Калі свет пазбягаў вайны: гісторыя буйных міжнародных крызісаў, якія развязваліся мірна


Belsat.eu распавядае пра палітычныя крызісы XX стагоддзя, якія маглі прывесці да вялікіх узброеных канфліктаў, але былі ўрэгуляваныя мірна. Некаторыя з іх толькі крыху адцягнулі вайну, а некаторыя станоўча паўплывалі на міжнародную бяспеку ў доўгатэрміновай перспектыве.

Серыя крызісаў перад Першай сусветнай вайной

Цягам дзесяці гадоў перад Першай сусветнай вайной Еўропа перажыла серыю крызісаў, кожны з якіх пагражаў кантыненту вайной.

У 1905 і 1911 годзе адбыліся Першы і Другі мараканскія крызісы, якія сталі вынікам канфрантацыі Францыі і Нямеччыны. Марока на той момант было ў зоне ўплыву Францыі, але гэты стан рэчаў немцы хацелі змяніць.

Французскія войскі ў Марока. Крыніца: istorium.net

Паміж двума мараканскімі крызісамі выбухнуў крызіс і на Балканах: у 1908 годзе Аўстра-Вугоршчына анексавала тэрыторыю Босніі і Герцагавіны. Боснія і так была пад кантролем аўстрыйцаў, аднак цяпер гаворка ішла пра тое, што гэта тэрыторыя афіцыйна станавілася часткай імперыі.

Статус-кво на Балканах быў парушаны. Сербія, якую традыцыйна падтрымлівала Расея, абвесціла мабілізацыю. Ваенныя рыхтаванні пачаліся і ў Аўстра-Вугоршчыне. Аднак у выніку Расея не пайшла на абвастрэнне і саступіла. Сербія таксама вымушана змірылася.

Гісторыі
7 абсурдных нагодаў для пачатку вайны: вядро, футбол, свіння…
2022.02.04 07:30

Досвед міжнародных крызісаў пачатку XX стагоддзя сведчыць, што такія абвастрэнні могуць быць зусім не бяскрыўднымі, нават калі вайну ўдавалася перадухіліць. Паводле факту яны прывялі да ўзмацнення ўзаемнага недаверу, кансалідацыі ваенных блокаў і павелічэння ваенных бюджэтаў. Досвед тых падзеяў значны паўплываў на паводзіны палітыкаў падчас наступнага крызісу – улетку 1914 года.

Напрыклад, некаторыя гісторыкі лічаць, што баснійскі крызіс 1908 года ў значнай ступені перадвызначыў эскалацыю сітуацыі вакол Сербіі ў 1914-м. Расея, маючы досвед дыпламатычнай паразы ў 1908 годзе, мела намер дзеяць рашуча, каб канчаткова не страціць аўтарытэту і ўплыву на Балканах. Аўстра-Вугоршчына актыўна павышала стаўкі, бо разлічвала на тое, што Расея зноў саступіць і ваяваць не будзе. А Нямеччына ў сваю чаргу не хацела праяўляць слабасць пасля двух правалаў у Марока. Скончылася гэта ўсё агульнаеўрапейскай катастрофай.

Ваенная трывога 1927 года

Тэрмін «ваенная трывога» выкарыстоўваецца гісторыкамі для абазначэння канфлікту паміж СССР і Вялікай Брытаніяй, які быў штучна раздзьмуты Масквой да пагрозы вайны. Лондан быў не задаволены тым, што Масква аказвае ваенную падтрымку рэвалюцыйным сілам у Кітаі, а таксама вядзе падрыўную камуністычную прапаганду ў самой Брытаніі. У звязку з гэтым прэм’ер-міністр Остын Чэймбэрлен накіраваў савецкаму кіраўніцтву ноту з патрабаваннем спыніць гэтыя дзеянні. Шэраг дыпламатычных скандалаў, якія затым адбыліся, прывёў да разрыву дачыненняў паміж Масквой і Лонданам.

Маршал Юзэф Пілсудскі ў Менску ў 1919 годзе. У 1927 годзе ён узначаліў Польшчу.
Фота: Adam Dulęba / Library of Congress / wikipedia.org

У СССР разгарнулася вялікая прапагандысцкая кампанія, якая стварыла ў краіне атмасферу перадваеннага псіхозу. Улады заклікалі савецкіх грамадзянаў рыхтавацца да найгоршага, заяўлялася пра непазбежнасць вайны і пагрозу імперыялістычнай інтэрвенцыі. Ладзіліся мітынгі, збіралі сродкі на эскадрыллю «Наш адказ Чэймбэрлену», ішлі вучэнні з процівагазамі.

Аднак асаблівасць сітуацыі была ў тым, што Брытанія насамрэч не збіралася ваяваць з СССР, для Лондану гэта быў выключна дыпламатычны крызіс. Атмасфера вайны была створаная Сталіным штучна, каб правесці сацыяльную мабілізацыю і мілітарызацыю грамадства, пашырыць шпіёнаманію і нецярпімасць да іншадумства, і як вынік – апраўдаць рэпрэсіўную палітыку ўнутры краіны. Сумнавядомы 58-ы артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога былі рэпрэсаваныя мільёны людзей, з’явіўся менавіта на хвалі тых падзеяў.

Чэхаславацкі крызіс

Пасля прыходу нацыстаў да ўлады Нямеччына актыўна выступала за «вяртанне» населенай пераважна немцамі Судэцкай вобласці Чэхаславаччыны. Берлін працяглы час падтрымліваў сепаратысцкі рух у Судэтах, спекуляваў на прынцыпе самавызначэння нацыяў і вінаваціў чэхаў у тым, што яны нібыта прыгнятаюць нямецкае насельніцтва.

У верасні 1938 года ў Судэтах успыхнуў мяцеж нямецкіх сепаратыстаў, які прывёў да сутыкненняў з чэхаславацкімі вайскоўцамі. У гэтай сітуацыі Адольф Гітлер заявіў пра гатовасць аказаць дапамогу суайчыннікам і вырашыць судэцкае пытанне ваенным шляхам, хоць сам ён нібыта хоча міру. Нямеччына рыхтавала ўварванне, у Чэхаславаччыне абвесцілі агульную мабілізацыю, а ў Францыі – прызыў рэзервістаў. Еўропа аказалася на парозе вялікай вайны.

3 кастрычніка – Нямеччына анексуе Судэцкую вобласць. Святкаванне гэтай падзеі 3 кастрычніка 1938 года ўвайшло ў гісторыю як «Усенароднае гулянне».
Фота: Bundesarchiv / wikipedia.org

Але Брытанія і Францыя не хацелі ваяваць – яны імкнуліся любой цаной перадухіліць канфлікт. Французы і брытанцы пачалі ціснуць на ўрад Чэхаславаччыны, каб тыя прынялі ўмовы немцаў. 30 верасня 1938 года французскі прэм’ер-міністр Эдуар Даляд’е, брытанскі прэм’ер Нэвіл Чэймбэрлен, а таксама Адольф Гітлер і Бэніта Мусаліні падпісалі Мюнхенскае пагадненне, якое прадугледжвала перадачу Судэтаў Нямеччыне. Абмеркаванне дакументу праходзіла без прадстаўнікоў Чэхаславаччыны. На пачатку кастрычніку нямецкія войскі без супраціву занялі Судэты.

Мюнхенскія пагадненні не ўратавалі Еўропу ад вайны, а проста адтэрмінавала яе пачатак. Прычым гэтая адтэрміноўка зрабіла нацысцкую Нямеччыну толькі мацнейшай, а пазіцыі яе праціўнікаў – слабейшымі. «Калі краіна, выбіраючы паміж вайной і ганьбай, выбірае ганьбу, яна атрымае і вайну, і ганьбу!» – каментаваў вынікі канферэнцыі ў Мюнхене Ўінстан Чэрчыл.

Не выключна, што калі б Францыя і Брытанія не пайшлі на саступкі ў 1938 годзе, то сусветнай вайны магло і зусім не быць. Частка афіцэраў і генералаў нямецкай арміі рыхтавалі пераварот і забойства Гітлера (так званая «змова Остэра») на той выпадак, калі справа дойдзе да ўварвання ў Чэхаславаччыну. Змоўнікі лічылі, што авантурная палітыка Гітлера прывядзе да краху Нямеччыны, бо вялікай вайны ім не выйграць. Але саступкі Захаду пазбавілі «змову Остэра» ўсялякага сэнсу: вайна не распачалася, Гітлер даказаў эфектыўнасць ўласнага курсу, і ягоная папулярнасць у Нямеччыне моцна вырасла.

Для Захаду ганебныя вынікі Мюнхенскай канферэнцыі сталі ў пэўным сэнсе ўзорам правальнай палітыкі калектыўнай бяспекі. Досвед гэтых памылак дагэтуль аказвае моцны ўплыў на шмат якіх заходніх лідараў, якія зусім не хочуць, каб іхныя дзеянні выклікалі паралелі з паводзінамі Даляд’е і Чэймбэрлена.

Карыбскі крызіс: за паўкрока да ядравай катастрофы

Карыбскі крызіс 1962 года ўспыхнуў праз тое, што СССР таемна размясціў свае ядравыя ракеты на Кубе, дзе ўладу за тры гады да гэтага захапілі камуністы.

Радыус пакрыцця ракетаў, якія дыслакаваліся на Кубе.
Фота: U. S. Dept. of State photograph in the John Fitzgerald Kennedy Library / wikipedia.org

Масква планавала выкарыстоўваць ракеты на Кубе дзеля палітычнага шантажу, каб прымусіць амерыканцаў да саступак, у тым ліку ў пытаннях размяшчэння амерыканскіх ракет у Еўропе. Аднак Белы дом даведаўся пра размяшчэнне ракетаў раней, чым Крэмль ужыў гэты козыр у перамовах.

14 кастрычніка 1962 года амерыканская выведка атрымала здымкі савецкіх ракетаў на Кубе, якія праз два дні былі перададзеныя амерыканскаму прэзідэнту Джону Кенэдзі. Ён склікаў нараду. Сярод іншага разглядалася магчымасць ракетных удараў па Кубе і высадкі дэсанту, аднак ЗША вырашылі спачатку абмежавацца блакадай. 22 кастрычніка Кенэдзі абвесціў пра гэта ў сваім звароце па тэлебачанні: ён абвінаваціў СССР у падступстве, заявіў пра небяспеку, якая навісла над ЗША, і аб неабходнасці даць адпор. Савецкі ўрад назваў дзеянні ЗША правакацыйнымі і агрэсіўнымі, абвінаваціў амерыканскі бок ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы Кубы. ЗША і СССР прывялі войскі ў стан павышанай гатовасці.

Крызіс дасягнуў піку 27 кастрычніка 1962 года: над Кубай быў збіты амерыканскі самалёт-выведнік U-2. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як Чорная субота: у той момант свет быў найбліжэйшы да ядравай катастрофы.

Але адразу пасля гэтага пачалася дээскалацыя. СССР згадзіўся вывесці ракеты з Кубы, а ЗША паабяцалі не нападаць на Кубу і прыбраць ракеты з Турэччыны. Абмен не быў раўнацэнны: насамрэч амерыканцам з Турэччыны трэба было вывесці 15 старых ракетаў «Юпіцер», якія і так праз год планавалася спісаць.

Мікіта Хрушчоў і Джон Кенэдзі ў Вене 4 чэрвеня 1961 года.
Фота: U. S. Dept. of State photograph in the John Fitzgerald Kennedy Library / wikipedia.org

Падзеі кастрычніка 1962 года ўвайшлі ў гісторыю як прыклад авантурнай палітыкі Крамля, якая паставіла свет на мяжу ядравай вайны. Але парадокс у тым, што Карыбскі крызіс меў станоўчы эфект для сістэмы міжнароднай бяспекі. Усвядоміўшы, наколькі крохкім можа быць мір, Масква і Вашынгтон сталі ўзаемадзеяць больш асцярожна, каб не дапускаць аналагічных крызісаў у будучыні. Лічыцца, што з Карыбскім крызісам завяршылася самая вострая фаза халоднай вайны.

Вучэнні NATO: крызіс, пра які ніхто не ведаў

Аднак у лістападзе 1983 года пагроза ядравага канфлікту паміж СССР і ЗША зноў зрабілася рэальнасцю. Крызіс справакавалі маштабныя вучэнні NATO «Able Archer» («Умелы лучнік»), дзе мадэляваўся сцэнар сусветнай вайны, распачатай СССР. Адпрацоўвалася сярод іншага выкарыстанне ядравай зброі.

Манеўры адбываліся на фоне рэзкага абвастрэння стасункаў ЗША і СССР. СССР ужо чацвёрты год ваяваў у Афганістане, а ў верасні 1983 года савецкія вайскоўцы памылкова збілі карэйскі «Боінг-747» над Сахалінам – загінулі 269 чалавек. Прэзідэнт ЗША Роналд Рэйган прытрымліваўся жорсткага антыкамуністычнага курсу, называючы СССР «Імперыяй зла». У Еўропе былі размешчаныя амерыканскія балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці «Пэршынг-2».

Вайскоўцы NATO на вучэннях на мяжы Нідэрландаў і Нямеччыны.
Фота: John van Hasselt / Sygma via Getty Images / immediate.co.uk

У гэтых умовах кіраўніцтва СССР баялася, што вучэнні «Умелы лучнік» – толькі прыкрыццё для рэальнага нападу з боку NATO. Пагатоў, вучэнні сапраўды выглядалі вельмі рэалістычна: выкарыстоўваліся новыя коды паведамленняў, дзеяў рэжым радыёмаўчання, балістычныя ракеты выводзіліся з ангараў. У Маскве прыйшлі да высновы, што існуе пагроза ядравай вайны, і рыхтаваліся нанесці ўдар у адказ.

Фактычна які заўгодна інцыдэнт мог запусціць ланцужок падзеяў, якія б прывялі да вайны. Аднак, на шчасце, гэтага не адбылося: вучэнні скончыліся, а разам з імі і параноя савецкага кіраўніцтва. На Захадзе нават не падазравалі, што ў СССР настолькі сур’ёзна паставіліся да вучэнняў і што свет сапраўды быў на парозе вайны, – гэта стала вядома толькі ў 1990-я.

Венскі дакумент, які рэгулярна згадваецца цяпер у сувязі з непразрыстасцю манеўраў «Саюзная рашучасць», накіраваны, фактычна, якраз на тое, каб не дапускаць сітуацыяў, калі суседнія краіны няправільна ацэньваюць пагрозы бяспекі і лічаць вучэнні за падрыхтоўку да вайны.

РР belsat.eu

Стужка навінаў