Еўрапейскія краіны часова прыпыняюць вакцынацыю прышчэпкамі «AstraZeneca»


Вакцынацыя.
Фота: Lindsey Wasson/REUTERS/Forum

Спецыялісты Інстытуту імя Паўля Эрліха (Paul-Ehrlich-Instituts) рэкамендавалі часова не выкарыстоўваць вакцыну. Прычына – паведамленні пра трамбоз сярод прышчэпленых, паведамляе «Deutsche Welle».

Адмыслоўцы таксама заклікалі тых, хто больш як чатыры дні пачуваецца блага пасля прышчэпкі гэтым прэпаратам, неадкладна звярнуцца да медыкаў.

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя ФРГ Енс Шпан (Jens Spahn) паведаміў, што часова адмяняецца ўвядзенне як першай, так і другой дозы вакцыны. Ён адзначыў, што выпадкі хваробы, якія выклікалі занепакоенасць, сустракаліся «вельмі рэдка» – да гэтага часу ў Нямеччыне паведамлялася толькі пра 7 пацыентаў, пры гэтым прышчэпку вакцынаю «AstraZeneca» атрымалі больш як 1,6 млн жыхароў краіны.

Раней праз праблемы са згушчальнасцю крыві ў некаторых прышчэпленых прэпаратам «AstraZeneca» часова прыпынілі Нідэрланды, Ірландыя, Данія, Нарвегія і Ісландыя. Аўстрыя, Эстонія ды Італія заблакавалі выкарыстанне адной канкрэтнай партыі вакцыны.

«AstraZeneca» запэўніла ў адсутнасці падвышанай рызыкі ўтварэння тромбаў пасля вакцынацыі. Канцэрн спаслаўся на вынікі даследавання звестак больш за 17 млн жыхароў краінаў Еўразвязу і Вялікай Брытаніі.

Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ) абвясціла, што правярае паведамленні аб магчымых пабочных эфектах, якія выклікалі непакой у шэрагу краінаў. Аднак прадстаўнік арганізацыі Крыстыян Ліндмайер (Christian Lindmeier) заявіў, што цяпер няма пацверджання наўпроставай узаемасувязі паміж згушчальнасцю крыві ды вакцынацыяй.

Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (EMA) таксама распачало праверку.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў