Няўдалы алімпійскі дзень: у беларусаў правал у біятлоне, няўдачы ў лыжах і лыжнай акрабатыцы


На Зімовых гульнях у Пекіне для Беларусі мала добрых момантаў. У жаночай біятлоннай эстафеце 16 лютага беларускія дзяўчаты паказалі найгоршы вынік у гісторыі – іх абагналі нават кітаянкі, якіх трэнуе Дар’я Домрачава. Чатыры гады таму ў Пхёнгчхангу Беларусь мела ў гэтай дысцыпліне золата.

Калі 15 лютага мужчынская біятлонная эстафета фінішавала восьмай, хоць прэтэндавала да апошняга на медалі, здавалася, што гэта няўдача, – але аказалася, усё можа быць значна горш. У беларускіх дзяўчат, у складзе Ірыны Лешчанкі, Дзінары Алімбекавай, Алены Кручынкінай і Ганны Солы, усё пайшло не вельмі ўдала з самага старту. На фініш яны прыехалі з жудасным вынікам, 21 промах у стральбе, і 5,30 хвіліны пройгрышу зборнай Швецыі, якая перамагла ў гэтай гонцы, – і 13-ае месца ў выніку.

Дзінара Алімбекава бяжыць трэцяй у жаночай біятлоннай эстафеце 4х6 км на Зімовых алімпійскіх гульнях у Кітаі. 16 лютага 2022 г.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Наперадзе беларускай зборнай фінішавала зборная Кітаю, а Дар’я Домрачава радавалася. На мінулай Алімпіядзе яна дапамагла Беларусі выгуляць гэтую эстафету, потым з’ехала трэнаваць кітайскую зборную. За чатыры гады біятлонная зборная Беларусі абнавілася на 75 %, засталася толькі Ірына Крыўко, якая выйшла замуж і стала Лешчанкай.

Ганне Соле 16 лютага споўнілася 26 гадоў, і яна адзіная з беларускіх біятланістаў не падпісала праўладны ліст. Ганна сказала ў інтэрвʼю тэлеграм-каналу team.by:

«Вельмі крыўдна. Столькі працы зроблена да гэтых стартаў, і нічога не атрымліваецца. Мы засмучаныя. Аднак наперадзе гонка з масавага старту, і яшчэ ёсць шанец. Будзем старацца. Спадзяюся, поспех будзе да нас прыхільны. Пакуль што ў Кітаі Алімпіяда для нас – суцэльныя антырэкорды. Мы прыехалі сюды не па такія вынікі. Напярэдадні абмяркоўвалі з дзяўчаткамі, што вельмі хутка ляціць час: трэнаванне – адпачынак, сон, але сёння, калі ехалі ў аўтобусе, пачала разумець, што ўжо становіцца цяжка дыхаць, усё цісне. Паспрабую аднавіцца».

Беларусаў у біятлоне чакае яшчэ адзін старт, права ў ім удзельнічаць заслужылі Антон Смольскі, Дзінара Алімбекава і Ганна Сола, для астатніх Алімпіяда бясслаўна скончаная.

Антон Смольскі на Алімпіядзе ў Пекіне.
Фота: KIM HONG-JI / Reuters / Forum

Няма чым пахваліцца беларусам і ў лыжным спорце: у каманднай гонцы ў спрынце Аляксандр Воранаў і Ягор Шпунтаў, якія прадстаўляюць Беларусь, сталі 14-мі.

Каб не Гуськова – не было б пра што казаць і ў каронным беларускім відзе, лыжнай акрабатыцы. Спачатку нашая каманда не выйшла ў фінал у камандным міксце. Пасля Станіслаў Гладчанка і Максім Гусцік расказвалі, як яны не задаволеныя сваімі выступамі. Відэазапісы да болю нагадвалі пакаянныя відэа ГУБАЗіКу. Пазней ад гэтай практыкі ў штабе зборнай Беларусі адышлі.

А Гусцік і Павел Дзік не змаглі 15 лютага выйсці ў фінал, у яго прайшоў Гладчанка, але 16 лютага не здолеў працягнуць барацьбу за ўзнагароды, бо не трапіў у суперфінал. І тут без узнагародаў.

Hавiны
У Беларусі другі медаль Алімпіяды. Ганна Гуськова – падпісантка ліста за сумленныя выбары
2022.02.14 15:41

На гэтай Алімпіядзе ў зборнай Беларусі два сярэбраныя медалі, іх прынеслі Антон Смольскі і Ганна Гуськова, гэта 22-і вынік у агульным заліку. А лідаруюць нарвежцы, у якіх 28 медалёў.

АС belsat.eu

Стужка навінаў