Генпракуратура распачала правяранні ў польскіх школах


Сёння раніцай следчыя прыйшлі ў польскія школы ў Горадні, Берасці і Баранавічах, раней пракуратура распачала правяранні польскіх школ у Ваўкавыску, Берасці і Горадні, – паведаміла Анжаліка Борыс. Паводле кіраўніка «Саюза палякаў у Беларусі», Генеральная пракуратура загадала праверыць польскія арганізацыі.

Польскія грамадскія школы ў Берасці перажылі налёт усіх магчымых кантралёраў – пракуратуры, санітарнай службы, пажарных і ідэалагічных службовых асобаў, – паінфармавала Анжаліка Борыс у Facebook. Таксама правяранні распачнуцца ў школе ў Ляхавічах.

Кіраўніца «Саюза палякаў у Беларусі» распавяла «Белсату», што пачалося «паляванне на польскую адукацыю». Лідарка польскай меншасці была падчас правярання ў адной са школ Горадні і паразмаўляла са следчымі. Яны сказалі ёй, што менавіта Генеральная пракуратура загадала праверыць усе асяродкі выкладання польскай мовы ў Беларусі.

«Гэта былі інспектары аддзелу па справах няпоўнагадовых. Яны правяралі, хто выкладае ў школе, навошта і якім чынам мы выкладаем польскую мову. Яны спыталі, ці адзначаем мы польскія нацыянальныя святы, і хто ўдзельнічае ў святкаваннях. Таксама запатрабавалі ўсе дакументы, паперы настаўнікаў і дамовы арэнды. Яны хочуць ведаць, за якія сродкі мы існуем, адкуль у нас грошы», – распавяла «Белсату» Анжаліка Борыс.

Абноўлена
У Берасці затрымалі дырэктарку Польскай школы
2021.03.12 16:14

Паводле кіраўніцы грамадскай арганізацыі, пракуратура ў Берасці выклікала на допыт Аліну Ярашэвіч і іншых актывістаў «Саюза палякаў у Беларусі». Наступных будуць выклікаць настаўнікаў і бацькоў вучняў, кажа Борыс. У Баранавічах следчыя збіралі інфармацыю пра дзяцей, якія наведваюць Польскі дом.

«Мэта пракуратуры – змаганне з польскай мовай і польскасцю. Гэта частка рэпрэсіяў у дачыненні да грамадства», – падкрэслівае Анжаліка Борыс.

Кіраўніца «Саюзу палякаў у Беларусі» таксама пракаментавала справу Ганны Панішавай, дырэктаркі Польскай сацыяльнай школы ў Берасці, якую затрымалі ў пятніцу, калі яна вярталася з Польшчы. Раней пракуратура зладзіла ператрусы ў школе і ў кватэрах некаторых працаўнікоў. Настаўніца павінная быць вызваленая сёння – аднак, паводле словаў Барыс, яна цяпер затрыманая дзеля прымусовага назірання ў псіхіятрычнай больніцы. Іншы заснавальнік школы таксама пад вартай, яго затрымалі падчас ператрусу ва ўласнай кватэры.

Хвалю ператрусаў і правяранняў у польскіх школах распачалі пасля завядзення крымінальнай справы за «гераізацыю вайсковых злачынцаў» супраць працаўнікоў Польскай сацыяльных школы ў Берасці. 28 лютага вучні, выкладчыкі і консул Польшчы ў Берасці Ежы Цімафеюк адзначалі Нацыянальны дзень памяці «праклятых жаўнераў», а беларускія ўлады гэта палічылі за прапагандаванне нацыянальнай нянавісці.

Дырэктар Панішава і консул Цімафіюк падчас адзначэння свята “праклятых жаўнераў”.
Фота: Facebook / Polska360.org

Беларускі МЗС запатрабаваў, каб дыпламат пакінуў Беларусь, што прывяло да адэкватнага адказу польскага боку. У выніку тры польскія консулы павінныя былі пакінуць амбасады ў Беларусі, столькі ж беларускіх дыпламатаў папрасілі пакінуць Польшчу.

ПЯ belsat.eu

Стужка навінаў