Пачаўся суд над хлопцам, якога 9 жніўня збіў аўтазак

Суд над Ягорам Сугойдзем. Фота: TUT.by

У Менску пачалі разглядаць крымінальную справу аб масавых беспарадках. Яе асаблівасць у тым, што абвінавачаны – хлопец, якога 9 жніўня ў раёне стэлы збіў аўтазак і якога першы час нават лічылі загінулым, паведамляе TUT.by.

Пасля здарэння пацярпелы трапіў з траўмамі ў больніцу, а затым яго змясцілі пад варту. Яму можа пагражаць да 3 гадоў пазбаўлення волі.Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Абараняе абвінавачанага адвакат Дзмітрый Лазавік.

Абвінавачаны Ягор Сугойдзь распавёў, што ён з Менску, мае сярэдне-спецыяльную адукацыю, халасты, дзяцей няма, раней пад судом не быў. На момант суда ён ужо не меў працы.

Пратэсты ў Менску, Беларусь. 9 жніўня 2020 года. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Дзяржабвінаваўца паведаміў, што 9 жніўня мінулага года каля 20:00−23:00 Сугойдзь у стане алкагольнага ап’янення ўзяў актыўны ўдзел у групавых несанкцыянаваных масавых дзеяннях. Удзельнікі групы былі не задаволеныя падзеямі грамадска-палітычнага жыцця краіны, прыцягвалі да сябе ўвагу тым, што рухаліся па пешаходнай і праезнай частках дарогі. Пры сабе мелі плакаты, транспаранты, сцягі.

Сам Ягор Сугойдзь выйшаў на праезную частку вуліцы і заскочыў на МАЗ для канваявання. Ягоныя дзеянні пацягнулі парушэнне грамадскага парадку, а таксама перашкодзілі руху грамадскага транспарту. Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя следствам паводле ч. 1 арт. 342 КК Беларусі. Максімальная санкцыя артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Абвінавачаны віну прызнаў часткова: на мітынгу быў, з тым, што скакаў на МАЗ, – не згодны.Падзеі разгляданай справы адбыліся 9 жніўня. Згодна з відавочцамі, аўтазак падʼехаў да пратэстоўцаў са спіны, калі яны стаялі тварам да стэлы, насупраць сілавікоў са шчытамі.

Спецаўтамабіль спачатку трохі прытармазіў, а потым газануў і паехаў на людзей. Пры гэтым ён ніякіх папераджальных сігналаў не падаваў. Момант здарэння зафіксаваны на відэакамеру.

МГМ belsat.eu

Hавiны