У Менску судзяць палітвязня Лявона Халатрана


У судзе Фрунзенскага раёну сталіцы раніцай 16 лютага аднавіўся працэс над кіраўніком «Ruin Bar ОК16» і валанцёрам выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Лявонам Халатранам.
Суд над Лявонам Халатранам. Фота ТК/ Белсат

Справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк, пазіцыю дзяржаўнага абвінавачвання падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Павел Папкоў.

Пракурор прапанаваў прыступіць да агляду рэчавых доказаў. Суддзя пагадзілася. Уключылі запіс тэлефонных размоваў Бяленскага і Савіцкага, Бяленскага і Пазняка, Бяленскога і Халатрана, якія адбываліся ўвечары 9 жніўня. Лявон у гэты час быў у штабе Бабарыкі.

Бяленскі і Савіцкі казалі пра тое, што адбывалася ў горадзе. Адзін з іх сказаў, што каля гатэлю «Беларусь» «мусароў яшчэ няма». У зале пачуліся смяшкі. Суддзя спыніла запіс і сказала, што смех у зале забаронены, папярэдзіла, што ўсе, хто смяецца, будуць выдаленыя.

Суд над Лявонам Халатранам.
Фота: ТК / Белсат

Затым слухалі размову паміж Халатранам і Ганнай Дапшэвічуце 11 жніўня.

Суд над Лявонам Халатранам. На судзе прысутнічаюць бацькі, жонка. Таксама падтрымаць Лявона прыйшоў Аляксандр Калеснікаў.
Фота: ТК / Белсат

Суддзя папрасіла жонку Халатрана Яну Смалягу пакінуць залу пасяджэння. Жанчыну папрасілі выйсці, бо яна парушыла парадак: паднялася і пачала гаварыць.

У суддзе перапынак да 14:10.

Пракурор папрасіў для Лявона Халатрана два гады хіміі са скіраваннем у адмысловую ўстанову. І папрасіў не вызваляць Халатрана да таго, як прысуд набудзе законную моц. 17 лютага аб 11:45 – апошняе слова.

Суд над Лявонам Халатранам. На судзе прысутнічаюць бацькі, жонка. Таксама падтрымаць Лявона прыйшоў Аляксандр Калеснікаў.
Фота: ТК / Белсат

Лявона Халатрана затрымалі 11 жніўня 2020 года і моцна збілі. Спачатку яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – «Удзел у масавых беспарадках», аднак у снежні абвінавачанне перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 342 КК – «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Сваёй віны Лявон Халатран не прызнае.

Суд над Лявонам Халатранам. На судзе прысутнічаюць бацькі, жонка. Таксама падтрымаць Лявона прыйшоў Аляксандр Калеснікаў.
Фота: ТК / Белсат

Лявон Халатран жанаты, у яго ёсць маленькі сын. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Лявона Халатрана палітвязнем.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў