«Супраць мірных грамадзянаў выкарысталі ўзброеныя сілы». У судзе назвалі вайскоўца, які забіў Генадзя Шутава


Вайскоўцы, якія забілі Генадзя Шутава, ехалі на заданне на гарадскім тралейбусе з пісталетамі Макарава ў паясных торбачках. Але пасля следства забойцы аказаліся пацярпелымі, а ў абласным судзе Берасця судзяць сябра Генадзя Шутава і сведку здарэння – Аляксандра Кардзюкова. На думку праваабаронцаў, гэты суд адбываецца, каб апраўдаць выкарыстанне зброі і забойства.

Суд над Аляксандрам Кардзюковым.
Фота: Белсат

Судовы працэс распачаўся 16 лютага ў судзе Берасцейскай вобласці. Справу разглядае суддзя Святлана Крамянёўская, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Генадзь Буры.

Першапачаткова Аляксандра Кардзюкова абвінавачвалі ў супраціве працаўніку органаў унутраных справаў (ч. 2 арт. 363 КК РБ). Паводле гэтага артыкулу яму пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі ў замах на забойства – паводле ч. 2 арт. 139. Цяпер Аляксандру пагражае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.

Што адбылося

Вечарам 11 жніўня мінулага года Генадзь Шутаў і Аляксандр Кардзюкоў разам апынуліся на вуліцы Маскоўскай у Берасці. Недалёка ад гэтага месца пачалі збірацца людзі. Вечар скончыўся трагічна: Генадзь Шутаў быў смяротна паранены і памёр 19 жніўня ў менскім вайсковым шпіталі, а Кардзюкова затрымалі, і з таго часу ён застаецца ў СІЗА, спачатку ў Берасці, потым на Валадарскага ў Менску, а цяпер зноў у СІЗА №7 у родным горадзе.

Што казалі на судзе

Не ўсе ахвотныя змаглі трапіць на гэты працэс, шмат каго не пусцілі, спасылаючыся на адсутнасць месцаў у зале. Але тыя, хто трапіў на судовы працэс, казалі, што месцы ў памяшканні яшчэ заставаліся.

Згодна з абвінавачваннем, Шутаў і Кардзюкоў напалі на міліцыянтаў: яны «наносілі ўдары, выкарыстаўшы металічную трубу, а таксама спрабавалі завалодаць агнястрэльнай зброяй, што пацвярджаецца матэрыяламі, якія ёсць у следства. Папярэдне ўстаноўлена, што, перарываючы супрацьпраўныя дзеянні тых, хто нападаў, праваахоўнікі ўжылі фізічную сілу. Адзін з іх, успрымаючы дзеянні падазраваных як рэальную пагрозу жыццю і здароўю і спыняючы спробы завалодаць табельнай зброяй, ужыў у дачыненні нападніка зброю, стрэліўшы ў кірунку пляча. Аднак з прычыны працяглага актыўнага супраціву мужчыны ненаўмысна параніў яго ў вобласць галавы».

Пацярпелыя ў гэтай справе – двое вайскоўцаў з вайсковай часткі 89417, якая базуецца ў Мар’інай Горцы: капітан Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсеній Галіцын.

Пацярпелыя, Раман Гаўрылаў і Арсень Галіцын.
Фота: Белсат

Як яны аказаліся так далёка ад сваёй вайсковай часткі, растлумачыў на судзе Гаўрылаў, які ў выніку і зрабіў смяротны стрэл.

«У Берасце мы прыехалі яшчэ да выбараў для ўдзелу ў спаборніцтвах на берасцейскім палігоне. Пасля выбараў нашае падраздзяленне выклікалі ў АМАП і паставілі задачы выяўляць небяспечных пратэстоўцаў, далі зброю. 11 жніўня паступіла каманда з цэнтру Берасця ехаць на Усход, была інфармацыя, што там збіраюцца пратэстоўцы. Мы паехалі на тралейбусе, з сабой у нас былі пісталеты», – кажа Раман Гаўрылаў.

Калі Гаўрылаў і Галіцын прыехалі ў раён Усходу, яны пабачылі Шутава і Кардзюкова. Мужчыны падаліся вайскоўцам падазронымі, таму да іх і падашлі, кажа Гаўрылаў.

Кардзюкоў сказаў у судзе, што з сабой у яго быў адрэзак трубы для самаабароны – на ўсялякі выпадак. Яны з Шутавым сядзелі на парапеце і назіралі вакол. Потым падышлі да вайскоўцаў, запыталі, што адбываецца, і Гаўрылаў штурхнуў Шутава. Кардзюкоў «даў здачы».

Гаўрылаў кажа, што Шутаў і Кардзюков біліся з імі. Ён зрабіў папераджальны стрэл, потым хацеў стрэліць Шутаву ў плячо, але трапіў у патыліцу, потым надаў першую дапамогу.

Суддзя запыталася ў Гаўрылава, чаму ён цэліўся не ў нагу Шутаву. Той адказаў, што баяўся трапіць у сябе.

На пытанне, ці мог Гаўрылаў не страляць у патыліцу Шутаву і захаваць яму жыццё, той адказаў:

«Я зрабіў усё, што мог. Я дрэнна сябе адчуваў».

Пазней Гаўрылаву стала дрэнна, медыкі дыягнаставалі ў яго чэрапна-мазгавую траўму. Адвакат Кардзюкова звярнуў увагу на тое, што ў медычных даведках, якія ўтрымліваюцца ў матэрыялах справы, чатыры розныя тлумачэнні наконт таго, якім чынам ён атрымаў траўмы. Гаўрылаў патлумачыў гэта тым, што не хацеў раскрываць акалічнасцяў атрымання цялесных пашкоджанняў.

«Супраць мірных грамадзянаў былі выкарыстаныя ўзброеныя сілы»

«Складаная справа, на відэа не бачна гэтых падзеяў, хто наносіў удары. Фактычна словы гэтых вайскоўцаў – супраць словаў Аляксандра Кардзюкова», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Праваабаронца Раман Кісляк.
Фота: Белсат

Ён звяртае ўвагу, што ў сведчаннях вайскоўцаў ёсць відавочныя супярэчнасці: прадстаўнікі вайсковай часткі, якія спрабавалі затрымаць Шутава і Кардюкова, а ў выніку застрэлілі Шутава, не назваліся, не паказвалі пасведчанняў, гэтага няма нідзе ў паказаннях.

«Супрацоўнікі вайсковай часткі з Мар’інай Горкі тлумачаць сваю прысутнасць у Берасці тым, што ў тыя дні ў горадзе былі масавыя беспарадкі. Хоць у паказаннях нідзе не зафіксавана, што беспарадкі насамрэч былі, ішла гаворка аб несанкцыянаваных сходах.

Па сутнасці, гэта была спецаперацыя. Я ў той час быў у СІЗА, і бачыў 11 жніўня, якая была істэрыя ў супрацоўнікаў міліцыі і КДБ, яны былі на ўзводзе. Гэта была спецаперацыя для застрашвання грамадзянаў: іх лавілі, збівалі, ставілі на калені. І гэтыя супрацоўнікі, якія кажуць, што яны баяліся, фактычна застрэлілі Генадзя Шутава», – кажа Раман Кісляк.

Гэты судовы працэс, на думку Кісляка, патрэбны, каб апраўдаць сілавікоў і выкарыстанне зброі.

«Гэтых вайскоўцаў выпусцілі ў горад толькі з пісталетамі, ніякіх іншых сродкаў абароны, як яны тлумачылі, у іх не было. У прыватнасці, Гаўрылаў кажа, што яны не праходзілі адмысловага рыхтавання, фактычна гэта былі вайскоўцы ў горадзе, якія ўмеюць страляць. Асноўная задача вайскоўцаў – абараняць нас ад вонкавага ворагу, а не хадзіць па вуліцах гораду і страляць грамадзянаў.

Тут вінаватыя не толькі гэтыя супрацоўнікі, а кіраўніцтва вобласці і гораду, якое прыцягнула да гэтых дзеянняў сілы спецыяльных аперацый, супраць мірных грамадзянаў былі выкарыстаныя ўзброеныя сілы», – кажа ў размове з «Белсатам» праваабаронца Раман Кісляк.

«Яны сядзяць разам з намі, і іх называюць пацярпелымі»

Сястра Аляксандра Кардзюкова Марына не хавае свайго абурэння гэтым судовым працэсам.

«У гэтым судзе мяне здзівіла, што пацярпелых ніхто не хавае, што яны сядзяць разам з намі, і самае цікавае, што іх называюць пацярпелымі. Хоць я так не лічу, як, думаю, і ўсе астатнія. Я бачу, што яны блытаюцца ў паказаннях. На нармальным пасяджэнні наш адвакат разбіў бы іх у пух і перʼе», – кажа Марына.

Суд над Аляксандрам Кардзюковым працягнецца 17 лютага.

Hавiны
Суд Андрэевай і Чульцовай: якія словы са стрыму палічылі заклікам?
2021.02.16 16:28

AC, belsat.eu

Стужка навінаў