«Ехала ў Жодзіна ў паніцы, усю трэсла са страху». Жонка Ігара Лосіка – пра другое галадаванне палітвязня


Дар’я і Ігар Лосікі. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Ігар Лосік двойчы галадаваў за кратамі. Першы раз ён пратрымаўся без ежы, толькі на вадзе і электралітных напоях, 42 дні. Другі раз наважыўся галадаваць насуха, пра што абвесціў 11 сакавіка. Спыніў галадаванне праз чатыры дні. Да адчайнага кроку Ігара падштурхнула новае абвінавачанне, пра якое дагэтуль нічога не вядома нават жонцы палітвязня Дар’і. «Белсат» паразмаўляў з дзяўчынай пасля таго, як яна з адвакатам з’ездзіла да Ігара.

«Не варта паміраць на радасць тваім катам»

Дарога з Баранавічаў да Жодзіна – ужо даўно звыклы маршрут для Дар’і Лосік. Пасля пераводу Ігара Лосіка ў следчую турму № 8 дзяўчына двойчы на тыдзень адвозіць мужу перадачы. 15 сакавіка знаёмы шлях быў для Дар’і асабліва невыносным – Ігар чацвёрты дзень галадаваў насуха, жонка нічога не ведала пра ягоны стан.

– Я ехала ўся на нервах, мяне трэсла не ад холаду, а ад страху, – распавядае Дар’я пра паездку. – За ўвесь дзень я выпіла толькі адну філіжанку кавы і бляшанку энергетыку, я проста забылася, што трэба есці. Мне было вельмі страшна. Ігар і так не да канца акрыяў пасля першай галадоўкі. А тут сухая – гэта верная смерць.

Гісторыі
«Я прашу ў кожным лісце спыніць галадаванне». Як жыве сям’я Ігара Лосіка, пакуль ён за кратамі
2021.01.07 13:48

Сустрэцца з Ігарам змог толькі адвакат. Дар’і за ўвесь час зняволення мужа не далі ніводнага спаткання. На ўсе заявы і просьбы дзяўчына атрымлівала адмовы без тлумачэння прычынаў. У Жодзіне Дар’я даведалася, што муж выглядае жахліва, яшчэ горш, чым калі галадаваў тыя 42 дні. За адмову ад ежы палітвязня на пяць дзён кінулі ў карцар.

Аднак галоўная навіна была добрай: Ігар перастаў галадаваць насуха.

Дар’я Лосік. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

– Я вельмі ўзрадавалася, што ён спыніўся, бо найважнейшае – гэта здароўе і наша сям’я, не варта паміраць на радасць тваім катам, – кажа Дар’я. – Мы бачым і на прыкладзе Ігара, і іншых, што ніхто не звяртае ўвагі. Чалавек памірае за кратамі, а тым, каму ён так паказвае свой пратэст, усё роўна.

Галадуй, рэж вены – нікому няма справы

Чарговае галадаванне Ігара, тым больш насуха, стала для Дар’і поўнаю нечаканасцю. Як і новае абвінавачанне.

– Першы раз такі крок я зразумела, мы разам тады пачыналі галадаваць 15 снежня. Потым маё стаўленне змянілася, я маліла яго, каб ён спыніўся, – кажа жонка палітвязня. – А да такога развіцця падзеяў – новага артыкулу і такой рэакцыі Ігара – зусім не была гатовая, і тым больш – да сухой галадоўкі. Я была ў паніцы.

Абвяшчэнню галадоўкі папярэднічаў сумны, у нечым трагічны ліст.

– Ігар пісаў, што стаміўся столькі без віны сядзець за кратамі, згубіў надзею хоць на нейкую справядлівасць, што калі думаеш, што горш ужо быць не можа, кожны раз прабіваецца новае дно, – распавядае дзяўчына. – Гэта быў сапраўдны крок адчаю і спроба звярнуць увагу на свае цярпенні. Але мы выразна бачым: што б ты ні рабіў – галадуй, рэж вены, нікому няма справы, ніхто не зверне ўвагі, нават калі ты памрэш.

Дэталі новага абвінавачвання дагэтуль невядомыя. Адвакат Ігара – пад падпіскай аб неразгалошванні. Адзінае, што дакладна вядома, – новы артыкул больш цяжкі за першы.

Дар’я Лосік. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Папярэдняе галадаванне, са словаў Дар’і, на шчасце, не прынесла здароўю Ігара сур’ёзнай шкоды.

– Ён пісаў, што выходзіць з галадоўкі было няпроста: абвастрыліся пах і смак, заўсёды хацелася есці. Але ён стараўся прытрымлівацца інструкцыяў, як харчавацца пасля такога перапынку. Нават пісаў, што адчувае ў сабе сілы яшчэ пагаладаваць, – распавядае жонка палітвязня.

«Хачу запытацца ў Лукашэнкі: чаму іншадумства ў нас караецца дубінкамі?»

Дар’я Лосік запісала зварот да Аляксандра Лукашэнкі і мае намер дамагчыся сустрэчы з ім. Дзяўчына хоча, гледзячы Лукашэнку ў вочы, запытацца, у чым вінаваты ейны муж і чаму ён ужо дзевяць месяцаў застаецца за кратамі.

– Я не ўпэўненая, што буду пачутая, разумею, што, хутчэй за ўсё, мяне праігнаруюць, – кажа Дар’я. – Але я буду пісаць лісты, звароты, настойваць, каб гэтая сустрэча адбылася. Я не адступлю. Наўрад ці Лукашэнка можа баяцца мяне, маладую жанчыну ў дэкрэтным адпачынку. Я – звычайны чалавек, за мною няма АМАПу, я бяззбройная.

Дар’я Лосік. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Дар’я Лосік лічыць, што ўжо няма сэнсу размаўляць з пракурорамі, следчымі, суддзямі, бо ўсе яны выконваюць загады, пастаўленыя на самым версе, таму пытацца трэба ў таго, хто імі кіруе.

Жонка палітвязня вельмі спадзяецца і на міжнародную супольнасць, што прадстаўнікі іншых краінаў працягнуць казаць пра Ігара ці дапамогуць ёй арганізаваць сустрэчу або самі паразмаўляюць з Аляксандрам Лукашэнкам.

– Я не ведаю, як можна маўчаць і ва ўпор не бачыць сітуацыю, якая цяпер у Беларусі, – кажа Дар’я. – Большасць з нас жыве ў страху: а раптам забяруць проста пасярод вуліцы, пасядзяць на содні, дадуць крымінальны тэрмін? Чаму ў нас іншадумства караецца дубінкамі і тэрмінамі? Я хачу задаць гэтае пытанне.

Ігар прапускае самы цікавы час у жыцці дачкі

Усё жыццё Дар’і Лосік цягам апошніх дзевяці месяцаў сканцэнтраванае вакол падтрымання Ігара і спробаў дамагчыся ягонага вызвалення. Паездкі ў ізалятар у Жодзіна двойчы на тыдзень, сустрэчы з адвакатам, запісы зваротаў у сацыяльных сетках, інтэрв’ю, стрымы займаюць шмат часу і энергіі.

– Я дрэнна сплю, даўно не звяртаю ўвагі на сваё здароўе, уласны арганізм мяне мала хвалюе, – кажа Дар’я. – Найбольш мяне ў гэтай сітуацыі турбуе, што цяпер ні я, ні муж не можам прысвячаць дачцэ столькі часу, колькі ёй патрэбна. Яна больш часу праводзіць з маімі бацькамі ці Ігара. Мне вельмі балюча, што Ігар не можа выхоўваць сваю адзіную доўгачаканую дачку, а вымушаны глядзець на ейныя фотаздымкі і чытаць пра тое, што яна навучылася рабіць, у лістах.

Дар’я Лосік паказвае фота мужа з дачкою. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Калі Ігара затрымалі, Паўліне было ўсяго паўтара года. Дар’я распавядае, што тады дзяўчынка ўжо хадзіла, але яшчэ няўпэўнена, цяпер жа стала вельмі актыўнай, «бегае, скача, залазіць паўсюль», добра размаўляе, ведае ўсе колеры, нават можа лічыць. Пра тату дзіця ведае, што ён з’ехаў.

– Яна сапраўды шмат чаму навучылася за гэты час. Ігар прапускае самы цікавы час у жыцці дачкі. Гэта вельмі балюча, – кажа жонка палітвязня. – Паўлінка не забывае пра тату. Ён прысутнічае ў ейных гульнях, пытаннях. Калі яна есць печыва, то дзеліць яго сабе, маме і тату. Штовечар абдымае мабільны тэлефон з фотаздымкамі Ігара.

«Я не баюся. Яны самі забілі ўва мне страх»

Ісці наперад Дар’і дапамагаюць надзея і хваля падтрымання з часу затрымання Ігара. Цяпер увагі стала нават больш. Дзяўчына можа да позняй ночы адказваць на паведамленні ў розных мэсэнджарах і сацсетках.

– Людзі пішуць, каб я трымалася. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але не люблю гэтае слова, бо мне здаецца, што я і так настолькі трымаюся, што не ведаю, як можна трымацца яшчэ больш, – кажа Дар’я.

Шмат пішуць і Ігару. Са словаў Дар’і, ён распавядаў, што часам цэлы дзень траціць толькі на адказы на лісты – нават пачытаць кнігі ці газеты не застаецца часу.

– Пішыце лісты палітвязням, – кажа дзяўчына. – Не толькі Ігару, а ўсім. Ім гэта важна. І распавядайце паўсюль, дзе можаце, пра тое, што адбываецца. Гэта тое, пра што я прашу людзей. Бо заклікаць выходзіць на вуліцы не магу, паколькі сама не выходжу.

За час зняволення мужа Дар’я навучылася жыць сённяшні днём і пераадольваць праблемы па меры іх з’яўлення.

Дар’я Лосік. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

– Я не ведаю, як можна нешта планаваць сёння, бо не магу прагназаваць, што будзе адбывацца. Магчыма, заўтра я сама апынуся ў СІЗА, – кажа дзяўчына.

Але Дар’і не страшна. Дзяўчына не баіцца адкрыта казаць пра сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне.

– Так, калі б яшчэ год таму мне сказалі, што мне давядзецца рабіць нешта такое, даваць інтэрв’ю, я б пасмяялася, – зазначае жонка палітвязня. – Але ў мяне няма іншага выйсця. Пакуль іншыя баяцца, я буду казаць. У мяне няма страху – за дзевяць месяцаў яны самі яго забілі.

«Гэтыя галадоўкі забралі ў нас дзесяць гадоў жыцця»

У пастаяннай трывозе жывуць і бацькі Ігара Лосіка. Два галадаванні сына моцна падарвалі іхнае здароўе.

– З чэрвеня мы ў татальным стрэсе. Ратуемся тым, што ёсць унучка, лецішча, сабака – гэта не дазваляе цалкам сысці ў сумныя думкі, – кажа маці Ігара Наталля Лосік. – Перапісваемся з Ігарам. Нейкія лісты даходзяць, нейкія – не. Па тоне бачна, што Ігару там цяжка.

Наталля, маці Ігара Лосіка. Баранавічы, Беларусь. 15 сакавіка 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Абодва галадаванні сталі для бацькоў Ігара цяжкім выпрабаваннем.

– Мы з мужам былі проста на мяжы, – кажа спадарыня Наталля. – Гадоў дзесяць жыцця тая першая галадоўка дакладна ў нас забрала. Хоць я яго разумею, але не згодная з такім крокам. Магчыма, гэта мела б сэнс у нейкай іншай, цывілізаванай краіне. Але не ў нашай. Тут нікому няма да нас справы, у гэтым беззаконні. Нічога ў тых, хто гэтыя абвінавачанні прыдумляе, чалавечага не засталося.

Калі спадарыня Наталля даведалася, што сын галадуе насуха, у яе падняўся ціск да 180 на 100. Жанчына ў той дзень не змагла пайсці на працу.

– Добра, што хоць разумеюць, дазволілі не пайсці, – кажа маці палітвязня. – Увогуле, шмат падтрымання ад людзей, вельмі ўдзячная ім. Але гэта мы, пратрымаемся. А што рабіць, каб дапамагчы сыну – я не ведаю. Запісацца на прыём да Лукашэнкі – ну дык наўрад ці ён будзе мяне слухаць. Я насамрэч не ведаю, што магу зрабіць.

Спадарыня Наталля кажа, што ні хвіліны не сумнявалася ў тым, што ўсе абвінавачанні, якія вешаюць на Ігара, – надуманыя, што хлопец не меў дачынення да масавых закалотаў ці нечага падобнага.

– Ігар заўсёды быў законапаслухмяны, у мяне з ім ніколі не было праблемаў, – кажа маці палітвязня. – Калі ён вучыўся ў школе, я любіла хадзіць на бацькоўскія сходы, там яго заўсёды хвалілі. Ён добра вучыўся, ва ўніверсітэце атрымліваў падвышаную стыпендыю. Займаўся плаваннем. Ён ні ў чым не вінаваты. Яму адпомсцілі за тое, што ў яго было шмат падпісчыкаў, яго чыталі, а ўладам трэба было зачысціць інфармацыйнае поле.

Наталля паказвае фота з вяселля Ірага і Дашы. Баранавічы, Беларусь. 15 сакавіка 2021 году.
Фота: АВ / Белсат
  • Ігару Лосіку 28 гадоў. Нарадзіўся і вырас у Баранавічах. Скончыў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «настаўнік замежных моваў». Быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга».
  • Ігара затрымалі 25 чэрвеня ва ўласным доме пасля ператрусу. Завялі крымінальную справу паводле арт. 342 КК РБ: «Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Маладзёна ўтрымлівалі пад вартай у СІЗА № 1 у Менску, 18 жніўня перавезлі ў Следчую турму ў Жодзіна.
  • 15 снежня Лосіку выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу: «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках». 11 сакавіка стала вядома пра новае абвінавачванне, падрабязнасці якога пакуль не агучваюцца.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ігара палітвязнем.

Ганна Ганчар, фота АВ belsat.eu

Стужка навінаў