Cкладу злачынству ў смерці гомельца Аляксандра Віхора не знайшлі. А на жанчыну, якая казала, што яго збівалі дручкамі, завялі справу

Следчы камітэт закрыў праверку па факце смерці гомельца Аляксандра Віхора, піша БелТА. Летась 11 жніўня Віхору прысудзілі 10 содняў арышту, а ўжо ўначы 12-га ён памер. Складу злачынству ў ягонай смерці не знайшлі.

Начальнік упраўлення СК па Гомельскай вобласці Сяргей Удовікаў сцвярджае, што прычынай смерці Аляксандра Віхора сталі хваробы сэрцава-судзіннай сістэмы, якія раптоўна абвастрыліся.

Віхора затрымалі 9 жніўня на плошчы Леніна ў Гомелі. Ён нібыта спрабаваў вырвацца – менавіта гэтым сілавікі абгрунтавалі ўжыванне ў дачыненні яго фізічнай сілы. Паводле Удовікава, у РАУС, а пасля і ў ІЧУ ніякіх скаргаў на здароўе ад хлопца не было.

11 жніўня суд прысудзіў Віхору 10 содняў арышту. Сваю віну ён быццам прызнаў. Пасля суда яго даставілі ў Чыгуначны РАУС, а пасля канваявалі ў СІЗА, дзе яго агледзеў фельдшар. З «прыкметамі псіхічнага расстройства» яго накіравалі на абследаванне ў псіхіятрычную лякарню. Там ягоны стан пагоршыўся – хлопца адвезлі ў рэанімацыю, дзе ён памёр 12 жніўня ў 03:35.

Маці хлопца Святлана Віхор на пахаванні сына эмацыйна звярнулася да прысутных:

«Тыя, хто быў з сынам побач, прасілі, каб яму надалі дапамогу. Але ніхто гэтага не зрабіў! Яму нельга было там заставацца, ён там задыхаўся! Тыя, хто быў побач, адгукніцеся. Трэба даказаць, што дзіця маё не памерла. Мой сын загінуў! Я хачу дамагчыся, каб пакаралі тых, хто яго катаваў!»

У Гомлі развіталіся з Аляксандрам Віхорам. Ён стаў другой ахвярай міліцэйскага бязмежжа

Тых, хто яго катаваў, караць не хочуць, затое завялі справу на жанчыну, якая 15 жніўня ля будынку Гомельскага аблвыканкаму казала праз мегафон, што пры затрыманні Аляксандра Віхора білі дручкамі. Сілавікі сцвярджаюць, што гэта інфармацыя не адпавядае сапраўднасці.

ЯП belsat.eu

Hавiны