«Balta-чырвона-balta». У Вільні адкрылася выстава карцін і фотаздымкаў, якая яднае беларусаў пачатку XX і XXI стагоддзяў


Мастацкая выстава журналісткі «Белсату» Ганны Русінава «Balta-чырвона-balta» адкрылася 15 лютага, напярэдадні дня аднаўлення літоўскай дзяржаўнасці. Выстава прысвечана барацьбе беларусаў за свабоду.

Ганна Русінава прамаўляе ў часе адкрыцця мастацкай выставы. Вільня, Літва. 16 лютага 2022 г.
Фота: Белсат

«Ідэя стварэння ўсіх гэтых карцін узнікла з унутранай неабходнасці перадаць увесь гэты жах, страх, боль беларусаў, якія зараз змагаюцца з рэжымам, з несправядлівасцю, з тым жаданнем да пераменаў, да зменаў у нашай краіне.

Гэта адлюстраванне, перадача тых падзеяў праз чалавечае цела, то бок праз мае адчуванні. На палотнах рабіліся адбіткі, каб перадаць датычнасць беларусаў, датычнасць кожнага чалавека, кожны пакутуе, нават калі не ты сам знаходзішся ў турме, а твае знаёмыя, сябры, над імі здзяйсняецца гвалт», – распавядае Ганна Русінава.

На выставе прысутнічалі літоўцы, мясцовыя беларусы і тыя, хто быў вымушаны пакінуць радзіму, прадстаўнікі розных беларускіх арганізацыяў. З прамовай выступілі старшыня саюзу мастакоў Літвы Эгле Ганда Богданіене, чалец Сейму Літвы Кестуціс Вілкаўскас.

Фота: Белсат

Як сказала старшыня саюзу мастакоў Літвы Эгле Ганда Богданіене: «Мяняць аднаму нешта вельмі складана, ты пачынаеш рабіць, ты як іскра. Потым ёсць асяроддзе, у якім ты можаш рабіць перамены. Мне падалося, што Ганна – гэта іскра, якая можа рабіць тыя змены, якія вельмі важныя.

Вельмі сімвалічна, калі мы гаворым не пра нашу свабоду, а пра свабоду ўвогуле. Я думаю, аб свабодзе трэба казаць вельмі адкрыта і вельмі шырока. Калі чалавек можа казаць пра свае пачуцці, гэта вельмі сурʼёзна, гэта вельмі смела і мне гэта вельмі падабаецца».

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Кястуціс Вілкаўскас чалец камітэту культуры Сейму Літвы лічыць выставу вельмі сімвалічнай, бо яна распачалася перад святам 16 лютага, у дзень нараджэння літоўскай дзяржавы.

«Гэта сімвалічна, што чалавек эмацыйна пераносіць на свае карціны тыя падзеі, якія зараз адбываюцца ў Беларусі, нават ёсць такія ўзаемныя сімвалы, бо Ганна сімвалічна ў сваю карціну дадала таксама жонку аднаго з падпісантаў падпісання акту 16 лютага Сцяпанаса Кайрыса. Тым больш што гэтыя ўсе сімвалы абʼядноўваюць нашы два народы, і культура і мастацтва, я думаю, самае сапраўднае ўнутранае абʼяднанне двух народаў».

На адкрыцці выступілі беларускія музыкі, Вячка Красулін на дудзе, Ганна Лепяшкевіч на цымбалах і Юля Гутоўская на гітары.

Выстава складаецца з уласных карцін і фотаздымкаў. Фотаздымкі – гэта беларускія падзеі ў Вільні – важная плынь змагання беларусаў за сваю свабоду на радзіме.

Ганна Русінава.
Фота: Белсат

Серыя карцін – гэта інтэрпрэтацыя выявы беларуса, які заўсёды змагаецца за сваю незалежнасць на працягу стагоддзяў. На адной з работ прадстаўлены вобраз жанчыны – Алаізы Пашкевіч (Цёткі) – пісьменніца, якая нарадзілася на тэрыторыі Беларусі, працавала фельчарам у адной з лякарняў у Новай Вільні. Садзейнічала беларускаму адраджэнню, супрацоўнічала з беларускімі дзеячамі: Якубам Коласам, Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, братамі Луцкевічамі. Адкрыла першую беларускую школу ў Вільні. Змагалася за правы жанчын. Паэтка была жонкай Сцяпанаса Кайрыса, аднаго з падпісантаў акта аб незалежнасці Літвы ад 1918 года.

Зборны вобраз сучаснага беларуса – Аляксандр Івулін – блогер, журналіст, футбаліст, які пазбаўлення волі да 2-х гадоў за асвятленне акцый пратэсту.
Фота: Белсат

Працы можна набыць падчас і пасля выставы, атрыманыя грошы пойдуць на дапамогу палітзняволеным.

Выстава будзе працаваць да 03 сакавіка, у выставачнай зале саюзу мастакоў Літвы, (Вокечю 4).

Выстава арганізавана пры падтрымцы саюзу мастакоў Літвы.

Hавiны
«Спроба Кантролю» мастачкі Дашы Бубен. Пачуцці 2020-га ў колерах
2021.10.28 16:28

belsat.eu

Стужка навінаў