На «хіміі» затрымалі і адвезлі ў СІЗА палітвязня, асуджанага за надпіс «Не забудзем» каля «Пушкінскай»


43-гадовы Дзяніс Граханаў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за надпіс «Не забудзем» каля станцыі метро «Пушкінская». Адбываў пакаранне ў ПУАТ № 45 пад Камянцом. Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», мужчыну забралі з «хіміі» супрацоўнікі КДБ і, паводле папярэдняй інфармацыі, адвезлі ў СІЗА № 3 у Гомель.

Дзяніс Граханаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Супрацоўнікі КДБ прыехалі ў ПУАТ № 45 15 лютага. Ва ўсіх асуджаных забралі тэлефоны, дапытвалі «палітычных». Потым Дзяніса Граханава затрымалі і павезлі ў Гомельскі СІЗА, аднак гэтая інфармацыя не пацверджаная. Як стала вядома праваабаронцам, супраць Граханава завялі новую крымінальную справу, але артыкул пакуль не вядомы.

Дзяніс Граханаў першы раз быў затрыманы 10 верасня 2020 года ўдома ў Менску за нанясенне надпісу «Не забудзем» на тратуары каля станцыі метро «Пушкінская». Потым яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Аднак 22 кастрычніка 2020 года Дзяніс быў зноў затрыманы. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 339 КК – «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў», і ч. 2 арт. 218 КК – «Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры».

На судзе 8 снежня Дзянісу прысудзілі 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») і вызвалілі ў зале суда.

15 красавіка 2021 года Дзяніс Граханаў пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 45 у вёсцы Сушкі Камянецкага раёну Берасцейскай вобласці.

Юрый Касцюк.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Таксама 15 лютага затрымалі былога палітвязня, 24-гадовага берасцейца Юрыя Касцюка. Ён быў асуджаны паводле арт. 370 КК РБ за знявагу дзяржаўных сімвалаў. 17 лістапада 2020 года Юрыя засудзілі на 1 год «хіміі». Праз год, 23 лістапада 2021 года, адбыўся суд дзеля замены пакарання на больш строгае. У выніку маладзёну прысудзілі 1 месяц і 16 дзён калоніі агульнага рэжыму. З «хіміі» яго перавялі ў гарадзенскую турму № 1. 6 студзеня ў палітвязня скончыўся тэрмін пакарання, і ён выйшаў на волю.

Крыніцы «Белсату» паведамляюць, што 15 лютага прайшлі масавыя аблавы на «палітычных» у папраўчых установах адкрытага тыпу – так званай «хіміі». Некалькі чалавек затрымалі.

– Па ўсёй краіне ва ўсіх, хто адбываў пакаранне паводле палітычных артыкулаў, 15 лютага забралі тэлефоны, сувязь з імі часова адсутнічае. Я думаю, улады абурыла інфармацыя, якая выходзіла іх ПУАТаў, асабліва пра нечалавечыя ўмовы, у якіх вымушаныя жыць і працаваць людзі. І ўлады вырашылі дзейнічаць зразумелым ім чынам: замест вырашэння праблемы яны забралі ў людзей тэлефоны, каб інфармацыя не распаўсюджвалася. Але нам ужо вядома, што адбылося, і праз пару дзён мы будзем ведаць яшчэ больш, – распавяла «Белсату» нашая крыніца.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў