артыкулу яго судзяць. Акрамя гэтага, ён адзначыў, што ёсць недакладнасці ў афармленні дакументацыі, і прапанаваў вярнуць справу на дапрацоўванне для выпраўлення хібаў.

Суддзя пасля 30-хвіліннага перапынку прыняла рашэнне адхіліць хадайніцтва Аляксея. Пасля гэтага ён падаў яшчэ адно: яго выклікалі напярэдадні, і ён азнаёміўся з матэрыяламі справы толькі сёння ранкам, таму не паспеў падпісаць дамову з адвакатам. Таму падаў хадайніцтва аб пераносе суда.

Суддзя задаволіла хадайніцтва і прызначыла судовае паседжанне на 19 сакавіка, на 11:00.

«Штраф, які нам пагражае, роўны пяці месяцам працы рэдакцыі. Але будзем працаваць далей. Таксама мне не зразумела сітуацыя з тэхнікай, бо нібыта правапарушэнне я здзейсніў толькі з ноўтбука, а ў нас вынялі ўсё: фотаапараты, дрон і г. д.», – пракаментаваў пачатак суда Аляксей Шота.

Рэдактар гарадскога інтэрнэт-парталу Hrodna.life Аляксей Шота ў судзе.
Фота: Белсат

29 студзеня адбылася аблава на два незалежныя гарадзенскія сайты: сілавікі прыйшлі з аглядам у рэдакцыю «HrodnaLife» і дахаты да галоўнага рэдактара «NewGrodno» Ігара Рэмзіка. Афіцыйная прычына – наяўнасць на старонках сайтаў і захоўванне інфармацыйных матэрыялаў з тэлеграм-каналу, які быў прызнаны экстрэмісцкім.

У гэты дзень рэдакцыя «HrodnaLife» працавала дыстанцыйна. Каля 13-й гадзіны сюды прыехала рэдактарка спецпраектаў Ірына Новік. Сілавікі з панятымі правялі агляд без прадстаўнікоў рэдакцыі ці ўласніка памяшкання, растлумачыўшы гэта тым, што ў іх на гэта ёсць санкцыя. Сканфіскавалі рэдакцыйны дрон, ноутбук, чатыры фотаапараты, усе флэшкі, выдадзеную рэдакцыяй друкаваную прадукцыю – каляндар «Гэта – мы», гульню «Дурыбары», часопісы «Перамен».

Падставай сталі тры матэрыялы на сайце, у адным з іх, напрыклад, паведамляецца, што тэлеграм-канал Сцяпана Пуцілы прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім, таму ўсім варта выдаліць інфармацыю і матэрыялы, узятыя з гэтага каналу, іначай можа быць адказнасць.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў