«Справа Кабанава і Пятрухіна»: на суд пусцілі незалежныя СМІ, але не прывезлі самых блогераў


16 лютага ў Кастрычніцкім судзе Магілёва адбылося другое паседжанне ў справе супраць берасцейскіх блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна. Нарэшце на працэс дапусцілі прадстаўнікоў незалежных СМІ, якім не знайшлося месца ў судовай зале мінулы раз.

Хаця журналісты ўваходзілі ў будынак суда першыя з моманту яго адкрыцця, у зале зноў нейкім магічным чынам ужо сядзелі людзі. Сярод іх быў міліцыянт Ленінскага РАУС Уладзіслаў Шамігаў, ён быў у цывільным. Астатнія месцы займалі маладзёны, падобныя да студэнтаў. Цікава, што дзвюх дзеўчын, якія невядома як матэрыялізаваліся ў зале, увечары мы выпадкова сустрэлі ў ГУБАЗіК. Супадзенне?

Працэс праходзіць без абвінавачаных.
Фота: Белсат

Таксама ў зале прысутнічаў пацярпелы: ім прызналі магілёўскага амапаўца Віталя Аўтушэнку. Кабанаву і Пятрухіну інкрымінуюць абразу службовай асобы пры выкананні ім сваіх абавязкаў. Гэтай асобай якраз і ёсць Аўтушэнка, той самы міліцыянт, які браў удзел у затрыманні блогера Сяргея Ціханоўскага на магілёўскай кальцавой дарозе 6 траўня 2020 года. Ён запатрабаваў кампенсацыю матэрыяльнай шкоды памерам 1500 рублёў. Аўтушэнка ўгледзеў абразу ў каментарах да ягонага фота на канале блогераў «Народный репортёр».

Другі пацярпелы – суддзя Берасцейскага абласнога суда Андрэй Лешчанка – выставіў пазоў толькі да Сяргея Пятрухіна. Ён лічыць, што блогер у адным са сваіх відэа абразіў яго ў сувязі з выкананнем ім правасуддзя. Лешчанка летась разглядаў скаргу Пятрухіна на адміністратыўны штраф паводле арт. 23.34 КаАП. Пасля суда на ўласнай старонцы Пятрухіна «УКантакце» з’явілася відэа, змест якога абразіў Лешчанку. Гэты пацярпелы на судзе паводле крымінальнай справы не прысутнічае і патрабуе маральнай кампенсацыі 300 базавых велічыняў.

Тыя, каму пашанцавала сёння патрапіць на суд блогераў.
Фота: Белсат

Адвакаты блогераў заявілі хадайніцтвы пра вяртанне абвінавачваных у судовы працэс, каб тыя маглі самастойна выступіць і даць тлумачэнні. (У мінулым паседжанні суддзя Вольга Краўчанка выдаліла Кабанава і Пятрухіна за парушэнне парадку). Хадайніцтва суддзя адхіліла і дала слова дзяржаўнай абвінаваўцы.

Паўтары гадзіны зачытвалася адно толькі абвінавачванне. З яго вынікае, што Кабанава і Пятрухіна судзяць за іхныя відэаролікі на канале «Народный репортёр», пры дапамозе якіх блогеры нібыта заклікалі людзей да супрацьпраўных дзеянняў. Афіцыйна гэта гучыць так: арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парашаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Гэта ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Таксама абодвум блогерам закідаюць абразу прадстаўніка ўлады: арт. 369 Крымінальнага кодэксу. І асобна Пятрухіна вінавацяць у абразе суддзі пры выкананні ім правасуддзя: арт. 391 Крымінальнага кодэксу.

Аб’ектыў
Распачалося першае судовае паседжанне ў справе блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна
2021.02.11 22:18

Паколькі Кабанаў і Пятрухін на судовым працэсе больш не прысутнічаюць, то і паказанняў даваць не могуць. Пастанавілі агаласіць іхныя дасудовыя тлумачэнні. Абодва блогеры не прызналі сваёй віны і назвалі справу супраць сябе палітычна матываванаю. Пятрухін даваць тлумачэнні ў справе адмовіўся цалкам, а Кабанаў з цягам часу стаў збольшага адказваць на пытанні.

З матэрыялаў справы мы даведаліся, што следчых цікавала, хто стваральнік, аўтар і адміністратар каналаў «Народный репортёр», «Страна для жизни» і аналагічных тэлеграм-каналаў. На гэта Кабанаў тлумачыў, што ні ён, ні Пятрухін не ёсць стваральнікамі каналу «Народный репортёр», яны толькі наёмныя працаўнікі – блогеры, якія нават не маюць пастаяннага доступу да адміністравання. А ўладальнік каналу – літоўская фірма. Сувязь з каналам «Страна для жизни» Кабанаў наагул адмаўляў.

Працэс праходзіць без абвінавачаных.
Фота: Белсат

Іншыя цікавыя пытанні, якія следчыя задавалі Кабанаву: хто ім плоціць за іхныя відэа, хто распрацаваў стратэгію каналу «Страна для жизни», ці існуе нейкая сувязь з блогерам Nexta, калі і пры якіх умовах распрацаваная схема вылучэння Ціханоўскага на прэзідэнта, якая роля ўва ўсім Статкевіча і Севярынца ды падобныя. Кабанаў тлумачыў, што не ведае адказаў на гэтыя пытанні.

«У нашых роліках няма нават адміністратыўнага правапарушэння, не тое што злачынства. Канстытуцыя гарантуе нам свабоду меркаванняў, у тым ліку і крытыку ўлады. Вось Лукашэнка кожны дзень усіх крытыкуе, і што? Вы пытаецеся, ці мае наш канал дачыненне да пратэставых маршаў. Я сяджу ў турме. Якія маршы? Ці прымаў я ўдзел у злёце блогераў? Першы раз чую пра такі злёт і нават не ўпэўнены, што ён насамрэч быў», – такія тлумачэнні Кабанава маюцца ў справе.

Таксама Кабанаў казаў следчаму, што сам негатыўна ставіцца да ідэі Ціханоўскага вылучацца кандыдатам на прэзідэнта. Маўляў, палітыкаю маюць займацца палітыкі, а блогеры – блогам. Але тым не менш Кабанаў сказаў, што сам не браў удзелу ў кампаніі Ціханоўскага. Пра Пятрухіна Кабанаў адзначыў, што падтрымлівае з ім выключна прафесійныя стасункі.

Дзяржаўная абвінаваўца адрэагавала на агучаныя тлумачэнні блогераў, што яны не ўладальнікі каналу «Народный репортёр» так: следству гэта вядома, таму ў абвінавачванні сказана – «…у групе з іншымі неўстаноўленымі асобамі».

Адвакаты хадайнічалі пра выклік у суд у тым ліку Сяргея Ціханоўскага ды іншых асобаў, якія згадваюцца ў справе, але суддзя адхіліла гэтае хадайніцтва.

Наступнае паседжанне адбудзецца 19 лютага.

Гісторыі
«У турме стаў беларускамоўным». Хто такі Сяргей Пятрухін, якога разам з блогерам Кабанавым будуць судзіць
2021.02.11 10:50

Вольга Васільева, «Белсат»

Стужка навінаў