Прадстаўнік Сейму патлумачыў, чаму забарону на транзіт калію ў Літве будзе немагчыма абысці


Кіраўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Кашчунас распавёў у эфіры «Белсату», што любая прыватная кампанія, якая захоча транспартаваць беларускія ўгнаенні праз тэрыторыю Літвы, мусіць спачатку звярнуцца ў парламенцкую камісію.

Кашчунас адзначыў, што шанцы абысці забарону на транзіт беларускіх угнаенняў у Літве амаль нулявыя, бо любой кампаніі (у тым ліку прыватнай) прыйдзецца звяртацца спачатку за дазволам у парламенцкую камісію, а ў камісіі лічаць такі транзіт пагрозай нацыянальнай бяспецы. Кашчунас пацвердзіў, што кіраўнік «Літоўскай чыгункі» страціў сваю пасаду менавіта таму, што кантракт з «Беларуськаліям» не трапіў на разгляд парламенцкай камісіі.

«Ён быў добрым дырэктарам, ён усё рабіў для павялічання прыбытку сваёй кампаніі, але ён зусім не ўлічваў пытанні нацыянальнай бяспекі», – дадаў ён.

Пры гэтым Кашчунас не можа выключаць, што прыватныя кампаніі з іншых краінаў Балтыі могуць паспрабаваць абысці санкцыі. «Можа дзяржава Латвія не будзе гэтага рабіць, але прыватныя кампаніі могуць мець інтарэс… Нюансы ёсць. Менавіта таму лепш, калі санкцыі будуць гарманізаваныя на ўзроўні ЕЗ».

Раней Аляксандр Лукашэнка пагражаў цалкам перакрыць транзіт у Літву, калі пад забарону трапіць транзіт беларускіх угнаенняў. Але Кашчунас упэўнены, што захады афіцыйнага Менску ў адказ не будуць моцным рычагом ціску на Літву.

Цалкам размову з Лаўрынасам Кашчунасам можна паглядзець у праграме «Тыдзень».

РР belsat.eu

Стужка навінаў