Касцёл шукае арганізацыі, гатовыя ўзяцца за аднаўленне пацярпелай ад пажару Будслаўскай святыні


Стан і аднаўленне касцёлу ў Будславе абмеркавалі беларускія каталіцкія іерархі і старшыня Менскага аблвыканкаму.

Старшыня Менаблвыканкаму Аляксандр Турчын і прадстаўнікі Касцёлу – апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзыч і арцыбіскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юзаф Станеўскі сустрэліся 15 лютага. Сярод іншага абмяркоўвалася пытанне аднаўленне касцёлу ў Будславе, які моцна пацярпеў падчас леташняга пажару.

Іерархі беларускага Касцёлу сустрэліся са старшынём Менскага аблвыканкаму.
Фота: Менскі аблвыканкам

Антэ Ёзыч зазначыў, што Касцёл распачаў рамонт святыні самастойна, аднак далей гэта рабіць «немагчыма без дапамогі мясцовых уладаў».

Нунцый лічыць, што аднаўленне будслаўскага касцёлу зойме шмат часу, бо гаворка ідзе пра спецыфічную працу. Цяпер жа ідзе пошук арганізацыяў-падрадчыкаў, піша Reform.by.

Hавiны
Што паспелі да зімы зрабіць у Будслаўскім касцёле
2021.12.05 13:18

Паводле Антэ Ёзыча, святыня ў гаротным стане, і таму распачаць працы дзеля капітальнага аднаўлення немагчыма без гатовага праекту.

«Можна сказаць, што ў будаўніцтве зацікаўленыя шмат якія ўстановы. Мы шукаем будаўнічыя арганізацыі, якія гатовыя выканаць такую няпростую працу. Само аднаўленне можа заняць шмат часу, бо трэба аднавіць не толькі фасад, але і роспісы», – зазначыў апостальскі нунцый.

«Вобласць яшчэ ў 2012 годзе ўкладала немалыя сродкі ў яго рамонт. Сёння абмяркоўваліся пытанні не проста захавання гэтага помніка архітэктуры, але і перспектыва развіцця Будслава як магчымага цэнтру рэлігійнага турызму Менскай вобласці, – сказаў старшыня Менаблвыканкаму. – Мы дамовіліся ў найбліжэйшы час пабываць там, каб разумець, у якім кірунку і рэчышчы рухацца».

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе загарэўся раніцай 11 траўня 2021 года. Пажар удалося патушыць, а таксама ўратаваць галоўны скарб святыні – абраз Маці Божай Будслаўскай. Аднак у касцёле цалкам выгарэў і абваліўся дах. Стан купалу быў прызнаны аварыйным.

Фота
Як пасля пажару выглядае Будслаўскі касцёл знутры
2021.05.12 12:01

Інтэр’ер касцёлу пацярпеў ад вады, якой касцёл быў моцна заліты падчас тушэння пажару.

Да маразоў яшчэ напрыканцы 2021 года касцёл паспелі накрыць часовым дахам, на які вёўся дабрачынны збор сродкаў. Завяршыць працы з купалам не ўдалося, іх адклалі на вясну, як і раскрыццё жывапісу ў купальнай частцы. На гэтыя працы таксама патрэбныя значныя сродкі, збор якіх на дабрачынны рахунак працягваецца.

Напрыканцы мінулага года была пададзеная заяўка на распрацоўванне інжынернага праекту, у які мае ўваходзіць умацаванне і гідраізаляцыя падмуркаў касцёлу, умацаванне цокальнага паверху, пракладанне дрэнажнай сістэмы, умацаванне і іншыя працы, звязаныя са шчылінамі ў мурах. Асаблівую заклапочанасць выклікае правая нава, дзе можа абваліцца частка падпружнай аркі. Праектаванне мае завершыцца ў сярэдзіне 2022 года, рэалізаваць праект маюць у 2023–2024 гадах.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў