Мець павагу да чалавека, які стаіць на парозе смерці

Ігара Банцэра прызналі палітвязнем. Дзіўна, што гэта адбылося толькі цяпер, калі ўжо пайшоў 14-ы дзень ягонай сухой галадоўкі. Між тым на прасторах інтэрнэту разгортваюцца спрэчкі наконт мэтазгоднасці такой формы пратэсту, як галадоўка.

З’явіліся меркаванні, што галадоўка – гэта праява слабасці. Маўляў, чалавек павінен змагацца за сваё жыццё, а не класці яго на алтар самаахвяравання. Пішуць і пра тое, што гэта – поўнае глупства, самагубства: памрэш і нічога не даб’ешся.

Калі заглянуць у гісторыю палітычных галадовак, то сапраўды, большасць з іх канчалася трагічна. Але, па-першае, у мяне не падыміцца рука назваць гэтых людзей дурнямі ды слабакамі. Па-другое, у гісторыі ёсць прыклады, калі нават смерць пратэстоўца ад галадавання давала вынікі.

Гісторыі
«Ягоная ўнутраная свабода не да спадобы ўладам»: гісторыя гарадзенскага панка, якому пагражае 3 гады пазбаўлення волі
2021.03.04 07:30

Адразу згадваецца Махатма Гандзі. У сваім жыцці ён перанёс не адну галадоўку, і ўсе яны былі звязаныя з палітыкай ды натуральна ўпісваліся ў адзін з прынцыпаў індыйскага грамадска-палітычнага дзеяча – негвалтоўнага супраціву (сат’яграхі): гатовасць пераносіць боль і пакуты. Наўрад ці галадоўкі Гандзі паўплывалі наўпрост, але Індыя ў выніку стала незалежнай.

Ігар Банцэр
Фота: Facebook Игорь Банцер

У Савецкім Саюзе аднымі з самых вядомых дысідэнтаў, якія выкарыстоўвалі галадоўку як форму пратэсту, былі пісьменнік Анатоль Марчанка і акадэмік Андрэй Сахараў. Першы, дарэчы, памёр у турме падчас галадавання ў 1986 годзе. Але менавіта ягоная смерць падштурхнула Міхаіла Гарбачова масава выпускаць на волю палітзэкаў. Гэта было адзінае патрабаванне спадара Марчанкі.

У гісторыі сучаснай Еўропы самы вядомы выпадак – масавая галадоўка байцоў Ірландскай рэспубліканскай арміі ў 1981 годзе. Дзесяць ірландцаў памерлі. Цягам двух наступных гадоў усе пяць патрабаванняў былі не афіцыйна, але фактычна выкананыя.

Усе гэтыя палітычныя дзеячы засталіся ў гісторыі. Яна расставіла ўсё па месцах. Наўрад ці сёння нехта назаве Бобі Сэндса (Bobby Sands) ці Анатоля Марчанку дурнямі ды слабакамі.

Усё гэтае я не да таго, каб падштурхнуць Ігара Банцэра не спыняцца. Акурат тут я ўсімі сваймі думкамі за тое, каб ён пачаў піць ды застаўся жывы. Я пра тое, што пісаць пра «глупства» ды «слабасць» лёгка з утульнай канапы. Я нікога не заклікаю называць Ігара героем, але ж давайце, спадарства, мець хаця б павагу да чалавека, які стаіць на парозе смерці. Не нам вызначаць у гэтым выпадку. Не нам разважаць пра мэтазгоднасць.

Hавiны
«Да панядзелка я дажыву, а далей – не ведаю». На 10-ыя содні сухой галадоўкі прайшло судовае паседжанне над Ігарам Банцэрам
2021.03.12 17:44
Фота
«Салідарнасць з Ігарам Банцэрам». У Варшаве прайшоў монапікет падтрымання гарадзенскага музыкі
2021.03.12 19:53

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў