220-ы дзень пратэстаў. Наступ на польскія школы, НАУ абясцэніў дзяржаўныя аблігацыі


220 дзён працягваюцца паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі. Цяпер мітынгоўцы рыхтуюцца да аднаўлення масавых акцыяў і нагадваюць, што да 25 сакавіка засталося 9 дзён. «Белсат» падводзіць вынікі дня.

Цэны дзяржаўных еўрааблігацыяў Беларусі моцна знізіліся

Прычынаю абвалу коштаў дзяржаўных еўрааблігацыяў можа быць актыўнасць на гэтым полі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), мяркуе фінансавы аналітык кампаніі «Duff & Phelps» Максім Адаскевіч.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску», з сакавіка каціроўкі ўсіх выпускаў беларускіх еўрабондаў рэзка пайшлі долу. Асабліва жорстка праселі паперы з пагашэннем у 2030–2031 гадах.

За 12 сакавіка на Франкфурцкай біржы еўрааблігацыі Беларусі з пагашэннем у лютым 2030 года апусціліся да 94,3 % ад наміналу, у лютым 2031-га – да 92,5 %. У канцы лютага гэтыя выпускі прадаваліся па 97,9 % і 98,4 % ад наміналу.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

У НАУ адзначылі, што праца ў гэтым кірунку працягваецца.

«Мы не стамляемся тлумачыць інвестарам, каму і на што яны далі грошы. Яшчэ адна наша мэта – прызнанне нелегітымнасці Лукашэнкі на ўзроўні Міжнароднага валютнага фонду, каб рэжым больш не мог фінансаваць рэпрэсіі за кошт вонкавых запазычанняў», – заявілі ў НАУ.

Аналітыка
НАУ абваліла каціроўкі беларускіх еўрааблігацыяў. І спыняцца не плануе
2021.03.16 10:30

Генпракуратура распачала правяранні ў польскіх школах

Сёння раніцай следчыя прыйшлі ў польскія школы ў Горадні, Берасці і Баранавічах, раней пракуратура распачала правяранні польскіх школ у Ваўкавыску, Берасці і Горадні, – паведаміла Анжаліка Борыс. Паводле кіраўніка «Саюза палякаў у Беларусі», Генеральная пракуратура загадала праверыць польскія арганізацыі.

Польскія грамадскія школы ў Берасці перажылі налёт усіх магчымых кантралёраў – пракуратуры, санітарнай службы, пажарных і ідэалагічных службовых асобаў, – паінфармавала Анжаліка Борыс у Facebook. Таксама правяранні распачнуцца ў школе ў Ляхавічах.

Святкаванне Дня сцяга ў Польшчы. Фота са старонкі Анджэлікі Борыс у Facebook

Кіраўніца «Саюза палякаў у Беларусі» распавяла «Белсату», што пачалося «паляванне на польскую адукацыю». Лідарка польскай меншасці была падчас правярання ў адной са школ Горадні і паразмаўляла са следчымі. Яны сказалі ёй, што менавіта Генеральная пракуратура загадала праверыць усе асяродкі выкладання польскай мовы ў Беларусі.

«Гэта былі інспектары аддзелу па справах няпоўнагадовых. Яны правяралі, хто выкладае ў школе, навошта і якім чынам мы выкладаем польскую мову. Яны спыталі, ці адзначаем мы польскія нацыянальныя святы, і хто ўдзельнічае ў святкаваннях. Таксама запатрабавалі ўсе дакументы, паперы настаўнікаў і дамовы арэнды. Яны хочуць ведаць, за якія сродкі мы існуем, адкуль у нас грошы», – распавяла «Белсату» Анжаліка Борыс.

Hавiны
Генпракуратура распачала правяранні ў польскіх школах
2021.03.16 15:32

 

Затрыманых не вызваляюць з ІЧУ

Таццяну Кірпічаву і Крысціну Малахоўскую затрымалі ў суботу на вуліцы Мірашнічэнкі і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Сёння а пятай раніцы ў затрыманых заканчваўся 72-гадзінны тэрмін з моманту затрымання. На затрыманых склалі новыя пратаколы паводле арт. 24.3 КаАП за непадпарадкаванне ў ІЧУ.

Ізалятар на Акрэсціна. Снежань 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

У выніку затрыманых судзілі паводле арт. 24.23 і арт. 24.3 КаАП. Суддзя Алена Жуковіч прызнала жанчын вінаватымі і пакарала Таццяну 30 соднямі арышту, а Крысціну на 15 содняў.

Судовы канвеер

ў Ленінскім судзе Горадні пачалі судзіць рэдактара гарадскога інтэрнэт-парталу Hrodna.life Аляксея Шоту. Яго і ААТ «Горадня Лайф Медыя» абвінавачваюць у распаўсюдзе інфармацыі, прызнанай экстрэмісцкай – за публікацыю на партале матэрыялаў з папулярнага тэлеграм-каналу, прызнанага экстрэмісцкім.

Рэдактар гарадскога інтэрнэт-парталу Hrodna.life Аляксей Шота ў судзе.
Фота: Белсат

У абвінавачанні супраць рэдакцыі пазначаны арт. 17.11 ч. 2 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Згодна з ім, рэдакцыі пагражае штраф да 500 базавых велічыняў (14 500 рублёў), а таксама канфіскацыя прадметаў здзяйснення правапарушэнняў.

Рэдактару таксама пагражае штраф да 50 базавых велічыняў (1450 рублёў).

Hавiны
У Горадні пачаўся суд над рэдактарам сайту Hrodna.life Аляксеем Шотам. Рэдакцыі пагражае непад’ёмны штраф
2021.03.16 16:24

Вярхоўны Суд канкрэтызаваў інфармацыю Генпракуратуры аб крымінальнай справе ў дачыненні пяці асобаў, якіх абвінавачваюць у рыхтаванні да масавых беспарадкаў, а аднаго з іх – у перашкодзе працы Цэнтрвыбаркаму (арт. 191 КК). Паводле гэтага артыкулу абвінавачваюць палітвязня, актывіста партыі «Народная грамада» Сяргей Спарыша. Аналагічнае абвінавачванне агучылі Сяргею Ціханоўскаму, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Затрыманне Спарыша ў судзе. Фота – spring96.org

Справу супраць Сяргея Спарыша і яшчэ чатырох асобаў будзе разглядаць Менскі абласны суд. На лаве падсудных будуць палітвязні, адміністратары телеграм-каналу «Армія з народам» Сяргей Ярашэвіч і давераная асоба Святланы Ціханоўскай Антаніна Канавалава, палітвязень, блогер тэлеграм-каналу «Армія з народам» Сяргей Коршун і Я. Прывалаў. Іх абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 («Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках»), ч. 3 арт. 293 КК («Навучанне ці іншае рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках»). Дата суда пакуль невядомая.

Меркаванні
Яны хочуць замазаць усіх. Чарга дайшла да арміі
2021.03.16 14:20

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў