Гісторыкі: канфлікт вакол «выклятых жаўнераў» – чарговая спекуляцыя і частка антыпольскай кампаніі


МЗС Беларусі выставіла прэтэнзіі Варшаве адносна ўдзелу польскага дыпламата ў імпрэзе, прысвечанай Дню «выклятых жаўнераў». Справа закончылася дыпламатычным канфліктам і ўзаемным высыланнем консулаў.

Хто ж такія польскія «выклятыя», ці «адрынутыя», жаўнеры? З якой прычыны гэтую тэму рэжым выкарыстоўвае ў прапагандзе?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, мы паразмаўлялі з беларускімі гісторыкамі Андрэем Чарнякевічам і Аляксандрам Фрыдманам.

Жаўнеры пасля вайны

«Гэта збіральная назва, якая паўстала апошнімі гадамі для польскага антысавецкага падполля розных ідэалагічных накірункаў. Яно дзейнічала да пачатку 1950-х гадоў», – распавядае кандыдат гістарычных навук, выкладчык Цэнтру беларускіх студыяў пры Варшаўскім універсітэце Андрэй Чарнякевіч.

Гэтую назву папулярызуюць тыя гісторыкі і палітыкі, якія мяркуюць, што пасля Другой сусветнай вайны Польшча была акупаваная Савецкім Саюзам і частка антынямецкага супраціву працягвала змагацца за незалежнасць.

«Пад «выкляццем», ці «адрачэннем», маецца на ўвазе, што пасля Ялцінскай канферэнцыі Польшча была аддадзеная ў сферу савецкага ўплыву, палітычная эліта сышла ў эміграцыю, а тыя дзеячы, якія працягвалі барацьбу, апынуліся без аніякай падтрымкі», – сказаў гісторык.

Правіла ці выключэнне?

«Прынцыповая і паслядоўная пазіцыя беларускага боку адносна «выклятых жаўнераў» і іх тыповых прадстаўнікоў – «банды Бурага» – застаецца нязменнай і неаднаразова даводзілася польскаму боку», – заявіла Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Аб’ектыў
Польскія консулы пакідаюць Беларусь. Што гэта значыць на мове дыпламатыі?
2021.03.12 23:09

Буры – мянушка камандзіра польскага партызанскага атраду Рамуальда Райса, які дзейнічаў на ўсходзе сучаснай Польшчы і на захадзе Беларусі. У Польшчы стаўленне да яго спрэчнае, і ягоны партызанскі атрад – толькі адзін з сотняў групаў «выклятых жаўнераў».

«Ён вядомы тым, хто працягнуў ваяваць супраць камуністычнага рэжыму і прычыніўся да забойстваў беларускага цывільнага насельніцтва. Цяпер у Польшчы вядзецца дыскусія адносна абставінаў гэтых падзеяў», – кажа Андрэй Чарнякевіч.

Пасляваенная польская партызанка найперш змагалася з прадстаўнікамі савецкай улады, і тут дзеянні Бурага – выключэнне, бо ён здзейсніў тэрор вялікай групы цывільнага насельніцтва, адзначыў гісторык.

«Тут варта ўзгадаць вельмі важную рэч: ва ўмовах, калі ў Беларусі савецкі тэрор увогуле не атрымаў афіцыйнай ацэнкі, крытыка гларыфікацыі Бурага гучыць двудушна. І безумоўна, што мерапрыемствы ў гонар «выклятых жаўнераў» у цэлым – гэта не азначае ўшанавання Бурага і ягоных дзеянняў», – сказаў Андрэй Чарнякевіч.

Такі зручны для Лукашэнкі Буры

Дзеянні лукашэнкаўскай прапаганды і дыпламатыі трэба разглядаць як частку антыпольскай кампаніі, на якую сёння робіць стаўку лукашэнкаўскі рэжым, лічыць гісторык, навуковы супрацоўнік Інстытуту еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту імя Гумбальта доктар Аляксандр Фрыдман.

Hавiны
Генпракуратура распачала правяранні ў польскіх школах
2021.03.16 15:32

На ягоную думку, афіцыйная прапаганда прасякнутая канспіралагічнымі тэорыямі і імкнецца падаць беларускі дэмакратычны рух «праектам Варшавы».

«Кіроўная групоўка разлічвае на распаўсюджаныя сярод прыхільнікаў Лукашэнкі і «русского мира» антыпольскія настроі ды звяртаецца да сумнавядомага наратыву пра Польшчу як «спрадвечнага ворага Беларусі», свядома распальваючы варожасць да Польшчы і палякаў з мэтай адцягнуць увагу насельніцтва ад глыбокага крызісу ў Беларусі», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Апошняя гісторыя з «выклятымі жаўнерамі» – тыповы прыклад стаўлення дыктатарскіх рэжымаў да гістарычнага мінулага, лічыць ён.

Тэндэнцыя маніпулявання гістарычнымі фактамі ў лукашэнкаўскай прапагандзе будзе толькі ўзмацняцца, дадае гісторык.

Абноўлена
У Берасці затрымалі дырэктарку Польскай школы
2021.03.12 16:14

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў