«Людзі раззлаваныя дашчэнту». Сілавікі ўзмацнілі ціск на Новую Баравую


Імаверна, супрацоўнікі сілавых структураў у Новай Баравой.
Фота: чытачы «Белсату»

Жыхары і ўлады паведамляюць пра ціск на жыхароў жылога комплексу Новая Баравая, што пад Менскам. Сілавікі штодня патрулююць кварталы комплексу, затрымліваюць людзей, але жыхары не збіраюцца спыняцца. Кажуць, што сітуацыя іх толькі больш злуе.

План на 300 пратаколаў

Чытачы паведамляюць «Белсату», што сілавікі, у тым ліку ў цывільным, са спецсродкамі патрулююць Новую Баравую, ходзяць па закрытых дварах і паркоўках. Толькі 15 сакавіка былі затрыманыя не менш за шэсць чалавек.

«Напрыклад, аднаго чалавека, як цяпер высветлілася, скралі за стары каментар у адкрытым чаце Новай Баравой адразу пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Каментар быў: «Трыбунал», – распавёў «Белсату» адзін з жыхароў комплексу.

Аднаму затрыманаму, у якога трое малых дзяцей, пагражалі траўматычным пісталетам пры затрыманні. Сёння меў адбыцца суд. Збіраліся забраць і жонку, але перадумалі.

«Кожны дзень кагосьці затрымліваюць. Толькі за ўчора забралі з нашага кварталу двух чалавек. Аднаго хлопца ўдзень, з ім сувязі няма. І ў спісах няма. Дзяўчыну ўвечары, узламаўшы дзверы ў тамбуры. Хлопца за што, не ведаем», – адзначыў іншы суразмоўца.

Імаверна, супрацоўнікі сілавых структураў у Новай Баравой.
Фота: чытачы «Белсату»

На думку жыхароў Новай Баравой, сілавікі «атрымалі каманду «фас» і правяраюць усіх, хто калісьці засвяціўся ў апазіцыйнай дзейнасці, нават у 2010 годзе. У сувязі з гэтым людзей заклікаюць выконваць інфармацыйную гігіену і не захоўваць удома нацыянальных сімвалаў і знакаў.

«Сёння ўначы каля другой гадзіны два ціхары хадзілі па двары. Свяцілі ліхтарыкам пад дрэвам. Ці то нешта шукалі, ці то нешта паклалі туды. Пакуль няясна. Ёсць інфармацыя, што на Новую Баравую складзена 300 пратаколаў. Мабыць, пакуль усіх не запоўняць, не супакояцца… План жа трэба выконваць», – распавёў жыхар аднаго з кварталаў комплексу.

Міністэрства пачало крымінальную справу супраць жыхароў Новай Баравой

МУС Беларусі пацвярджае пільную ўвагу да Новай Баравой. Як паведаміў 16 сакавіка тэлеграм-канал ведамства, затрымалі адміністратара дваровага чату і тэлеграм-каналу «Новая Боровая 98 %».

«На 34-гадовага жыхара Менскага раёну выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу МУС. Мужчына кіраваў закрытым паблікам раёну, у якім было каля 300 карыстальнікаў, у тым ліку найбольш радыкальных актывістаў, якія арганізоўваюць пратэсты ў жылым комплексе», – паведамілі ў міліцыі.

Заяўляецца, што мужчына абмяркоўваў спосабы дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, псавання маёмасці ды інфраструктуры, выказваў пагрозы службовым асобам, неаднаразова ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах. За апошняе яго прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці, у яго ўдома знайшлі пратэставую сімволіку і больш як 1,5 тыс. улётак, сканфіскавалі мабільны тэлефон. Пачатая крымінальная справа за стварэнне экстрэмісцкага фармавання.

Новая Баравая. 6 студзеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Затрымалі не таго

Але мясцовыя жыхары аспрэчваюць, што затрыманы быў адміністратарам. У каментары belsat.eu яны адзначылі, што мужчына – адзін з мадэратараў невялікага чату, ён сачыў за тым, «каб не было флуду», а ў іншых чатах быў проста ўдзельнікам.

«І выкралі яго ўжо дні тры як. Гэты час, мяркуючы з усяго, білі і нешта спрабавалі высветліць», – паведаміў суразмоўца.

Сваё затрыманне зняпраўдзіў і адміністратар каналу «Новая Боровая 98 %». Ён адзначыў, што мае тысячы мадэратараў, якія дапамагаюць пры «наплыве ябацек». Паводле яго, ён у бяспецы і пагрозы ягонага затрымання няма.

Атмасфера гета

Агулам, адзначае жыхар Новай Баравой у размове з карэспандэнтам «Белсату», у комплексе пануе «атмасфера гета».

«Людзям страшна выходзіць нават у краму і на працу. Прычым гэта датычыць усіх», – кажа суразмоўца.

Паводле яго, толькі адна сям’я прыхільнікаў Лукашэнкі стала запрашае сваіх сяброў і здымае астатніх на тэлефоны, «каб потым спрабаваць даносіць на людзей».

«Але гэта нічога асабліва не мяняе. Людзі ўсё роўна нацэленыя на дацісканне. Толькі цяпер яшчэ і раззлаваныя дашчэнту», – падкрэсліў жыхар Новай Баравой.

Новая Баравая. 6 студзеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

З прычыны штодзённых затрыманняў у людзей ужо сабраныя ў хатах торбы «на ўсялякі выпадак», кажа іншы жыхар комплексу.

«Мне не страшна, проста вельмі непрыемна бачыць няпрошаных гасцей на вуліцах і ў дварах. Асабліва вось 8 сакавіка, святочны дзень для жанчын. Едзеш па раёне: пост ДАІ, кружаць мінімум дзве міліцэйскія тачкі, чатыры пешыя патрулі па тры чалавекі ў кожным. Два з іх смешна ішлі за метраў сто адзін ад аднаго. Можа, сачылі ўжо і за сваімі», – распавёў яшчэ адзін насельнік Новай Баравой.

Між тым сёння ўлады на яшчэ адным гмаху ўсталёўваюць чырвона-зялёны сцяг. Папярэдні там павесілі 4 сакавіка.

Hавiны
«Арганізоўвалі маршы студэнтаў». Следчы камітэт назваў імёны тых, хто праходзіць у «студэнцкай справе»
2021.03.16 12:58

МГ belsat.eu

Стужка навінаў