«Макей – рэдкае выключэнне». Былы дыпламат пра кіраўніка беларускага МЗС


Былы пасол Беларусі ў Аргенціне Уладзімір Астапенка распавёў «Белсату» пра асобу Уладзіміра Макея, ягоныя заробкі і адданасць Лукашэнку.

Уладзімір Астапенка, былы амбасадар Беларусі ў Аргентыне, які далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Нюрнбэрг, Нямеччына. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

– Чаму менавіта Макею Лукашэнка даверыў узначальваць МЗС?

– Макей у свой час зрабіў досыць цікавы і рэзкі крок, калі памяняў вайсковую службу на працу ў Міністэрстве замежных справаў. Ён пачынаў з шараговых пасадаў гэтую працу, вучыўся ў Венскай дыпламатычнай акадэміі. Быў прадстаўніком Беларусі ў Страсбуры ў Радзе Еўропы. Рада Еўропы – гэта арганізацыя, якая займаецца праваабарончай тэматыкай, перш за ўсё правамі чалавека, забеспячэннем гэтых правоў чалавека. І ўласна тады праеўрапейскасць, правы чалавека былі тэмай ягонай працы, былі тым прадметам, які ён актыўна прасоўваў, працуючы ў МЗС. Але апынуўшыся ўжо ў Адміністрацыі прэзідэнта, пачаў атрымліваць іншыя ўстаноўкі і кіравацца іншымі крытэрамі. Ён трапіў на пасаду міністра замежных справаў пасля таго, як досыць шмат, каля васьмі гадоў, адпрацаваў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта. Гэта значыць, быў найбліжэйшым падначаленым Лукашэнкі і шчыльна працаваў з ім. Таму Лукашэнка прызначыў Макея ў Міністэрства замежных справаў, паставіў туды свайго намесніка. І з таго, што мы назіраем апошнія паўтара года, Макей, пры ўсёй ягонай, умоўна кажучы, празаходнасці і пры ўсіх ягоных намаганнях выбудоўваць шматвектарную замежную палітыку Беларусі да 2020 года, сёння заняў нішу падтрымання Лукашэнкі і асацыюецца з гэтым рэжымам. І ён, адпаведна, спрабуе логіку гэтага рэжыму праводзіць у вонкавым свеце сярод тых нешматлікіх кантактаў, якія яшчэ ў яго засталіся.

Калі ўспомніць тых, хто атачаў Лукашэнку на старце, яшчэ ў 1994 годзе, я многіх з іх ведаў, то сёння не засталося нікога, акрамя Шэймана. На слыху цяпер імёны і Чалага, і Фядуты, і Сініцына, якія пачыналі з Лукашэнкам, а цяпер апынуліся па іншы бок барыкадаў. Я думаю, што Макей тут такое рэдкае выключэнне. Чалавек, які побач з Лукашэнкам, фактычна, з 2000 года і па-ранейшаму яшчэ застаецца ў абойме.

– Што Макей атрымлівае за сваю адданасць?

– У дзяржаўных службоўцаў фармальна ніякіх плюшак, акрамя зарплаты, няма і быць не можа. Таму што дзяржслужбоўцам забаронена займацца і камерцыйнай дзейнасцю і нейкімі дадатковымі падпрацоўкамі. У свой час памеры аплаты працы чыноўнікаў былі ўсталяваныя пастановай Савету Міністраў, потым, напэўна, гады два таму, зарплаты ўсіх дзяржслужбоўцаў былі павышаныя. Я дакладнай сумы вам цяпер не назаву, але афіцыйны заробак Макея парадку 3,5–4 тысяч рублёў. Але мы разумеем, што топ-кіраўніцтва краіны досыць камфортна сябе адчувае ў беларускіх умовах. Гэта дамы ў Драздах, гэта магчымасць будаўніцтва катэджаў на спецыяльна выдзеленых пляцоўках, гэта магчымасць ільготнага крэдытавання такіх праектаў, гэта ўстойлівая і стабільная зарплата. На гэтым фоне была інфармацыя аб тым, што Лукашэнка даплачвае свайму блізкаму колу заробак у канвертах, але я не гатовы сцвярджаць гэта стоадсоткава, таму пакіну за дужкамі нашай размовы.

Наколькі я ведаю, у Макея дом у самых-самых Драздах, у ахоўным пасёлку за высокім плотам, далей ад народу. Можна, уласна, падняць інфармацыю пра жыхароў пасёлку Дразды, Дразды-1, Дразды-2 і ўбачыць, што практычна ўсе ўчасткі там былі выдадзеныя забудоўнікам на персанальнае рашэнне Лукашэнкі. Без аўкцыёну, без выплаты рынкавага кошту. І гэта той прывілей, які шмат каго прывязаў да цяперашняй сістэмы. Фактычна, гэтыя дамы – службовае жытло. Гэта значыць, чалавек займае гэты дом, будучы на пасадзе. Калі ён гэтую пасаду вызваляе, ён мусіць з гэтага дому выехаць.

Скрыншоты з прамой трансляцыі VI Усебеларускага народнага сходу. Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі. 11 лютага 2021 года. Крыніца: tvr.by

– Пасля падзеяў жніўня 2020 года працаўнікі МЗС актыўна выказвалі сваю пазіцыю і звальняліся. Ці чакаць новых звальненняў з гэтага ведамства?

– Мы ведаем, што з Міністэрства замежных справаў з розных прычынаў было звольнена больш за сто працаўнікоў. Нехта ў сувязі з заканчэннем замежнага камандзіравання, нехта на пагадненне бакоў, нехта па заяве аб выхадзе з дыпламатычнай службы. І гэта вялікая страта для калектыву з 250 чалавек. Я кажу аб цэнтральным апараце. Але тыя, хто застаўся там, відавочна, стаяць усё яшчэ перад гэтым маральным выбарам. І я думаю, што гэты працэс яшчэ не завершаны. Я думаю, галоўная перашкода ў сённяшніх умовах – проста страх людзей аказацца ў невядомасці, без працы, без нейкіх адчувальных перспектываў. Я думаю, што кожнаму чыноўніку яшчэ трэба прайсці гэты шлях.

Hавiны
«Спецыяльна робяць людзей беднымі». Валер Цапкала аб чыноўніках, выдатках Лукашэнкі і страху страціць працу
2022.02.09 13:01

АМ belsat.eu

Стужка навінаў