«Пазваніў следчы, каб я забрала мужавы рэчы, а я стала плакаць, што мяне пасадзяць у турму»


Размаўляем з жонкаю кіраўніка Ruin Bar Лявона Халатрана.

У спявачкі Яны Смалягі – тоўстая папка лістоў і паштовак з СІЗА, на лядоўні прылеплены канверт, які яе муж-палітвязень падпісаў двайным прозвішчам Халатран-Смаляга, на сцяне – «Космас», які іхны трохгадовы сын Мікаэль стварыў з дасланых бацькам налепак. Кіраўніка Ruin Bar у культурным хабе Ок16 і валанцёра штабу Віктара Бабарыкі Лявона Халатрана затрымалі 11 жніўня ў Менску. Ён абвінавачваецца паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу за групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак, хоць на «групавых дзеяннях» яго нават не было. Пракурор запытаў для палітвязня 2 гады абмежавання волі. Пастанова суда будзе агучаная на пасяджэнні 17 лютага.

Лісты ад палітвязня Лявона Халатрана. 12 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат.

Усе гэтыя месяцы Яна выхоўвае сына адна. Мікаэль пытаецца, калі прыедзе тата, расказвае, што яны зробяць, калі той вернецца, выконвае заданні, якія Лявон малюе для яго ў СІЗА. Маці даводзіцца тлумачыць, што бацька прыедзе, як толькі зможа, што адсутнічае ён не па сваім выбары і ніколі б ад сына не сышоў. Мікаэль доўга казаў, што тата прыедзе ўзімку. Яна і сама была ўпэўненая, што зімой ейны муж ужо будзе дома, да Новага года дык дакладна, але цяпер яму пагражае 2 гады пазбаўлення волі.

Калі 11 жніўня Яна не змагла датэлефанавацца да Лявона, зразумела, што нешта не так.

«Ён заўсёды адказвае на званкі. Тады ўсё было на нервах, я была ў бацькоў у Барысаве і бачыла, што там адбывалася: людзей проста «мачылі», сілавікоў было вельмі шмат, яны былі як прусакі. Я моцна перажывала і ўвесь час званіла мужу, праз паўгадзіны пасля чарговай размовы ён не адказаў, і я адразу зразумела, што ўсё».

Лявона затрымалі, калі ён выйшаў са сваёй кватэры. За кратамі ён застаецца нібыта за ўдзел у масавых беспарадках на вуліцы Максіма Багдановіча і праспекце Машэрава ў ноч на 10 жніўня, калі насамрэч ён быў у штабе.

Яна Смаляга.
Фота: ТК / Белсат

Два разы хлопца нібыта адпускалі. Праз тры дні пасля затрымання далі падпіску аб нявыездзе і накіравалі на медычную экспертызу ва ўпраўленне Следчага камітэту: Лявон сведчыў, што яго білі, патрабуючы пароль ад тэлефона. Задакументаваць факт узбіцця яму не далі, затое раптам змянілі меру стрымання на ўтрыманне пад вартаю. У кастрычніку Лявона збіраліся адпусціць пад асабістае даручальніцтва: да 9-й раніцы выклікалі бацьку з Віцебску, але сына пад сценамі СІЗА той так і не дачакаўся.

Налепкі, якія Лявон Халатран дасылае з СІЗА. 12 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат.

Перад каталіцкім Раством Яне дазволілі два спатканні з мужам.

«Мы ўбачыліся ўпершыню за некалькі месяцаў. Спачатку было жорстка: гэты антураж, на цябе «гаўкаюць», з тваім мужам размаўляюць камандным тонам. Але потым нязручнасці згладзіліся, і мне хацелася гаварыць і гаварыць. Тады ён расказаў мне, што яго білі, абражалі, маўляў, «чарнамазы» і «чарнадупы». Я плакала, а ён такі: «Ну, мяне трошку білі». Складана прымаць, што такое можа быць, што за пароль да твайго тэлефона цябе могуць збіваць, і што робяць гэта не бандыты, а дзяржаўная структура. Як на мяне, калі Лявон агучыў пра збіццё на судзе, суддзя мусіла была ўстаць і сказаць: «Божа мой, вас білі, што за херня?» – а яна такая: «Угу, угу».

Мікаэль, сын Яны і палітвязня Лявона Халатрана. 12 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат.

«Я баялася нават аддваць Мікушу ў дзяржаўны садок»

Яна разам з Лявонам ужо сем гадоў. Ажаніліся яны пасля нараджэння Мікаэля: дзяўчына тады выйграла Грын-карту, і пара скарысталася ёй, каб двойчы з’ездзіць у ЗША. З’ездзіць, але не пераехаць: вырашылі, што хочуць нешта зрабіць у Беларусі.

«Амерыка стоадсоткава мне падыходзіць: там адчуваеш унутраную свабоду, людзі адкрытыя, ніхто ні з кім не баіцца размаўляць. А калі ў Беларусі ідзеш і нешта сабе спяваеш, усе думаюць: «Нейкая чэканутая». Тым не менш, мы вырашылі застацца – тут усё такое роднае».

Калі мужа затрымалі, Яна вырашыла некаторы час пабыць у бацькоў: страшна было вяртацца дадому.

«Мая мама тады шмат плакала і паліла, а я не магла дазволіць сабе эмоцыі пры бацьках, затое вельмі добра спала – сон быў маім выратаваннем».

Урэшце дзяўчына ўсё ж пераехала назад:

Фатаграфіі Лявона Халатрана. 12 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат.

«Першы час я баялася аўтамабіляў, якія праязджаюць міма, баялася заставацца адна, баялася, што мяне забяруць, а я з дзіцёнкам. Перад тым, як выйсці з кватэры, я ўсё аглядала, і хадзіла максімальна хутка. Неяк мне патэлефанаваў следчы, каб я забрала рэчы Лявона, а я стала плакаць, маўляў, яны мяне затрымаюць і пасадзяць у турму. Ён сказаў: «Ніхто вас не будзе чапаць, вы тут не пры чым». Але нічому з дзяржаўнага ты ўжо не давяраеш, спачатку я нават баялася аддаваць Мікушу ў садок: гэта ж дзяржаўная ўстанова, раптам як-небудзь я прыйду, а яго няма, яго аддалі ў дзіцячы дом. Урэшце ў Следчым камітэце мяне не затрымал,і і мне стала спакайней».

Калі спачатку Яна не магла ні глядзець фільмаў, ні слухаць музыкі, то цяпер піша песні, выпускае трэкі, і гэтым яна выратоўваецца.

«Пэўны час я пастаянна была занятая музыкай, і гэта адцягвала ўвагу. Лявон перажывае за маю творчасць і просіць працягваць рабіць тое, што я рабіла. Нарэшце я зноў пачала слухаць музыку іншых. Лявон пісаў: маўляў, на канале «Беларусь-2» круцяць такія і такія трэкі, і казаў, якія яму спадабаліся. Цяпер я гляджу серыялы, звычайна пра суды. Мне таксама вельмі дапамагае падтрыманне людзей: здавалася б, гэта толькі тваё гора, таму калі на тваю праблему так адгукаюцца, гэта натхняе».

Яна, жонка палітвязня Лявона Халатрана. 12 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат.

Пасля затрымання Лявона ўся адказнасць за Мікаэля і за ўтрыманне сям’і паклалася на Яну.

«Раней я магла пакінуць Мікушу з бацькам, а цяпер усё на мне, усе ягоныя хваробы, а я з-за іх моцна перажываю. Натуральна, узнікаюць грашовыя пытанні, бо грашовы аспект заўсёды быў на Лявону. Ён вельмі непакоіўся, ці не галадаем мы тут, ці ўсяго нам хапае, але ў гэтым сэнсе мы дастаткова лайтова ўсё пераносім».

«Ты ў любым выпадку будзеш трымацца дзеля дзіцяці. Пару разоў я плакала ў прысутнасці сына, але тлумачыла, што проста стамілася. Эмацыйна ў мяне пастаянныя арэлі, кожны тыдзень-два ўсё мяняецца. Першыя месяцы было дрэнна ўдзень, а ноччу я проста моцна засынала. Пазней днём было ўсё нармальна, а ўначы я не магла спыніць патоку слёз. Я ўвогуле не люблю спаць адна, бо мне здаецца, што дзверы мяне не абараняюць, але давялося прызвычаіцца. Калі я вярнулася з Барысава, Мікуша засынаў, а я пачынала пра ўсё гэта думаць, мне сніліся сны. Перад судом Лявон сніўся ў нейкім акварыуме, за шклом, я прачыналася, выдыхала, а потым зноў вярталася ў гэтае ж месца – нейкае катаванне сном».

Яна, жонка палітвязня Лявона Халатрана. 12 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат.

«Сыну кажу, што ягоны бацька – герой»

У адным з першых лістоў жонцы Лявон напісаў, што ў ёй сканцэнтраваная ягоная любоў да Беларусі.

«Калі мы пазнаёміліся, у мяне была актыўная стадыя беларусізацыі, я слухала шмат народных песень». Хлопец дасылае сям’і паштоўкі, налепкі, адмысловыя малюнкі для сына. Часам аздабляе лісты выразанымі з туалетнай паперы лагатыпамі «Yanka»: жартуе, што не здраджвае ёй ужо паўгода.

Яна, жонка палітвязня Лявона Халатрана. 12 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат.

Яна лічыць, што Лявон трапіў пад «гарачы хапун», маўляў, нават следчы гэта разумее і кажа, што так, тут, відаць, нейкая памылка. «Але я ўсведамляю, што дадуць тэрмін, а не скажуць: «Лявон Халатран, прабачце нас, калі ласка, вы свабодны, вось вам грошы за тое, што адседзелі паўгода». Ён малайчына, добра трымаецца, хоць перад судом хваляваўся, прасіў перадаць яму заспакаяльныя таблеткі. Ён перажываў, каб на судзе не выглядаць неяк жаласна, але я не падзяляю гэтых перажыванняў: убога тут усё роўна выглядае не ён. Нават калі б ён стаяў на каленях і плакаў, усё роўна ўбога выглядаў бы не ён».

Дзяўчына заспела сябе на тым, што моцна не пакутуе, але і сапраўднай радасці больш не адчувае, хоць за гэты час здарылася дастаткова падзеяў, якім можна было радавацца.

«Цяпер ты проста думаеш: «Ну ОК, гэта добра». Калі Лявона адпусцяць, я, напэўна, усё роўна не змагу вярнуцца да ранейшай здольнасці радавацца, бо гэта, мне здаецца, зацяжная гісторыя, яе трэба неяк прапрацоўваць. І ў цэлым, пакуль сітуацыя ў краіне не вырашыцца, нельга быць спакойным: ладна, мужа адпусцяць, а дзе гарантыя, што не забяруць назад, што не возьмуць мяне? Здаецца, гэта нейкі вар’яцкі дом, чытаеш навіны і думаеш, як такое ўвогуле магчыма. А хочацца чытаць і думаць: «О, так і павінна быць». Можа быць, хіба тады адчуванне шчасця і стабільнасці вернецца ў гэты дом».

Лісты ад палітвязня Лявона Халатрана. 12 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат.

Яна часта ўяўляе, як пасля вызвалення бацька сустракаецца з Мікушам, і больш за ўсё хвалюецца за сына, бо яны – дарослыя – з усім гэтым неяк дадуць рады. «Я гатовая нікуды не лезці і нічога не рабіць, толькі каб нас пакінулі ў спакоі. Я не вельмі такі баец».

«Сыну я кажу, што ягоны бацька – герой. На пытанне, калі прыедзе тата, кажу: «Калі мы пераможам». Ён пытаецца, хто павінен перамагчы, і я адказваю: «Беларусь». Часам ён прыходзіць з садка і размалёўвае мне мілыя дзіцячыя стратэгіі, як Беларусь перамагае».

Ліст ад палітвязня Лявона Халатрана. 12 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат.

Ірэна Кацяловіч, Belsat.eu

Стужка навінаў